Ідэя на сняданак: макавыя сырнікі ў духоўцы
Шукаючы спосаб разнастаіць прысутнасць тварагу ў нашым рацыёне, я прыгадала падгледжаную некалі ў сеціве ідэю запячы звыклыя сырнікі ў духоўцы. Муж прапанаваў дадаць у іх мак… Так у нашай сям'і з'явіўся новы «сняданкавы» хіт.
25.11.2017 / 14:44
Сырнікі з духоўкі атрымліваюцца з тонкай скарынкай звонку і вельмі далікатныя ўнутры. Да таго ж, запечаныя яны больш карысныя, чым пасмажаныя на патэльні. Прапорцыі складнікаў можна вар'іраваць паводле ўпадабанняў, я дам прыкладную аснову, якую можна лёгка падладзіць пад свой густ.
Вам спатрэбіцца:
- 400 г тварагу
- 1 вялікае яйка
- 1—2 ст.л. цукру
- дробка солі
- 3—4 ст.л. мукі з горкай
- 1 ч.л. разрыхляльніку
- 2 ст.л. маку
- жменя разынак
- жменя курагі
Як гатаваць:
1. Яйка расцерці з цукрам, дадаць тварог, добра перамяшаць.
2. Усыпаць муку з разрыхляльнікам і соллю, перамяшаць.
3. Дадаць мак (яго лепей папярэдне змалоць у кавамолцы, альбо заліць на некалькі хвілін кіпнем і расцерці ў ступцы — так ён аддасць нашмат больш водару і смаку), разынкі і дробна парэзаную курагу, добра перамяшаць.
4. Надаць сырнікам любую форму (на фота зверху яны сфармаваныя з дапамогай дзвюх лыжак, атрымаліся такія нібы міні-піражкі, ніжэй — злепленыя ўручную), выкласці на бляху. Запякаць на 180°С да зарумяньвання. Падаваць можна са смятанай з дадаткам цукру і цынамону, хоць і самі па сабе яны атрымліваюцца вельмі смачныя.
Гатуйце таксама:
- Духмянае яблычнае печыва
- Кошычкі з яблыкамі і швейцарскай мерэнгай
- Бліны з сырам і зелянінай
- Аладкі з яблыкамі
- Гарбузовы кекс з яблыкамі, журавінамі і арэхамі
- Два ВІДЭАрэцэпты гарачых і халодных бутэрбродаў
- Печыва з журавінамі
- Яблычны кекс з сырам