Яўген Крыжаноўскі, які браў шлюб пяць разоў: Ніводная жонка не знайшла мне замену!
У Беларусі ў сярэднім распадаецца кожны другі шлюб [па статыстыцы на 1000 шлюбаў прыпадае 506 разводаў]. Аднак комік Яўген Крыжаноўскі ідзе на рэкорд — у яго ўжо пятая жонка і, адпаведна, чатыры разводы!
21.11.2017 / 10:51
У студыі «Прывату» разам з Валярынай Куставай — гісторыя шлюбаў ды разводаў заслужанага артыста Беларусі Яўгена Крыжаноўскага.
Сем яркіх цытат Яўгена Крыжаноўскага
«Я сумленны чалавек: пацалаваўся — адразу ажаніўся!»
«Мая другая жонка хварэла страшнай хваробай. Цяпер яе няма… Яна ведала, што захварэла, і каб пазбавіць мяне гэтых пакут — яна знікла…»
«А аднойчы я ажаніўся па п’янцы. Я выйшаў п’яненькі — і гляджу: ногі такія ідуць! І ажаніўся!»
«Мужыкі — гэта бычкі самыя сапраўдныя! Так і мяне звялі з наступнай сям’і!»
«У мяне вялізная розніца ва ўзросце з апошняй жонкай, бо я яе сустрэў, калі яна была немаўлём! Яна ляжала ў калысцы… А потым, калі мы сустрэліся ў дарослым жыцці, ёй было 19 гадоў, а мне 40 з гакам!»
«Ніводная жонка не змагла знайсці мне замену».
«Я добры бацька, але для жонак, хіба, нядобры муж».
«Аднойчы мне прапанавалі правесці развод. Я спачатку не разумеў, чаго яны хочуць. Яны прыйшлі ўдвох. Гляджу, дарослыя людзі. Думаў, мо юбілей вяселля які. А яны кажуць: развод! Гэта было настолькі цікава. Калі яна ўздымае кілішак і кажа: «Ды будзь ты пракляты!» А ён: «І табе таго ж, родная!» Яны проста крэатыўныя былі людзі. Але я — не, кожны раз гэта было балюча, было не да хохмаў», — расказвае заслужаны артыст.