Пакуль сезон. Гэты шыкоўны пірог са слівамі варта спячы як найхутчэй
Гэты пірог аўтарства вядомай стваральніцы кулінарных кніг Доры Грынспэн я прапаную спячы як найхутчэй: цалкам імаверна, што вам захочацца паўтарыць яго не раз і не два, пакуль на слівы яшчэ сезон.
30.09.2017 / 12:38
Спалучэнне водараў, тэкстур і смакаў у ім проста неймавернае, асабліва калі ўзяць цэлы кардамон і самастойна змалоць духмяныя зярняткі ў ступцы.
Калі любіце больш ягад у выпечцы, вазьміце вялікую плоскую форму і кладзіце слівы шчыльненька. Калі вам важнейшае цеста (а тут яно сапраўды вельмі смачнае незалежна ад сліў), можна ўзяць форму паменш, але вышэйшую. У любым выпадку, упэўненая, вынік вас парадуе.
Вам спатрэбіцца:
- 1 1/2 шклянкі мукі
- 2 ч.л. разрыхляльніку
- 1/4 ч.л. солі
- 1/4 ч.л. молатага кардамону
- 70 г масла пакаёвай тэмпературы
- 3/4 шклянкі цукру
- 2 вялікія яйкі
- 1/3 шклянкі алею без паху (у мяне сланечнікавы рафінаваны)
- нацёртая цэдра 1 апельсіна
- 10 сліў (ці больш, залежыць ад іх памеру і формы, у якой будзеце пячы)
Як рабіць:
1. Парэзаць слівы напалам, выняць косткі.
2. Масла крыху ўзбіць, дадаць цукар, узбіваць разам каля дзвюх хвілін. Дадаць па адным яйкі, узбіваючы пасля кожнага яшчэ па хвіліне.
3. Дадаць алей і цэдру апельсіна, добра перамяшаць міксерам.
4. У асобнай місцы змяшаць муку, соль, разрыхляльнік і кардамон.
5. Высыпаць муку з дадаткамі ў масляную сумесь, хутка перамяшаць.
6. Выкласці цеста ў змазаную маслам і прысыпаную мукой форму, разраўняць. Выкласці слівы разрэзам уверх.
7. Пячы каля 40 хвілін на 180ᵒС.
Чытайце таксама: