Беларуска Марына Лінчук з'явілася на вокладцы іспанскай версіі Vogue ФОТА
Беларуская мадэль з сусветным імем Марына Лінчук трапіла на вокладку вясельнага дадатку да іспанскага глянцавага часопіса Vogue.
09.10.2017 / 18:41
Фота Trendspace.
Здымкам вокладкі дзяўчына падзялілася на сваёй старонцы ў інстаграме.
Марына Лінчук нарадзілася ў 1987 годзе, мадэльную кар'еру пачала ў 13 гадоў у беларускай сталіцы, у 15 гадоў пачала працаваць у маскоўскім агенцтве.
Значнай падзеяй для дзяўчыны стала фотасесія ў знакамітага фатографа Стывена Мейзела. За гады працы беларускай супермадэлі пашчасціла супрацоўнічаць з такімі брэндамі як Christian Dior, Gap, Versace, Louis Vuitton, Escada, Dolce&Gabbana, Max Mara і іншымі.
Раней яна ўжо не аднойчы красавалася на вокладцы Vogue — з'яўлялася на старонках расійскай, італьянскай, японскай, турэцкай, нямецкай, мексіканскай, іспанскай і партугальскай версій часопіса. Таксама яна пазіравала для Harper's Bazaar, Numéro, Glamour і ELLE.
У 2009 годзе французскі Vogue назваў Марыну Лінчук у ліку 30 найлепшых мадэляў 2000-х гадоў, паставіўшы яе ў адзін шэраг з Жызэль Бюндхен, Наталляй Вадзянавай, Лілі Коўл і іншымі. У 2011 годзе Лінчук была прызнаная мадэллю года па версіі Glamour Russia.