Jay-Z з Beyonce, Florence + The Machine і не толькі. 10 музычных альбомаў чэрвеня, якія вы маглі прапусціць
паслухайце проста тут, калі прапусцілі
Чэрвень выдаўся па-летняму ўрадлівым на новыя альбомы. Паглядзім, што цікавага вырасла на музычнай глебе. Як заўсёды — дзясятка найбольш заўважных навінак мінулага месяца вашай увазе!
04.07.2018 / 19:24
Morcheeba — Blaze Away
Піянеры трып-хопу вярнуліся праз пяць год. У новым альбоме музыкі адмовіліся ад эксперыментаў і прыклалі максімум намаганняў, каб стварыць класічны «марчыбаўскі» гук.
Kanye West — Ye
Канье — адназначна самы працавіты артыст гэтага лета. У чэрвені выйшла пяць альбомаў, да якіх ён мае дачыненне. Першым быў рэліз Pusha T, потым сольнік, астатнія — дуэт з Kid Cudi, плыткі Nas ды Teyana Taylor.
Рэпер зладзіў вельмі арыгінальную прэзентацыю альбома: на ранча ў штаце Ваёмінг. Паклікаў туды журналістаў, музыкаў і зорак. Праўда, тамтэйшыя гаспадары не ацанілі зменлівы настрой Канье Уэста, а таксама вельмі гучную музыку.
Mike Shinoda — Post Traumatic
Майк ніяк не можа перажыць смерць свайго блізкага сябра Чэстэра Бэнінгтана. Менавіта гэтай псіхалагічнай траўме і прысвечаны альбом.
Шынода расказвае, наколькі цяжка было музыкам Linkin Park сабрацца і адыграць канцэрты памяці свайго лідара. І наколькі цяжка ім чытаць выказванні пра хайп на смерці Бэнінгтана.
Florence + The Machine — High As Hope
Флорэнс Уэлч вярнулася праз тры гады маўчання, і гэта трыумфальна. Як прызналася рудавалосая брытанка, новыя песні дазволілі ёй узяць пад кантроль свае шкодныя звычкі і псіхалагічныя праблемы.
Ідуць гады, мяняецца мода, але вытанчанасць Фло і яе музычнай машыны заўсёды па-над пераменамі.
ДДТ — Галя хадзі
Дваццаты альбом легендарнага калектыву. Юрый Шаўчук хацеў зрабіць так, каб кожная песня адрознівалася ад усіх іншых. Гэта плытка эксперыментаў і шырокага дыяпазону тэм — ад вайны да кахання.
Drake — Scorpion
Новы альбом канадскага рэпера за першыя суткі праслухалі больш за 300 мільёнаў разоў — гэта абсалютны рэкорд.
Сярод 25 трэкаў ёсць адзін вельмі незвычайны — Don't Matter To Me, дзе з Дрэйкам спявае … Майкл Джэксан. Кароль поп-музыкі памёр у 2009 годзе, але праз 9 год ягоныя нявыдадзеныя запісы 1983 года атрымалі новае жыццё.
Bullet For My Valentine — Gravity
BFMV шостым альбомам сталі ў шэраг трэндавых метал-калектываў з электроннымі прымочкамі. Гучыць модненька, але гэта ўжо не той гурт, якім вы захапляліся ў школьныя гады.
Gorillaz — The Now Now
Год таму прыхільнікі творчасці Gorillaz у штыкі сустрэлі альбом Humanz, дзе за запрошанымі артыстамі не было чуваць Дэймана Албарна. The Now Now — альбом з Албарам на першым плане, той альбом, дзе ён «проста спявае».
The Carters — Everything Is Love
Сямейны падрад Jay-Z і Beyonce. Пра планы запісаць сумесны альбом пара ўпершыню распавяла ў мінулым годзе, але заняцца запісам змаглі толькі пасля выхаду сольнікаў.
Everything Is Love ліха стартануў у музычных чартах. Ці супадзе ваша меркаванне з меркаваннем замежных слухачоў?!
САЮЗ — Гэта ўсё зусім не тое
Пасля двух месяцаў цішыні ў нашых падборках зноў знайшлося месца для айчыннай музыкі.
Мінскае індзі-трыа выдала дэбютную плытку на ўкраінскім лэйбле Івана Дорна. Як кажуць музыкі, альбом пра будзённае жыццё лірычнага героя, які губляецца ў шэрагу аднолькавых дзён.
А што вы слухалі ў чэрвені? Пішыце ў каментарах!