Дык вось чаму цяжарныя ўсё забываюць: гэта «мамнезія»
Аўстралійскія навукоўцы з Універсітэта Дзікіна даказалі, што «мамнезія» сапраўды існуе. У перыяд цяжарнасці будучыя мамы могуць адчуваць патрэбу весці арганайзер, бо многія рэчы проста вылятаюць з галавы. Становіцца цяжэй трымаць увагу, канцэнтравацца і засяроджвацца на адной задачы. Але ўсяму гэтаму ёсць тлумачэнне.
15.01.2018 / 21:19
Навукоўцы прааналізавалі 20 даследаванняў, у якіх агулам прыводзіліся звесткі пра 1230 жанчын. З іх 709 на той момант былі цяжарныя, 521 — не.
Высветлілася, што кагнітыўныя здольнасці жанчын, якія чакалі дзіця, пагаршаліся, але нязначна, ужо ў першым трыместры. У трэцім змяненні станавіліся найбольш заўважнымі.
Суаўтарка работы Лінда Бірн тлумачыць, што гэта адбываецца праз зніжэнне аб'ёму шэрага рэчыва ў перыяд цяжарнасці. Але на тое ёсць прычына: так арганізм рыхтуе жанчыну да мацярынства і новых задач, звязаных з выхаваннем дзіцяці. Можна сказаць, што гэта свайго роду адаптацыя перад уваходжаннем у новую сацыяльную ролю.