Силезский пирог: чудо с маком
На мінулым тыдні мільёны людзей па ўсім свеце сачылі за вяселлем прынца Гары і актрысы Меган Маркл. Толькі лянівы не паглядзеў фота з цырымоніі, не абмеркаваў сукенку нявесты і строі гасцей.
26.05.2018 / 09:39
Але занадта мала ўвагі надалі тэме ежы, а, на маю думку, гэта адзін з самых галоўных складнікаў такога мерапрыемства. Па-першае, цікава, што каралеўская сям’я лічыць далікатэсам, які варта есці толькі на вялікія святы. Па-другое, хочацца дакрануцца да вясельных традыцый іншай краіны.
Разважаючы на гэтую тэму, я ўзгадала пра прыўкрасны рэцэпт сілезскага пірага, якім я і хачу з вамі падзяліцца (у Сілезскім краі дагэтуль існуе традыцыя частаваць родных і суседзяў калачом, прыгатаваным нявестай).
Менавіта такі варыянт калача з дражджавога цеста з крышывам зверху стаў асабліва папулярным у другой палове 20-га стагоддзя. Варыянт з гароднінай ці ягадамі лічыўся штодзённым, а вось начынне з маку ці тварагу ўжо ўважвалася за святочную выпечку. Калі вы ставіцеся прахалодна да маку, то можаце зрабіць калач з агароднінай, ягадамі, павідлам ці тварагом — эксперыментуйце і знаходзьце свой улюбёны варыянт!
(Складнікі даюцца на форму дыяметрам 28 см).
Для цеста:
- 500 гр. мукі;
- дробка солі;
- 100 гр. масла;
- 1 яйка;
- 100 гр. цукру;
- 1 ч. л. ванільнага цукру (ці кропля ванільнай эсенцыі);
- 30 гр. свежых дражджэй;
- 250 мл цёплага малака.
Для макавага начыння:
- 200 гр. маку;
- 100 гр. цукру;
- 25 гр. масла;
- 1 ст. л. мёду;
- 70 г здробленых арэхаў (міндаль ці арахіс).
Для крышыва:
- 50 гр. халоднага масла;
- 50 гр. цукру;
- 1 ч. л. ванільнага цукру;
- 100 гр. мукі.
Цеста:
У місцы змешваем муку з соллю. Растапліваем масла. Яйкі ўзбіваем з цукрам і ваніллю. Дрожджы размешваем у невялікай колькасці малака. Дадаем у муку па чарзе яйкі, масла, дрожджы, астатняе малако. Цеста месім пакуль яно не пачне менш ліпнуць да рук (прыкладна 5—10 хвілін). Накрываем і пакідаем у цёплым месцы на гадзіну, за гэты час яно павялічыцца ў памерах прыкладна ў два разы (калі ёсць магчымасць можна зрабіць абмінку пасля першай гадзіны і пакінуць яшчэ на хвілін 40).
Макавая маса:
Мак здрабняем у кавамолцы. У рондалі падаграваем 375 мл вады, дадаем усе інгрэдыенты для начыння, размешваем. Варым, памешваючы, пакуль большасць вады не выпарыцца. Начынне павінна быць досыць вільготным, але не вадкім. Пакідаем, каб састыла.
Крышыва:
Расціраем масла з цукрам і ваніллю, пакрысе дадаём муку. Павінна атрымацца крышыва.
Цеста дзелім на дзве часткі: меншую і большую. Раскачваем яго пад памер формы (можна проста разраўняць рукамі, калі цеста атрымалася занадта мяккім). Форму змазаць маслам, пакласці ў яе большую частку цеста. Раўнамерна пакласці начынне на цеста, зверху на начынне пакласці меншы кавалак цеста. Абсыпаць крышывам.
Пекчы 35 хвілін пры тэмпературы 190 градусаў. Правяраем гатоўнасць на сухую зубачыстку.