Беларуска, якая выйшла замуж у Японію за айна: «Браць водпуск тут лічыцца непрыстойным»
Бабруйчанка Таццяна Цагельнік-Окіцу цяпер разам з двухгадовай дачкой Міхалінай і мужам Цубаса жыве на японскім востраве Хакайда ў горадзе Сапара.
12.02.2018 / 14:19
Таццяна тлумачыць, што Сапара — гэта, можна сказаць, японскі Мінск, прыкладна столькі ж жыхароў. Але самі людзі там зусім іншыя. Ды насамрэч практычна ўсё ў Японіі іншае і па-іншаму, таму звычайна ў замежнікаў, якія прыязджаюць туды ўсур’ёз і надоўга, дзесьці праз год здараецца крызіс: бурляць пахаваныя японскай звышветлівасцю эмоцыі.
Гэты тэкст мы падрыхтавалі дзякуючы Okami.by.
Пра Таццяну
Таццяна з дачкой Міхалінай.
Пасля заканчэння школы ў родным горадзе бабруйчанка паехала ў беларускую сталіцу вывучаць лінгвакраіназнаўства на факультэце міжнародных адносін БДУ. Трэ' было абраць усходнюю мову — і Таццяна спынілася на японскай. Гэта быў неасэнсаваны выбар — проста хацелася нечага экзатычнага. Але ўжо на трэцім курсе дзяўчына вырашыла ехаць у Японію. Якраз была магчымасць атрымаць стыпендыю ў прэстыжным Такійскім універсітэце, а паколькі асаблівых перспектыў для сябе ў Беларусі яна не бачыла, доўга не раздумвала.
Праграма, у якой удзельнічала Таццяна, была разлічаная на пяць гадоў. Першы год — падрыхтоўка з інтэнсіўным курсам японскай мовы, чатыры — само навучанне.
Атрымаўшы бакалаўра, беларуска накіравалася ў Нідэрланды абараняць магістарскую. А пасля зноў вярнулася ў Японію: паступаць у аспірантуру [цяпер яна на другім курсе, займаецца культурнай антрапалогіяй], выходзіць замуж і нараджаць дачку.
Як выйшла за айна, які гэтак жа ў сталым узросце ўсвядоміў сваю ідэнтычнасць
Муж Таццяны — грамадзянін Японіі. Ён айн — гэта карэннае насельніцтва поўначы краіны. Цяпер большасць айнаў жывуць на выспе Хакайда. Колькі іх сёння ў свеце — сказаць цяжка, бо, як зазначае Таццяна, падчас перапісу ў Японіі ніхто не пытаецца пра этнічнасць. А калі б нават і пыталіся, не ўсе айны былі б шчырымі. Хоць дзесяць гадоў таму японскія ўлады і прызналі айнаў карэнным насельніцтвам, іх па-ранейшаму шмат у чым дыскрымінуюць.
«Пераехаўшы з Бабруйска ў Мінск, я ўпершыню сустрэлася з людзьмі, якія размаўляюць па-беларуску, — Таццяна пачынае расповед сваёй гісторыі кахання здалёк. — Мы з дзяўчатамі ў інтэрнаце слухалі беларускамоўную музыку, мне падабалася. Але ўзяць і загаварыць самой было неяк сорамна, баялася памылак.
У Японіі беларусаў побач не было, затое былі студэнты з розных іншых краін, у тым ліку з былога СССР. Яны ведаюць рускую, але размаўляюць на сваіх мовах. Для мяне гэта стала штуршком, каб пачаць вывучаць беларускую мову. Я ўзялася чытаць беларускія кнігі, слухаць беларускую музыку.
Спачатку пачала размаўляць па-беларуску з бацькамі, з сябрамі, а калі пасля прыязджала дамоў у Беларусь — ужо з усімі і паўсюль.
Універсітэт Хакайда.
Універсітэт Хакайда.
Я кажу японцам, што стала сапраўднай беларускай у Японіі. Гэта іх, канечне, вельмі цешыць. Стаўшы беларускай, зразумеўшы сваю ідэнтычнасць, я пачала глядзець, якія народы ёсць у Японіі. Мяне прыцягнулі айны, і я вырашыла ў межах магістарскай вывучаць іх. Тады пазнаёмілася і з будучым мужам. Мы сышліся, мабыць, на тым, што як я ўжо ў сталым узросце ўсвядоміла сваю беларускасць, так і ён толькі ў 25 гадоў стаў сапраўдным айнам.
Я паважаю яго пачуцці да сваёй культуры, а ён паважае мае. Я імкнуся вывучаць мову, культуру айнаў і перадаваць гэтыя веды нашаму дзіцяці. А муж імкнецца вывучаць беларускую».
Сапара.
