«Я суткамі ляжала нерухома». Шчырая гісторыя адной перамогі над дэпрэсіяй
У сацсетках набірае абароты флэшмоб #faceofdepression.
07.10.2017 / 11:10
Яго запусціла ўдава вакаліста «Linkin Park» Чэстэра Бэнінгтана. Талінда выклала ў сеціва ролік, дзе Чэстэр весела бавіць час з сям’ёй, пасміхаецца. Да яго самагубства ў той момант заставалася 36 гадзін.
Жанчына хацела прадэманстраваць, што дэпрэсія не мае твару: сёння чалавек можа пасміхацца, а заўтра яго не стане. Усім нам варта быць больш уважлівымі да блізкіх.
Пасля гэтага сотні людзей пад тэгам #faceofdepression пачалі дзяліцца ўласнымі гісторыямі барацьбы з дэпрэсіяй. Свая ёсць і ў Кацярыны Ажгірэй, стваральніцы канала пра ментальнае здароўе Unmental. Але перад тым, як пачаць дапамагаць іншым, Каці давялося навучыцца гэтаму самой.
Спецыяльна для «Ніны» Каця ўзгадала непрыемныя моманты расстройства і заклікае іншых, для каго гэта таксама актуальна, не маўчаць.
Кацярына Ажгірэй.
Першыя прыкметы дэпрэсіі… Гэта быў вельмі моцны стрэс, а пасля — панічныя атакі. Арганізм усімі сіламі папярэджваў, што нешта ідзе не так. Але я працягвала цягнуць на сабе мноства спраў, навучанне і нездаровыя адносіны.
У адзін момант у мяне здарыўся надлом: я вярнулася дахаты пасля жудаснай панічнай атакі і злягла. Зусім.
Я ляжала суткамі. Без жадання есцi, жыць і што-небудзь рабіць. Падымацца раніцай, чысціць зубы. Не памятаю, як я жыла тыя чатыры месяцы. Памятаю толькі, што нейкім чынам прымушала сябе схадзіць на заняткі, вярталася дахаты і спала. Вельмі шмат спала.
Тады звярнуцца да тэрапеўта было страшна, у мяне нават думкі такой не ўзнікала. Гэта паходзіла на грып, але для эмоцый. Праз знаёмых мне выпісалі таблеткі, якія дапамаглі вярнуцца да нармальнага жыцця: стабільнага сну, сілкавання і жадання выходзіць у свет.
У момант, калі я толькі асэнсавала свае праблемы, мне было б вельмі важна ўбачыць пост, дзе кажуць не «Забей!», «Не заганяйся!», а наадварот — падтрымліваюць адно аднаго. Словам ці фотаздымкам. Таму флэшмоб #faceofdepression сапраўды важны.
Ён як спроба людзей быць шчырымі. У першую чаргу, з самімі сабой.
Калі вы адчуваеце, што з вамі нешта не так, лепш кажыце пра гэта. Я маўчала шэсць гадоў. Нават бацькам не вырашалася расказаць пра тое, што са мной адбываецца. І гэта было вялікай памылкай.
Дэпрэсія не мае твару, і флэшмоб #faceofdepression гэта даказвае.
Фота, што вышэй, зроблена ў перыяд, калі, апроч як спячы пірог ці прагуляцца з сабакам, ні на што не заставалася сiлы. А падарожжы, нават у блізкую вёску, паходзілі на палёт у Космас, у які мне ніколі не выйсці.
На шчасце, ужо двойчы за гэты год я выязджала за межы Беларусi. Тое, што аднаму даецца проста, для іншага — цэлая перамога. Таму ніколі не кажыце ніколі.
Сапраўдная моц хаваецца ў вельмі простых рэчах — прыняцці ўласнай слабасці, напрыклад.
Не трэба баяцца ўласных «разыначак».
Перыяд дэпрэсіі — вельмі складаны і сапраўды страшны. Але калі вы прызнаеце яго часткай сябе і перастанеце ўсляпую некуды бегчы — гэта глыбіня можа многаму навучыць. Спуск будзе небясконцым.
Галоўнае — своечасова звярнуцца па дапамогу да дактароў ці сваякоў. Гэта хвароба, дыягназ (называйце, як заўгодна), які лечыцца.