Харві Вайнштэйн звольнены з уласнай кампаніі за сэксуальныя дамаганні
Знакаміты амерыканскі кінапрадзюсер Харві Вайнштэйн, абвінавачаны ў сэксуальных дамаганнях, звольнены з кампаніі Weinstein Company, саўладальнікам якой ён з'яўляецца.
09.10.2017 / 13:42
Харві Вайнштэйн. Фота leonardo.osnova.io.
У заяве Weinstein Company гаворыцца, што рашэнне аб звальненні Вайнштэйна было прынята неадкладна праз з'яўленне інфармацыі пра неправамерныя паводзіны кінапрадзюсара.
Вайнштэйн — адзін з самых вядомых прадзюсараў Галівуда. Ён працаваў над такімі фільмамі як «Закаханы Шэкспір», «Кароль прамаўляе!», «Забіць Біла», «Банды Нью-Ёрка», «Крымінальнае чытво», «Джанга вызвалены» ды «Мярзотная васьмёрка».
Яго нечаканае звальненне стала наступствам публікацыі ў New York Times, якая выйшла на мінулым тыдні. Журналісты выдання паведамілі пра абвінавачванні Вайнштэйна ў сэксуальных дамаганнях да маладых акторак і супрацоўніц яго кінакампаніі. Па дадзеных газеты, сведчанні пацярпелых жанчын кажуць пра тое, што такія паводзіны былі характэрныя для кінапрадзюсара на працягу як мінімум трох дзесяцігоддзяў.
Раней 65-гадовы кінапрадзюсар выбачыўся за свае паводзіны і заявіў, што плануе ўзяць у бліжэйшы час адпачынак за свой кошт.
«Тое, як я паводзіў сябе ў адносінах да калег у мінулым прынесла ім шмат болю, і я шчыра прашу за гэта прабачэння», — сказаў Вайнштэйн.
Аднак пазней ён заявіў, што падасць у суд на газету за публікацыю, у якой гаварылася, што як мінімум з васьмю жанчынамі, якія абвінавачваюць яго ў дамаганнях, яму ўдалося дамовіцца ў пазасудовым парадку.
Вайнштэйн — адзін з самых уплывовых людзей у Галівудзе, які з'яўляецца сузаснавальнікам кінакампаній Miramax і Weinstein Company.
Абвінавачванні ў яго адрас, па дадзеных газеты, паступілі ў асноўным ад маладых жанчын, якія спадзяваліся зрабіць кар'еру ў кінаіндустрыі. У ліку жанчын, якія абвінавацілі Вайнштэйна ў дамаганнях, — вядомыя амерыканскія актрысы Эшлі Джад і Роўз Макгоўэн.