З’явіўся мабільны дадатак — дапаможнік для хворых на рак малочнай залозы 

Дадатак «EmotionSpace» распрацаваны для кабет з самай складанай стадыяй рака малочнай залозы — 4-й, калі хвароба прымае метастатычную форму і распаўсюджваецца на іншыя органы.

25.10.2017 / 18:05

Беларусь стала чацвёртай краінай свету (пасля Германіі, Аўстрыі і Іспаніі), дзе ён будзе даступны для спампоўвання ў App Store ці Google Play. Цалкам бясплатна.

Вось так выглядае «начынка» «EmotionSpace».

Цікава, што стварыла дадатак фармацэўтычная кампанія «Pfizer»: у многіх яна на знаходзіцца на слыху як вытворца віягры. Чаму іх зацікавіла праблематыка рака малочнай залозы? Справа ў тым, што сярод анказахворванняў яно з’яўляецца самым распаўсюджаным (10 % ад астатніх) і знаходзіцца на першым месцы з асноўных прычын смерці. Метастатычная форма малочнай залозы лячэнню, на жаль, не паддаецца. Аднак працягваць жыць з хваробай, кантраляваць яе не толькі можна, але і трэба.

Крыху лічбаў, якія агучыла на прэзентацыі новага мабільнага дадатку загадчыца лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ АМР імя Аляксандрава Яўгенія Шапавал.

Толькі ў Беларусі штогод рэгіструюць больш за 4 тысячы выпадкаў рака малочнай залозы.

Кожны дзень 12 жанчын у Беларусі даведваюцца, што ў іх рак грудзей.

У 30% пацыентаў раннія формы хваробы прагрэсуюць да метастатычнай.

У 7% пацыентак пухліна выяўляецца ўжо ў 4-я стадыі.

Адна з праблем, з якой сутыкаюцца ўсе анкахворыя — гэта эмацыйнае напружанне: пра хваробу часта не хочуць размаўляць ні са сваякамі, ні з доктарам. Для беларусаў жа ў прынцыпе характэрна замоўчванне пачуццяў, таму «EmotionSpace» павінна стаць своеасаблівым дзённікам, з якім пацыенты будуць дзяліцца сваімі эмоцыямі і назіраннямі за арганізмам, а таксама атрымліваць падтрымку ад людзей з такой самай хваробай.

Як гэта працуе?

Вы пампуеце дадатак на тэлефон ці планшэт, рэгіструецеся. Абіраеце адну з 13 эмоцый, якую сёння адчуваеце, абіраеце ступень яе інтэнсіўнасці. Пасля можаце выслаць запрашэнне: прапанову паназіраць за вашым дзённікам любому чалавеку з кантактаў.

Акрамя таго, дадатак падкажа, дзе знаходзяцца бліжэйшыя арганізацыі, што аказваюць псіхалагічную падтрымку жанчынам з анкалогіяй. Пакуль што ў спісе беларускай версіі ёсць толькі псіхалагічная служба РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Аляксандрава, але стваральнікі спадзяюцца, што хутка ён папоўніцца і іншымі арганізацыямі, і тэматычнымі мерапрыемствамі.

Кацярына Карпіцкая, фота Таццяны Кур'ян