Беларуска пакінула п'едэстал, бо ўключылі гімн іншай краіны
абноўлена; дадалося відэа і каментар дзяўчыны
Урачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод прызёрцы спаборніцтваў у трайным скачку ў дзяўчат на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы (U-20) па лёгкай атлетыцы ў італьянскім Грасэта завяршылася скандалам, паведамляе Tut.by са спасылкай на афіцыйны сайт БФЛА.
22.07.2017 / 21:17
Першае месца ў гэтым відзе праграмы заняла беларуская спартсменка Віялета Скварцова. З-за тэхнічнай памылкі ў гонар новай чэмпіёнкі зайграў гімн іншай краіны (Босніі і Герцагавіны).
Беларуска пры першых гуках «няправільнага» гімна без якіх-небудзь парадаў з боку прадстаўнікоў зборнай пакінула верхнюю прыступку пастамента і адмовілася падымацца туды нават пад пагрозай магчымай дыскваліфікацыі. Санкцый не было.
«У першыя долі секунд я спачатку не зразумела, там ішло ўступленне, — пазней прызналася Віялета. — Я падумала, напэўна, іншая версія гімна. А потым стала вельмі крыўдна за краіну, за сябе.
З боку арганізатараў — гэта была велізарная памылка. Я пачакала пакуль падымецца наш сцяг, пасля я сышла з п'едэстала. Там і стаяла да канца гімна нейкай краіны. Я разумела, што парушаю працэдуру цырымоніі ўзнагароджання і могуць быць санкцыі. Аж да пазбаўлення медаля. Але ў той момант мне было вельмі непрыемна, што гучыць гімн не маёй краіны, не маёй Радзімы, за якую я выступаю. Усё ж такі мы столькі сіл трацім для гэтага імгнення.
Для мяне гэта вельмі важна. Я настройваюся. Вельмі хацела прабегчы з сцягам, што і зрабіла пасля выступу. І, вядома ж, стоячы на п'едэстале, хацела пачуць гімн сваёй краіны.
Лічу, што трэба паважаць і любіць сваю Радзіму. Я патрыётка сваёй краіны. Я нарадзілася ў Беларусі, якая вельмі прыгожая.
Маю любоў да Радзімы немагчыма выказаць словамі. Я заўсёды сумую па доме, дзе б ні была. Я дастаткова ў многіх краінах пабывала, паездзіла па свеце і кожны раз вяртаюся ў Беларусь з радасцю. Я б хацела пажадаць спартсменам, маім равеснікам і ўсім-усім любіць сваю краіну, паважаць тое месца, дзе мы нарадзіліся, шануйце гісторыю!», — сказала спартсменка.
Варта заўважыць, што арганізатары хутка зразумелі сур'ёзнасць свайго ляпу і, папярэднічаючы ўжо падрыхтаваны беларускім бокам пратэст, выбачыліся і прапанавалі правесці цырымонію ўзнагароджання паўторна.