Ідэальныя зімовыя пернічкі — грэюць не толькі душу
Традыцыя рабіць печыва са спецыямі на Раство існуе ў многіх народаў. Яго неймаверны водар і саграваючы, крыху пякучы смак цудоўна спалучаюцца з атмасферай зімовых святаў і надаюць ім утульнасці.
23.12.2017 / 19:56
Сёння я прапаную рэцэпт такога печыва ад нашых заходніх суседзяў палякаў, што адшукала на партале kwestiasmaku.com. Падобнае печыва часта называюць «пернічкамі», а цеста для яго робяць найчасцей з гатовай сумессю спецый, якая так і называецца — «przyprawa do piernika». Не ведаю, ці нешта падобнае прадаецца ў нас, але калі не — не бяда, яе можна зрабіць і самастойна.
Аснову такой сумесі звычайна складаюць цынамон, імбір, гваздзік і мускатны арэх у прапорцыі прыкладна 4:2:1:0,5. Таксама ў яе можна дадаць кардамон, каляндру, духмяны перац, аніс — усё залежыць ад вашых упадабанняў.
Вам спатрэбіцца:
- 150 г масла
- 100 г цукровай пудры
- 1 яйка
- 2 ч.л. мёду
- 1,5 ст.л. прыправы для перніка
- 250 г мукі
- 0,5 ч.л. разрыхляльніку
Як гатаваць:
1. Мяккае масла ўзбіць з цукровай пудрай у пышную масу. Дадаць яйка і ўзбіваць яшчэ пару хвілін.
2. Дадаць мёд і прыправу, перамяшаць. Дадаць муку з разрыхляльнікам, замясіць гладкае эластычнае цеста (мукі можа спатрэбіцца крыху больш). Цеста сабраць у шар, загарнуць у плёнку і пакласці ў халадзільнік мінімум на гадзіну.
3. Раскачаць цеста таўшчынёй каля 3 мм, выразаць пячэнькі, выкласці на бляху (найлепей гэта рабіць у некалькі заходаў, пакідаючы рэшту цеста ў халадзільніку).
4. Выпякаць на 180°С 10-15 хвілін.
Вясёлых і смачных святаў!
Гатуйце таксама:
- Шакаладнае печыва з марцыпанам
- Міндальныя снежкі — нямецкае каляднае печыва
- Макавыя сырнікі ў духоўцы
- Запечаны камамбер і грушы з блакітным сырам ды арэхамі
- Духмянае яблычнае печыва
- Кошычкі з яблыкамі і швейцарскай мерэнгай
- Бліны з сырам і зелянінай
- Аладкі з яблыкамі
- Гарбузовы кекс з яблыкамі, журавінамі і арэхамі
- Печыва з журавінамі
- Яблычны кекс з сырам