Беларуска пра тое, як перамагла анарэксію і дзякуючы гэтаму стала доктарам-блогеркай са шматтысячнай аўдыторыяй
У гэтым годзе гамяльчанка Ганна Пратасава скончыла Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт і стала дыпламаваным стаматолагам. Праўда, амаль для пяцісот тысяч падпісчыкаў у інстаграме яна ў першую чаргу не доктарка, якая лечыць зубы, а сяброўка, якая без купюр распавядае пра месячныя, цяжарнасць, усвядомленую жаніцьбу і іншыя рэчы, якія так ці інакш завязаныя на здароўі, сэксе і адносінах. Штодня з пытаннямі на гэтыя тэмы ёй пішуць сотні людзей. Магчыма, неўзабаве ўвесь гэты матэрыял стане асновай для яе будучай кнігі.
10.07.2018 / 12:38
Самы вялікі водгук сярод падпісчыкаў Ганны знайшла гісторыя пра яе шматгадовую барацьбу з анарэксіяй. Як аказалася, тэма вагі і незадаволенасці сваёй знешнасцю ў радыкальных формах тычыцца вельмі многіх.
Ганна Пратасава.
Па нашай просьбе Аня яшчэ раз, у падрабязнасцях, апісала падзеі цяпер ужо мінулых дзён, а таксама падзялілася досведам «заражэння» фемінізмам свайго бойфрэнда і распавяла, што яе раздражняе ў беларускім грамадстве.
— Я нарадзілася і вырасла ў Гомелі. Бацькі — звычайныя людзі: мама — дырэктарка крамы, тата працуе ў сферы будаўніцтва. Выбар медыцынскага для мяне быў абумоўлены некалькімі фактарамі: па-першае, у нашай сям'і вельмі шмат медыкаў, па-другое, адзіным прадметам, які даваўся ў школе без праблем, па якім я выйгравала алімпіяды, была біялогія. Акрамя таго, пасля таго, як я перахварэла на анарэксію, у мяне з'явілася вельмі шмат пытанняў да свайго здароўя і да таго, як уладкаваны арганізм у цэлым.
Менавіта гісторыя пра анарэксію, якой я шчыра падзялілася ў інстаграме, знайшла самы моцны водгук у людзей. Пасля гэтага эмацыйнага адкрыцця ў мяне з'явілася шмат новых падпісчыкаў. Я ніколі не імкнулася стаць блогеркай, у мяне не было да гэтай справы цягі. Усё выйшла само сабой. Проста ў нейкі момант я адчула, што мне не хапае камунікацыі, сяброў. Тады назапашаныя думкі, развагі я пачала публікаваць у інтэрнэце.
Кожны дзень мне ў дырэкт прыходзіць па 100—200 паведамленняў з рознымі жыццёвымі гісторыямі (напрыклад, пра першы сэкс, які здарыўся пасля вяселля, і што ён быў жудасны), просьбамі пра дапамогу або параду асабістага характару (кшталту: «ужо трэці хлопец пераспаў са мной і кінуў, што са мной не так?»). Я разумею, што мае падпісчыкі (у асноўным дзяўчаты) успрымаюць мяне як сяброўку, але ў далейшым я б хацела сфармаваць у сетцы больш салідны вобраз: доктаркі, якая пры неабходнасці можа быць сябрам.
