Касцюм жэтончыка, панэлькі і не толькі. Ствараем беларускія вобразы на Хэлаўін
Напярэдадні Хэлаўіна, які ў Беларусі нефармальна святкуюць усё больш актыўна, мы вырашылі крыху пафантазіраваць і замест папулярных персанажаў для касплэю накшталт вядзьмарак, вампіраў ці герояў Marvel Comics падумаць над беларускімі варыянтамі.
28.10.2018 / 13:50
Пасля гарачых абмеркаванняў было вырашана паспрабаваць пераўвасобіцца ў жэтончык мінскага метрапалітэна, панэльку, супрацоўніка Мінскзеленбуда і адзін з бонсцікаў. Усе гэтыя вобразы ствараюцца хутка (што асабліва актуальна, калі вечарына не за гарамі) і не патрабуюцць шмат фінансавых выдаткаў. Але галоўны іх плюс, канешне, у непаўторнасці.
Бонсцік Вадзянік
Як вядома, новыя, ужо пятыя па ліку бонсцікі ствараліся паводле міфаў і легенд Беларусі — кансультацыі давалі нават супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук. Сярод 24 персанажаў нас скарыў гаспадар рэк і азёр Вадзянік, які больш за ўсё любіць «палохаць людзей, калі яны купаюцца ноччу. Баламуціць дно, пускае бурбалкі, плешча рукамі па вадзе і ганяецца за качкамі вярхом на сваім соме».
Для касцюма Вадзяніка бяром сінюю тканіну, як на коўдру, вусы і чырвоны кубак. З тканіны шыем нешта накшталт кароткага скафандра, фарбуем загадзя набытыя карнавальныя вусы.
Падчас падрыхтоўкі да Хэлаўіна мы згадалі пра трэнд на каляровыя валасы, які адрадзіўся і не сціхае ўжо другі год. Вядома, мала хто гатовы кардынальна змяніць колер на працяглы час. Аднак выхад знайшоўся! Для паўнаты вобразаў мы вырашылі скарыстаць лінейку адценачных бляск-бальзамаў Hot Colors ад «Беліта-М». Згодна з абяцаннямі вытворцы, бальзамы даюць патрэбнае адценне максімум на 2-3 тыдні.
Амаль паловай рэдакцыі мы пратэставалі адценачныя бальзамы на сабе. Спойлер: было весела, і нашы трэндавыя прычоскі атрымалі шмат кампліментаў ад выпадковых мінакоў.
Валасы нашага Ягора да афарбоўкі і пасля. Фарбаваўся ён бальзамам «Электрычны сіні».
Беларуская панэлька
Панэлькі — гэта тое, што ўсіх нас тым ці іншым чынам яднае. Чамусьці больш за ўсё ў Мінску імі славіцца Каменная Горка, але такі тып забудовы знойдзецца ў любым беларускім (і не толькі) раёне.
Каб стаць панэлькай, вам спатрэбіцца ўсяго нічога: кардонная каробка, фарбы, па жаданні — тканіна для будучых фіранак. Самае вясёлае ў стварэнні гэтага касцюма — канешне, размалёўка каробкі. Дайце волю фантазіі, уявіце, што можа адбывацца за акном кожнай кватэры дома, які вы ствараеце.
Дадаём валасам Волі больш «панэльнага» адцення з дапамогай бальзаму «Бліскучы графіт».
Супрацоўнік Мінскзеленбуда
Стваральнікі самых неверагодных і касмічных кветнікаў, тыя, хто падтрымліваюць у парадку сталічныя паркі і газоны — мы не маглі абмінуць увагай людзей, якія робяць Мінск зялёным і яркім.
Самыя добрыя супрацоўнікі гэтага прадпрыемства працуюць у Фрунзенскім раёне — менавіта яны дармова падзяліліся з намі формай са склада. Разынкай жа вобразу мы зрабілі вянок з восеньскага лісця.
Каця фарбавалася адценачным бальзамам «Дзёрзкі смарагд».
Жэтончык мінскага метрапалітэна
Жэтоны — самая надзейная беларуская валюта з 1992 года: менавіта тады ў метро пачалі выкарыстоўваць першыя малінавыя кругляшы. Калі не звярталі ўвагу, то паглядзіце: менавіта гэтая дата выгравіраваная на кожным жэтоне.
За 26 год нашы жэтоны перажылі не адну дэвальвацыю і дэнамінацыю, так што стварэннем касцюма ў іх гонар мы, можна сказаць, здымаем перад імі капялюш. Каб знайсці колер, блізкі да арыгіналу, мы змяшалі ружовую, чырвоную і фіялетавую гуаш.
Што тычыцца валасоў Наталлі, то тут вобраз жэтончыка перадаваў бальзам «Агнявы Фламенка».
Як вам нашы вобразы? Калі спадабаліся, паспрабуйце паўтарыць самі да 31 кастрычніка — сябры дакладна адзначаць ваш крэатыў.
ТАА «Беліка-М», УНП 190839042