Ума Турман нарэшце патлумачыла, чаму лічыць, што Вайнштэйн «не заслугоўвае кулі»

Галівудская актрыса Ума Турман у інтэрв'ю New York Times распавяла, што стала ахвярай сэксуальных дамаганняў з боку прадзюсара Харві Вайнштэйна. Таксама яна згадала здраду Квенціна Таранціна, праз якую ледзь не загінула ў аўтакатастрофе на здымках «Забіць Біла».

04.02.2018 / 09:36

Ума Турман. Фота i.onthe.io.

Турман выказала сваё стаўленне да скандалу вакол Вайнштэйна яшчэ ў мінулым лістападзе, напісаўшы: «Мне падабаецца, што ўсё ідзе павольна — ты не заслугоўваеш кулі».

Тады яна не стала падрабязна расказваць пра свае прэтэнзіі да Вайнштейна, паабяцаўшы зрабіць гэта, калі яе «гнеў крыху сціхне».

У суботу газета New York Times апублікавала вялікі артыкул пад назвай «Вось чаму Ума Турман у лютасці». Ніжэй прыводзім вытрымкі з яго. 

У прыватнасці актрыса сцвярджае, што Вайнштэйн запрасіў яе ў свой нумар у лонданскім гатэлі ў 1990-я гады, штурхнуў на ложак і паспрабаваў распрануць.

Прадстаўнік Харві Вайнштэйна ўжо заявіў, што абвінавачванні ў нападзе на актрысу не адпавядаюць рэчаіснасці.

47-гадовая зорка заявіла, што ў 16 гадоў, на пачатку яе кар'еры, яе згвалтаваў неназваны акцёр, які быў на 20 гадоў старэйшы, чым яна.

«Па сутнасці я была паслухмянай, — расказала яна выданню. — Я спрабавала сказаць не, я плакала, я рабіла ўсё, што магла. Ён сказаў мне, што дзверы зачыненыя, але я не пабегла і не паспрабавала адчыніць».

«Калі я прыйшла дадому, я памятаю, што стаяла перад люстэркам і глядзела на свае рукі. І я была вельмі злая, што на іх не было ні крыві, ні сінякоў», — дадала яна.

Абвінавачванні на адрас Вайнштэйна тычацца часу поспеху фільма «Крымінальнае чытво» 1994 года, які зняў Квенцін Таранціна і спрадзюсаваў Вайнштэйн.

Інцыдэнт, меркавана, адбыўся ў нумары прадзюсара ў лонданскім гатэлі Savoy.

«Ён штурхнуў мяне. Ён спрабаваў залезці на мяне. Ён ішоў на любыя непрыемныя рэчы, — распавяла актрыса. — Аднак у выніку ён усё ж такі не пайшоў да канца і не стаў мяне прымушаць. Ты як жывёла, якая спрабуе выслізнуць, як яшчарка».

Паводле яе слоў, на наступны дзень яна атрымала букет кветак з запіскай: «У цябе выдатныя інстынкты». Пасля асістэнты Вайнштэйна працягвалі тэлефанаваць з прапановамі новых праектах.

Якая рэакцыя Вайнштэйна?

Прадстаўнік Харві Вайнштэйна (сам прадзюсар цяпер праходзіць рэабілітацыю) апублікавала заяву пасля публікацыі артыкула.

У ёй гаворыцца, што каманда прадзюсара звязвалася з New York Times і дасылала здымкі, «якія дэманструюць цесныя сувязі Вайнштэйна і Турман».

У газеце прызналі, што атрымалі «сяброўскія» фота пары на прэм'ерах фільмаў і вечарынках.

«Вайнштэйн прызнаецца ў няёмкай спробе заляцанняў да Турман 25 гадоў таму ў Англіі — пасля няправільнага разумення яе сігналаў, пасля флірту ў Парыжы, — за якую ён неадкладна выбачыўся і пра якую глыбока шкадуе», — гаворыцца ў заяве.

«Аднак яе заявы пра фізічны гвалт не адпавядаюць рэчаіснасці. Падчас няёмкіх заляцанняў Вайнштэйна не было ніякага фізічнага кантакту, і ён засмучаны i збянтэжаны тым, чаму Турман… чакала 25 гадоў, каб апублікаваць гэтыя абвінавачванні», — напісалі прадстаўнікі прадзюсара.

Кадр з фільма «Забіць Біла».

А як жа Квенцін Таранціна?

Турман таксама падрабязна распавяла пра часовы разрыў адносін з рэжысёрам Квенцінам Таранціна, які разам з Вайнштэйнам працаваў над «Крымінальным чытвом» і «Забіць Біла» — самымі паспяховымі карцінамі Турман.

Яна распавяла, што пасварылася з Таранціна праз аварыю на здымках «Забіць Біла». Паводле яе слоў, Таранціна быў у лютасці, што яна хацела выкарыстоўваць каскадзёра падчас здымак сцэны ў кабрыялеце, нягледзячы на магчымую няспраўнасць аўтамабіля. У выніку ён пераканаў яе саму весці машыну. Адбылася аварыя, і актрыса пашкодзіла шыю і калені.

Інцыдэнт паўплываў на адносіны пары. Турман пагражала засудзіць студыю Вайнштэйна, аднак ёй 15 гадоў не давалі доступу да кадраў аварыі.

Таранціна пакуль не каментаваў абвінавачванні актрысы.

Nina.nn.by