Праўда, высветлілася, што для некторых пацыентаў тое, што я пішу пра сэкс, несумяшчальнае з маімі абавязкамі спецыялісткі. Адной з пераваг нашага ўніверсітэта і, у прыватнасці, факультэта з'яўляецца магчымасць з 3-га курса прымаць пацыентаў (сяброў, знаёмых, сваякоў, рэгістратуру, якая рызыкуе пайсці да студэнта). Такім чынам, пад канец 5 курса мы ўжо маем нейкі досвед і базу пацыентаў. Я актыўна, кожную пару, прымала пацыентаў, а яны клікалі да мяне сваіх сяброў, тыя — сваіх. Кажуць, што першы (другі і трэці) блін (=пацыент) сабаку, але ў мяне ўсё атрымлівалася. Пакуль на 5 курсе не з'явіўся блог… Знайшліся пацыенты, якія «не давяраюць лекару, які фоткае сваю дупу ў інстаграм і піша пра сэкс». Тыпу я не магу быць добрым спецыялістам, калі паралельна пішу ТАКОЕ. Гэтыя прэтэнзіі я пачула ад былых пацыентаў, якія яшчэ пару месяцаў таму казалі, што я — найлепшая ў сваёй галіне. Добра, што іх было няшмат. У цэлым, калі я аналізавала ўсю гэтую сітуацыю пасля, то знайшла ў ёй выключна плюсы: не мае людзі адфільтраваліся. А тыя, хто мысліць стэрэатыпамі, першапачаткова не былі маімі пацыентамі.
Падобная сітуацыя паходзіць на стэрэатып, які тыражавалі пасля флэш-мобу ў падтрымку забітай студэнткі ў Маскве (і распаўсюджваецца заўсёды, калі адбываецца гвалт над дзяўчынай). Пра тое, што ў такіх сітуацыях вінаватая ахвяра, таму што «на ёй было недастаткова адзення, занадта кароткая спадніца» і гэтак далей. (Пасля тых падзей многія дзяўчаты пачалі публікаваць у інстаграм фотаздымкі ў ніжняй бялізне і купальніках, каб даказаць і сказаць: іх цела — іх справа, а выкладзены здымак у купальніку — не дазвол на гвалт — Ніна). Я бачу ўсё гэта і раблю выснову, што ў постсавецкіх краінах мы яшчэ не хутка зменім стаўленне да каштоўнасці чалавечага жыцця, перастанем апраўдваць злачынствы.
Я чытаю вельмі шмат форумаў, СМІ. У прыватнасці, люблю надаць увагу каментарам да матэрыялаў. І кожны раз, калі думаю, што горш ужо няма куды, «горшае» здараецца. Калі абмяркоўваецца фемінізм, то абавязкова будзе куча каментаў пра «тупасць баб», «мужчынападобнасць» і ўсё ў такім духу. Пра гэта можна пісаць асобны матэрыял, але я не разумею, чаму людзі так радыкальна рэагуюць на слова фемінізм. Я скончыла медыцынскі, і толькі ў яго сценах была сведкай кучы прыкладаў дыскрымінацыі па палавой прыкмеце: так, хлопцаў накіроўваюць у хірургі па змоўчванні, таму што яны нарадзіліся хлопцамі, а калі ты дзяўчына — сардэчна запрашаем у тэрапію. Такіх прыкладаў процьма, і калі мне кажуць, што ніякай дыскрымінацыі ў Беларусі даўно няма (жанчыны галасуюць, працуюць — што яшчэ трэба), мне смешна.
Калі я глыбей пазнаёмілася з філасофіяй фемінізму (на курсе 3-м), то зразумела, што была феміністкай заўсёды. У грамадстве вакол гэтага тэрміна сканцэнтравана шмат негатыву і стэрэатыпаў, але на самай справе фемінізм — гэта, у першую чаргу, пра тое, каб мужчын і жанчын ацэньвалі нароўні, аднолькава і па іх заслугах.
Цікава, што, калі я толькі пачала адносіны са сваім хлопцам, ён доўга супраціўляўся маёй звычцы плаціць за сябе самастойна, майму жаданні самой адчыняць сабе дзверы… Ён спрабаваў настаяць на тым, што я «крохкая» дзяўчына, а значыць, мне трэба ва ўсім дапамагаць. Але хіба я не магу адчыніць сабе дзверы? Паступова малады чалавек прыняў маю пазіцыю і цяпер падтрымлівае многія ідэі фемінізму ў цэлым.