Таццяна распавядае, што айны вылучаюцца сярод японцаў, бо яны нават выглядаюць іначай і ў іх іншы менталітэт. Хоць яны і жывуць ад нараджэння ў Японіі, выхоўваюцца ў японскай сістэме адукацыі, ад бацькоў ім перадаюцца адмысловыя рысы характару. Айны больш эмацыйныя, больш адкрытыя, больш просталінейныя. Японцы даволі закрытыя, яны не будуць казаць пра ўсё шчыра і хутчэй прамаўчаць, чым пойдуць на канфлікт. У айнаў таксама ёсць свая рэлігія, чымсьці падобная да нашага паганства, бо заснаваная на шанаванні шматлікіх багоў, прыроды і павазе да продкаў.
«У айнах мяне зацікавіла падобнасць нашай гісторыі, — працягвае Таццяна. — У нас была акупацыя, у іх — каланізацыя. Праводзілася тая ж палітыка асіміляцыі. Забаранялася мова, адукацыя — толькі на японскай. Цяпер у айнаў горшая сітуацыя з мовай, чым у нас. То бок мы прайшлі фактычна праз тое самае, толькі ў іх была яшчэ і расавая дыскрымінацыя, бо яны выглядаюць па-іншаму. Многія, нават калі яны выглядаюць як айны, не хочуць нічога ведаць пра сваю гісторыю, гаварыць пра гэта, бо ў іх дагэтуль існуе расавая і сацыяльная дыскрымінацыя. Можа адмовіць працадаўца, бацькі могуць быць супраць, каб іх сын ці дачка бралі шлюб з айнамі. Пэўную дыскрымінацыю могуць адчуваць дзеці ў школе. Хоць, вядома, сітуацыя лепшая, чым 20—30 гадоў таму.
Айнаў прызналі карэнным насельніцтвам толькі ў 2008-м годзе. Да 1997 года, калі быў прыняты закон аб прасоўванні айнскай культуры, для афіцыйнай Японіі іх проста не існавала. Але ніякіх правоў прызнанне ўсё адно не дало.
Садкоў, школ з навучаннем па-айнску няма. Айнскую мову можна вывучаць як замежную ў некалькіх універсітэтах і толькі ў адной пачатковай школе на Хакайда, дзе на гэта адведзена ўсяго 10 гадзін на год.
Больш за тое, нават тут, на выспе Хакайда, мала хто з японцаў ведае пра айнаў, пра тое, што яны ўвогуле існуюць. Айнаў мала, мала ў медыя. Літаральна ў апошнія гады з імі стала больш інтэрв’ю ў СМІ. У Японіі ў 2020-м годзе будуць праходзіць Алімпійскія гульні, і японцы, каб не было ціску з боку міжнароднай супольнасці, імкнуцца паказаць, што прызналі айнаў, што нешта для іх робяць. Але багата хто кажа, што пасля гульняў усё гэта накрыецца».
Пра японскі парадак
Сапара.
«Першы год Японія здавалася мне казачнай краінай. Усё зручна, чыста, ніхто не канфліктуе. А потым адбыўся культурны шок ад стасункаў з японцамі. Мне не хапала эмацыйнасці, адкрытасці, шчырасці. Я пакутавала ад гэтага, мне хацелася з’ехаць.
І я, дарэчы, з’ехала на некалькі гадоў у магістратуру. Але потым зразумела, што трэба проста знайсці сваё кола людзей. Я калі пазнаёмілася з айнамі, зразумела, што Японія можа быць зусім іншай. З гэтымі людзьмі можна быць проста самой сабой. Не трэба думаць, ці дастаткова ты ветлівы, ці так сеў, ці так стаў.
Мне падабаецца, што тут паўсюль парадак, але часам хочацца, каб людзі былі проста людзьмі, а не робатамі», — працягвае беларуска.
Жыць у японскім парадку камфортна, кажа Таццяна. Тут добра ставяцца да малых дзяцей і мам з дзеткамі. У ліфце — патрымаюць дзверы, у краме — сама касірка паднясе кошык з прадуктамі да століка, дзе можна спакойна ўсё спакаваць.
Калі японцы бачаць малых, часта кажуць што-небудзь прыемнае і імкнуцца дакрануцца да ручкі, ножкі ці нават тварыка дзіцяці. Першы час, пакуль Таццяна прывыкала да гэтага, прасіла: «Калі ласка, не чапайце».
Для маладых мам у Японіі ўсе ўмовы: паўсюль у прыбіральнях стаяць столікі для спавівання, а ў метро, гандлёвых цэнтрах, паліклініках ёсць спецыяльныя пакойчыкі для кармлення. Усюды стаяць ліфты, нават калі пад’ехаць трэба ўсяго на паўпаверха. З таго часу, як Міхаліне споўніўся месяц, Таццяна бярэ яе з сабой паўсюль. Нават у Токіа ўдвух ляталі.
