Хуткая і сытная страва: фрыкадэлькі з фасоляй
Духмяная смаката, да таго ж вельмі сытная — тое што трэба ў халодны сезон.
17.11.2018 / 08:27
Як толькі тэмпература набліжаецца да нуля і з неба пачынае сыпаць ні то дождж, ні то снег, у мяне з'яўляецца моцнае жаданне залегчы ў спячку. Але зразумела, што важныя справы самі сябе не зробяць, і схавацца ад абавязкаў пад коўдрай не ўдасца. Ёсць варыянт мінімізаваць свае высілкі хаця б на кухні: гатаваць простыя, але смачныя стравы, якія не патрабуюць шмат дзеянняў. Сёння я прапаную вам варыянт стравы «усё ў адной каструлі»: тут і мяса, і грыбы, і фасоля. У выніку атрымаем духмяную смакату, да таго ж вельмі сытную — тое што трэба ў халодны сезон.
На фрыкадэлькі:
- 3 лусты батону;
- 500 г ялавічыны;
- 300 г свініны;
- 2 зубчыкі часнаку;
- некалькі галінак пятрушкі;
- 2 яйкі;
- 2 ст. л. мукі;
- алей для смажання.
Мяса пракручваем на фарш (ці адразу купляем гатовы). Батон замочваем у цёплым малацэ ці вадзе на 5 хвілін. Часнок і пятрушку дробна наразаем, дадаём да мяса. Змешваем мяса, адціснуты батон, яйкі, часнок і пятрушку, добра перамешваем.
Грэем алей на патэльні. Фармуем фрыкадэлькі, абвальваем іх у муцэ і смажым на патэльні да залатога колеру з кожнага боку. Перакладаем на папяровы ручнік, каб сышоў лішні алей.
Далей будзем змешваць наступныя інгрэдыенты:
- 1 цыбуліна;
- 1 ст. л. мукі;
- 2 лаўровыя лісты;
- 2 галоўкі гваздзікі;
- 1 ч. л. вэнджанай папрыкі;
- 3 ст. л воцату з чырвонага віна;
- 100 мл чырвонага віна;
- 120 г зялёных алівак без костак;
- 30 г сушаных грыбоў;
- 150 мл таматнага соку;
- соль, перац, мускатны арэх;
- 1 слоік кансерваванай белай фасолі;
- алей для смажання.
Грыбы заліваем 500 мл цёплай вады. Тым часам дробна наразаем цыбулю. У рондалі грэем 2 ст. л. алею, выкладаем туды цыбулю, лаўровы ліст, гваздзіку, папрыку і смажым да празрыстасці цыбулі. Дадаём лыжку мукі і смажым яшчэ дзве хвілінкі. Грыбы наразаем, ваду з-пад грыбоў захоўваем. Уліваем да цыбулі воцат, віно, таматны сок, ваду з-пад грыбоў, дадаём грыбы і аліўкі. Чакаем, пакуль соус закіпіць, і акуратна выкладаем да яго нашыя фрыкадэлькі. Змяншаем агонь, солім, перчым, дадаём мускатны арэх па смаку, накрываем накрыўкай і тушым хвілін 40. Напрыканцы дадаём кансерваваную фасолю, даём разам паварыцца хвілінак 5.