Зноў сэксізм! Інтэрнаўтаў абурыла рэклама IKEA пра незамужніх жанчын

26.10.2017 / 21:02

Карыстальнікі сацсетак назвалі сэксісцкім рэкламны ролік мэблевай кампаніі IKEA, які выйшаў нядаўна на кітайскім тэлебачанні. Пра медыяскандал піша ВВС.

«Не называй мяне мамай, калі не можаш прывесці дадому хлопца», — кажа ў рэкламе маладой незамужняй кітаянцы маці падчас сямейнай вячэры. Далей на парозе кватэры з'яўляецца малады чалавек з букетам, а бацькі дзяўчыны радасна пачынаюць упрыгожваць гасціную пры дапамозе элементаў дэкору ад IKEA.

Рэклама выклікала вельмі негатыўную рэакцыю ў сацсетках, яе назвалі сэксісцкай і шкоднай. Карыстальнікі адзначалі, што ў роліку высмейваюцца адзінокія жанчыны, а таксама абясцэньваецца асоба жанчыны толькі таму, што ў яе няма бойфрэнда. Пасля гэтага мэблевая кампанія вымушаная была папрасіць прабачэння перад аўдыторыяй і паведаміць, што прыбярэ дадзены ролік з эфіру.

У заяве сказана, што кампанія прыносіць свае прабачэнні за тое, што «стварыла няправільны вобраз». «Гэтая рэклама павінна была паказаць, як лёгка тавары з IKEA дапамагаюць ператварыць звычайнае жыллё ў месца для свята. Мы хацелі заклікаць нашых пакупнікоў адзначаць любы момант жыцця», — гаворыцца ў пасце. Акрамя таго, у сваёй заяве кампанія падкрэслівае, што падтрымлівае любы стыль жыцця і што раўнапраўе полаў — адна з ключавых каштоўнасцяў карпаратыўнай культуры IKEA.

У апошні час у Кітаі дастаткова сур'ёзна абмяркоўваецца праблема дзяўчат старэйшых за 27 гадоў, якія не знаходзяцца ў адносінах. На такіх дзяўчат у грамадстве аказваецца ціск, іх называюць sheng nu, то бок «незапатрабаванымі» або «аб'едкамі». Сюжэт падобнага ціску і лёг у аснову новай рэкламы IKEA, аднак яе стваральнікі не прынялі пад увагу, што выкарыстоўваюць для прыцягнення ўвагі вельмі негатыўнае клішэ.

У адным з гнеўных каментароў у кітайскай сацыяльнай сетцы Weibo гаворыцца: «Дыскрымінацыя адзіночак і адзінокіх жанчын. Няма бойфрэнда — і твая ўласная сям'я пагарджае табой. Што за каштоўнасці вы распаўсюджваеце?» Іншы каментатар працягвае: «Як міжнародная кампанія IKEA павінна трансляваць самыя прагрэсіўныя ідэі, якія існуюць у свеце, і несці іх у Кітай. Замест гэтага яна пераймае ў Кітаі дрэннае і транслюе гэта на ўвесь свет».

Nina.nn.by