Для інвалідаў таксама ўсё зроблена так, каб ім было максімальна зручна перамяшчацца. Пандусы, спецыяльныя дарожкі для невідушчых людзей, дубляванне інфармацыі на аўтаматах продажы квіткоў шрыфтам Брайля — усё ёсць.
На чыгуначных платформах пазначаныя месцы, дзе адчыняюцца дзверы цягнікоў. Людзі ў чаканні становяцца ў чаргу, ніхто не штурхаецца. У метро таксама ніякай штурханіны няма. Але толькі калі гаворка не пра Токіа, бо там вельмі шмат людзей. У Токіа ўсе ветлівыя, пакуль не зайшлі ў вагон — там ужо ніхто не выбачаецца. Больш за тое, у поўных вагонах мужчыны часам мацаюць жанчын, таму ў гадзіны пік некаторыя робяць толькі для жанчын і дзяцей.
«У японцаў вельмі шмат няпісаных правіл, якія яны будуць выконваць толькі каб ніхто нічога не сказаў. У тых жа цягніках яны не размаўляюць па тэлефоне, абавязкова выключаюць гук, каб не замінаць іншым пасажырам. Штрафу за такое няма, але «парушальніку» ці зробяць заўвагу, ці будуць глядзець на яго коса.
Сёння я сама рабіла заўвагу турыстам, якія глядзелі ў вагоне на тэлефоне тэлевізар і гучна ўсё абмяркоўвалі. Ужо сама пачынаю сябе паводзіць як японцы», — усміхаецца Таццяна.
* * *
Гэты тэкст мы падрыхтавалі дзякуючы Okami.by.
* * *
Калі ты іншаземец, японец можа адсесці ад цябе ў метро
Беларуска кажа, некаторыя японцы з асцярожнасцю ставяцца да замежнікаў. У іх разуменні іншаземец — гэта той, хто парушае іх правілы.
«Калі ты выглядаеш па-еўрапейску, да цябе ставяцца нармальна. Не важна, з Беларусі ты ці з Аўстраліі. У японцаў ёсць нейкі комплекс перад намі, бо мы вышэйшыя, у многіх з нас светлы колер валасоў, светлая скура, светлыя вочы — усё гэта лічыцца прыгожым. Мы свабодна размаўляем па-англійску ў адрозненні ад іх, бо японцам цяжка даецца англійская. Калі ж гэта цемнаскуры чалавек, то дыскрымінацыя будзе адчувацца. Ад яго, напрыклад, могуць адсесці ў метро. Дарэчы, ад мяне таксама адсаджваліся, — дадае Таццяна.
— Замежніку цяжка адшукаць кватэру, бо многія толькі чуюць, што іншаземец, адразу адмаўляюць. Ці пытаюцца адкуль: калі з Еўропы — добра, калі з Кітая ці В’етнама — тады не. Японцы не вельмі прыязна ставяцца да кітайцаў, карэйцаў і ўсіх былых калоній — яны глядзяць на іх зверху ўніз».
З невялікім даходам у Японіі можна жыць лепш, чым з сярэднім заробкам у Беларусі
Сапара.
У Японіі прэстыжна быць адвакатам ці медыкам. Дактары, як правіла, спачатку набіраюцца досведу ў лякарнях, а потым адкрываюць нешта сваё. Таццяна кажа, у яе ля дома з пяць стаматалагічных прыватных лякарняў, хоць і зусім невялікіх.
Навука — таксама ўдзячная справа. Акадэмікаў шануюць, замежных у тым ліку. Прафесар універсітэта можа зарабляць і пяць, і дзесяць тысяч даляраў. Для Японіі гэта вельмі добрыя грошы. Звычайны заробак — 2,5-3 тысячы даляраў. Гэтых грошай хапае на годнае жыццё.
«Калі я вучылася на бакалаўра, у мяне стыпендыя была амаль 1300 даляраў, — прыгадвае беларуска. — За гэтыя грошы я здымала кватэру, аплачвала праезд, харчавалася, хадзіла кудысьці з сябрамі — то бок ні ў чым сабе не адмаўляла і пры гэтым нейкія грошы ў мяне заставаліся. Канечне, калі з’яўляецца дзіця і пачынаюцца выдаткі на садкі, дадатковыя заняткі і ўсё астатняе — складаней. Але з Беларуссю ўсё адно непараўнальна».
Дарэчы, прадукты ў Японіі даражэйшыя, чым у Беларусі, значна вышэйшыя кошты на садавіну.
Што тычыцца жытла, то ў Токіа аднапакаёўку [агулам 25 квадратных метраў] за 20 хвілін ад цэнтра на цягніку Таццяна здымала за 600 даляраў. Двухпакаёўка будзе каштаваць ужо 1200-1500 даляраў.
Як успрынялі шлюб сваякі
У Мінску.