Што тычыцца анарэксіі, то гадоў да 14 у мяне не было ніякіх праблем з харчаваннем. Я ела ўсё, што хацела, і паралельна шмат займалася спортам. Пасля трэніровак дазваляла сабе ўсё: першае, другое і кампот. А потым усё рэзка памянялася. Я лічыла сябе пачварай, самаацэнка была на дне, і я практычна закінула спорт, затое не спынілася есці. Ежа стала маім суцяшэннем і падтрымкай.
Потым спрацаваў сіндром выдатніцы: трэба быць лепшай за ўсіх. А каб гэтага дасягнуць, трэба схуднець. У 15 я пачала рухацца да сваёй мэты: скідвала кілаграм за кілаграмам. Маімі любімымі групамі ва Укантакце сталі а-ля «40 кг», а ежа зводзілася да ёгуртаў, малака-гарбаты, садавіны і тварагу. Я імкліва худнела, але калі глядзела на сваё адлюстраванне, усё яшчэ лічыла сябе неідэальнай. У актыўнай стадыі анарэксія доўжылася паўгода: за гэты час я схуднела з 55 кілаграмаў да 37, і гэта пры росце 164 сантыметры. З'явілася куча праблем са здароўем: са скурай, адсутнасць менструацыі, пастаянны крывацёк з носа, вечна нізкі ціск, выпадзенне валасоў… Штосьці пасля аднавілася хутка, а вось валасы і стабільнасць цыклу прыйшлося аднаўляць вельмі доўга.
У 16-ць я сарвалася і зноў звар'яцела, стала залежнай ад булак і шакаладу — у маё жыццё ўварваліся булімія і разлад харчовых паводзін.
Больш за ўсё, вядома, пагоршылася псіхічнае здароўе. Толькі гады два таму мяне нарэшце цалкам адпусціла ўся гэтая гісторыя. Я змагла прымаць сябе такой, якой я ёсць. Да гэтага ж мне трэба было ўласнымі мазгамі зразумець, што я хварэю, што са мной нешта не так (на працягу некалькіх месяцаў я ўпарта адмаўлялася ад таго, што ў мяне хвароба і нядрэнна б пачаць папраўляцца). Так, пра гэта казалі дактары, паўтаралі блізкія, але пакуль я не ўсвядоміла ўсе маштабы трагедыі сама, пакуль не зразумела, што здароўе больш каштоўнае за аб'ём таліі, выздараўленне не пачыналася.
На жаль, я сутыкнулася з тым, што ў Беларусі няма цэнтралізаванай сістэмы дапамогі тым, хто пакутуе на анарэксію, булімію. А гэта актуальна для вельмі многіх дзяўчынак-падлеткаў! Хтосьці з іх лечыцца, а хтосьці так і жыве з харчовым расстройствам гадамі. На мой погляд, нам не хапае спецыялістаў, якія маглі б аказваць прафесійную дапамогу ў гэтай справе.
Праблемы з вагой і самаацэнкай, мне здаецца, ёсць у 95% дзяўчат. Калі я праводжу апытанні сярод сваіх падпісчыкаў, то высвятляецца, што амаль усе чымсьці ў сабе незадаволеныя. Я нікому не раю прымаць сябе такім, які вы ёсць, і прапаноўваць паступаць такім чынам і асяродку.
На мой погляд, усе мы здольныя мяняцца ў лепшы бок. І больш за ўсё заганяюцца з нагоды сваіх недахопаў менавіта тыя, хто нічога не робіць, не рухаецца наперад. Максімум — яны ствараюць ілюзію таго, што нечым занятыя.
Калі я выразна ўсвядоміла, што мой арганізм — гэта мультысусвет, які складаецца з мільярдаў клетак, і ён не падобны да мультысусвету іншых, я ўсвядоміла, што я такая ў сябе адна. І як можна гэтую ўнікальнасць не любіць? А хочаш нешта змяніць — проста пастаянна працуй над сабой, тады банальна не застанецца часу сядзець ля люстэрка і выглядаць там свае «заганы».
Сёння Ганна зноў не абмяжоўвае сябе ў ежы, але пры гэтым актыўна займаецца спортам: кросфітам і балетам.