«Калі я чую пра натуральную прыгажосць, я смяюся ўголас і падаю ў банку з крэмам» — дзёрзкае выказванне драматурга Дзіяны Балыкa
У першы дзень вясны драматург Дзіяна Балыка праходзіцца па тэме натуральнай прыгажосці. І робіць выснову, што каб адшукаць яе, сапраўды натуральную, трэба вельмі пастарацца.
01.03.2018 / 17:41
Дзіяна Балыка. Фота з асабістай старонкі ў фэйсбуку.
— Калі я чую пра натуральную жаночую прыгажосць, я смяюся ўголас. Я рагачу. Я падаю тварам у банку з крэмам. У банку з пілінгам, з рылінгам, з гіалуронавай кіслатой. Каб не рагатаць, я раблю маску на твар. Усё роўна рагачу. Раблю маску-плёнку і саджуся ў масажнае крэсла. Так лягчэй не рагатаць і перабіраць у галаве ўсе эфектыўныя сродкі для «натуральнай» прыгажосці.
Галоўнае — станік. Станік з паралонам. Пуш-ап. І ўцягвальная бялізна. Скульптуруючая бялізна. Панчохі. Кампрэсійныя панчохі. А пад панчохамі педыкюр. Эпіляцыя расліннасці на нагах. Парафінавыя ванны для ступняў. Стоп! Яшчэ ж інтымная стрыжка. К чорту стрыжку!
Дэпіляцыя зоны бікіні. Цукрам. Воскам. Або лепш эпіляцыя? У чым розніца, спытаюць мужыкі. А не трэба запарвацца. Проста атрымлівай асалоду ад натуральнай прыгажосці сваёй каханай.
Пасля антыцэлюлітнага абгортвання і моднай стрыжкі на галаве. Абавязкова з афарбоўкай. І з нарошчанымі валасамі на гэтую модную стрыжку. І з нарошчанымі вейкамі наўпрост на татуаж. Ну, або на мікраблэйдзінг. І не трэба забываць пра ламініраванне валасоў, іх глыбокую ачыстку скрабамі пасля выкарыстання сродкаў для ўкладкі. Натуральная завіўка і стрыжка гарачымі нажніцамі як панацэя супраць пасечаных кончыкаў. А манікюр з гель-лакам? А парафінавыя ванны для рук з абгортваннем з багавіння?
Калі на працу хадзіць? Так, ніколі! Натуральная прыгажосць — ужо сама па сабе праца 24 на 7. А ты думаў, што бабам лёгка? Што яна сама па сабе такая фея з водарам кветак і Праванса? Трымай кішэнь шырэй!
І важна яшчэ, каб з пасткі не смярдзела! Зубы там усялякія ў парадку трымаць. А калі не зубы, то вініры, а калі не вініры, то імпланты, а калі не імплантаты, то зубныя пратэзы. У крайнім выпадку — брэкеты.
Натыкаюся на чарговую рэкламу натуральнай прыгажосці ад інструктара па фэйс-фітнэсу, якая абяцае стварыць мой ПАСПЯХОВЫ твар. О, б*я! Мой унутраны філолаг хоча гэта разбачыць і патрабуе глыбокі пілінг мозгу для вынаходнікаў такіх фармулёвак.
Для большай натуральнасці мне прапануюць уколы прыгажосці, кругавую падцяжку твару, філеры ва ўсе жыццёва-важныя органы, ліпасакцыю тлушчу тушкі.
Для худых асоб ёсць не толькі нарошчванне цыцак, але і нарошчванне дупы. А што? Дупа — таксама чалавек! Дупе яшчэ масаж і салярый падавай.
І скраб з кавай, аліўкавым алеем і цынамонам для лепшай цыркуляцыі крыві на пятай кропцы. А калі ўсе гэтыя хітрыкі не дапамогуць, то на кожнага дурня знойдзецца фоташоп!
І вось пасля ўсіх гэтых няхітрых маніпуляцый, калі жанчына апранае сукенку на гарсэт, напаўняе цыцкі сіліконам, валасы выцягвае, рожу намакіяжвае, яна ідзе ўся такая натуральная на спатканне. А там яе ўжо ўмоўны Вася чакае. А Васі для прыгажосці толькі бумажнік патрэбны, каб аплаціць для сваёй бабы ўсе натуральныя маніпуляцыі.
Дык ці ёсць яна яшчэ, натуральная прыгажосць, спадарства? Як лічыце?