Так сталася, што з маці мужа Таццяна пагутарыць не паспела. Калі яны пазнаёміліся, жанчына ўжо моцна хварэла і гаварыць не магла, толькі слухала нявестку. Браты і сястра Цубаса прынялі беларуску вельмі добра.
Цубаса быў у Беларусі аднойчы.
Паколькі цяпер ён разумее толькі некаторыя беларускія словы і выразы, пра ўсё пагутарыць са сваякамі Таццяны магчымасці не было. Але для маці дзяўчыны гэта не праблема. «Так, мы не можам паразмаўляць, але я адчуваю, што гэта наш, свой чалавек», — сказала яна пасля дачцэ.
Насамрэч, тое, што Цубаса прыехаў у Беларусь — можна сказаць, цуд. У Японіі не прынята браць не тое што доўгія, а нават двухтыднёвыя адпачынкі.
«Афіцыйна адпачынак — да двух тыдняў. Але мой муж не можа ўзяць два тыдні, бо гэта проста непрыстойна. І ніхто не бярэ, максімум — тыдзень, — распавядае Таццяна. — Калі мы ездзілі ў Беларусь, ён проста паставіў усіх перад фактам: едзе на радзіму жонкі.
Японцы вельмі працавітыя і адданыя. Звычайна ў іх на першым месцы праца, а ўжо потым сям’я і ўсё астатняе. Дзякуй богу, у майго мужа не так».
Міхаліна таксама ўжо была ў Беларусі, маці прыязджае на радзіму з ёй штогод.
Як выбіралі імя дачцэ
«Мы думалі даваць ці беларускае, ці айнскае імя. Айны цяпер маюць японскія імёны, але часта яны гучаць гэтак жа, як некаторыя словы ў айнскай мове. Напрыклад, нашу знаёмую завуць Чысэ. Гэта японскае імя, але ў айнскай мове слова «чысэ» значыць «хата», — кажа Таццяна. —
Традыцыйна ж да пяці гадоў айны давалі дзецям не сапраўдныя імёны, а немілагучныя, з адмоўным сэнсам, каб не чапалі злыя духі. Глядзелі, як сябе паводзіць дзіця, які ў яго характар, і ўжо потым давалі яму імя з нейкім значэннем, якое адлюстроўвае характар. Мы да пяці год чакаць не можам, бо трэба ж рэгістраваць дзіця, таму я прапанавала імя Міхаліна, якое мне даўно падабалася. Так завуць галоўную гераіню ў «Каласы пад сярпом тваім».
Адзінае, у японскай мове няма літары «л», таму японцы завуць яе Міхарына. А паколькі гэта вельмі доўгае імя, то часцей кажуць проста Міха».
Таццяна размаўляе з дачкой толькі па-беларуску. У яе прысутнасці можа гаварыць з мужам па-японску, але да дачкі звяртаецца выключна на беларускай.
Дзяўчынка ўжо ведае некаторыя словы: «піць», «малако», «мама», «малпа». Выразна і гучна кажа сваё «не!». А ўвогуле першым яе асэнсаваным словам было «ўсё».
Чаго не хапае
Беларуска сумуе па нашай прыродзе, родных мясцінах, шпацырах па Мінску. Па «нармальнай» смятане, тварагу.
«Першы час пасля пераезду ў Японію ў тыя некалькі тыдняў, на якія вярталася ў Беларусь, я атрымлівала асалоду ад незадаволенай прадавачкі ў краме, ад сварак у паліклініцы. Атрымлівала асалоду, бо ў Японіі такога проста няма. Цяпер, праўда, ужо сама пачынаю злавацца, калі бачу нешта падобнае ў Беларусі», — прызнаецца Таццяна.
Па беларускай ежы яна не асабліва сумуе, бо сама яе гатуе.
Мужу беларуская кухня падабаецца. «Адзінае, што ён не можа есці — гэта малочныя рысавыя кашы. Ва ўяўленні японцаў рыс з чым-небудзь яшчэ не мяшаюць.
А тут мала таго, што рыс з малаком, дык ён яшчэ і салодкі. Такога муж сабе ўявіць не можа. Кетчуп з рысам, напрыклад, для яго таксама нейкае варварства. Дарэчы,
ён можа есці рыс тры разы на дзень. Можа есці бульбу з рысам — гэта нармальна. Для мяне такое спалучэнне трошкі дзіўнае», — усміхаецца Таццяна.
Цяпер яе задача — скончыць навучанне і пачаць кар’еру ў навуковым асяроддзі. Навуковы абмен з Беларуссю для яе таксама важны, але пытанне ў зацікаўленасці з абодвух бакоў. Вяртацца на радзіму жыць і працаваць Таццяна пакуль што не плануе. Усё ж у Японіі нашмат больш перспектыў для навукоўцаў.