Абвінавачванай па «справе БелТА» засталася толькі галоўная рэдактарка Tut.by

29.11.2018 / 19:21

29 лістапада было задаволена хадайніцтва галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай аб спыненні крымінальнага пераследу на падставе арт. 86 КК (Вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці).

Ірына Леўшына заплаціла адміністрацыйны штраф 30 базавых велічынь (735 рублёў). Зараз па «справе БелТА» яна праходзіць як сведка. Падпіска аб нявыездзе адменена, як і забарона на выезд з краіны. Акрамя гэтага, Леўшынай вярнулі жорсткія дыскі, канфіскаваныя ў жніўні пры вобшуку ў яе дома, а таксама пры ператрусе ў рэдакцыі кампаніі БелаПАН.

Абвінавачванні з Ірыны Леўшынай былі знятыя ў дзень яе нараджэння.

На гэты момант абвінавачванай па «справе БелТА» застаецца толькі галоўны рэдактар ​​партала Tut.by Марына Золатава. Марыну Золатаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі. Усяго ж па «справе БелТА» праходзілі 15 журналістаў і рэдактараў.