Некалькі простых правіл — і вы не будзеце хварэць зімой
Зіма, мароз, завіруха. Ты адчуваеш, як холад лезе пад паліто, шчыпле рукі і шчокі, як ногі ў ботах паціху дранцвеюць. А пасля, у цёплым памяшканні, не можаш сагрэцца, калоцішся, п’еш гарбату і разумееш, што ўжо шморгаеш носам, а галава ідзе кругам — прастуда.
29.12.2018 / 10:26
Фота Shutterstock.
Як засцерагчыся ад сезонных захворванняў і што рабіць пры першых прыкметах прастуды, распавяла доктар-тэрапеўт медыцынскага цэнтра «Ладэ» Наталля Бузыноўская.
Пакуль вы не захварэлі
Лепш за ўсё, вядома, засцерагацца ад захворванняў, пакуль здаровы.
— Абірайце адзенне па сезоне
«У маразы апранацца трэба цёпла. Гэта ведаюць нават дзеці, і ніхто з гэтым спрачацца не будзе. Але нашымі, як цяпер прынята гаварыць, еўрапейскімі зімамі зусім неабавязкова захутвацца з галавы да ног. Напрыклад, у невялікі мароз не трэба хаваць нос у шалік. У носе знаходзяцца варсінкі, якія перашкаджаюць вірусам пранікаць далей у арганізм. Але моцнымі маразамі нос лепш схаваць, каб не запалілася слізістая. І абавязкова зімой трэба насіць шапку. Галава мерзне гэтаксама, як і любы іншы адкрыты ўчастак цела. Адсюль такія захворванні, як неўрыт, запаленне мазгавой абалонкі і гэтак далей», — расказвае Наталля Бузыноўская.
— Спіце не менш за восем гадзін, гуляйце не менш за гадзіну ў суткі
«Зімой не спяшайцеся пасля працы ўскочыць у перапоўнены грамадскі транспарт, а прагуляйцеся. І спаць будзеце лепш, і імунітэт умацуеце. Кожны дзень неабходна праводзіць на свежым паветры не менш за гадзіну. Старайцеся таксама не карыстацца ўзімку ліфтамі. Інфекцыя ў іх жыве вельмі доўга. Скараціце час знаходжання ў натоўпе людзей. Старайцеся часцей мыць рукі і твар, асабліва пасля таго, як праехалі у грамадскім транспарце, пабывалі у краме і г.д. Таму што вірусы захоўваюць сваю актыўнасць на целе чалавека значна даўжэй, чым у паветры».
— Харчуйцеся збалансавана
«Налягайце на прадукты, якія змяшчаюць вітаміны: садавіну і гародніну (цыбулю, рэпу, капусту, мандарыны, гранат і іншыя прадукты). У харчаванні павінны прысутнічаць стравы з рыбы і мяса (рыба не менш за 2—3 разы на тыдзень). І, безумоўна, не абысціся зімой без вугляводаў — гэта чорны хлеб і кашы. Іх лепш ужываць у першай палове дня, а мяса, рыбу з гароднінай, малочныя прадукты — у другой. Ні ў якім разе не трэба галадаць! Таксама можна перыядычна прымаць комплекс полівітамінаў, але пры ўмове, што ў вас няма супрацьпаказанняў».
ААТ «ЭКЗОН», УНП 200433278
Калі вы ўсё ж захварэлі
Як толькі вы адчулі недамаганне, піце шмат цёплай вадкасці: адвары, гарбату, проста цёплую ваду з лімонам, малако з мёдам.
Першая дапамога пры вірусных інфекцыях — гэта паласканне горла і носа.
«Горла рэкамендуецца паласкаць растворам фурацыліну. Нос можна прамыць саляным растворам або гатовымі салянымі сумесямі, якія прадаюцца ў аптэках без рэцэпту.
Калі паднялася тэмпература
Павышэнне тэмпературы цела — гэта ахоўная рэакцыя арганізма, якая ўзнікае ў адказ на інфекцыю. Пры павышэнні тэмпературы цела вірусам складаней размнажацца. Але калі з'явіўся галаўны боль, дрыжыкі, ламата ў целе, слабасць, тэмпература паднялася да 38 і вышэй, то рэкамендуецца прыняць гарачкапаніжальныя прэпараты. Калі на працягу двух дзён гэтыя сімптомы не зніклі, не займайцеся самалячэннем — звярніцеся да доктара.
Калі вы захварэлі, памятайце аб простых правілах: выконвайце пасцельны рэжым, насіце ахоўную маску, не забывайце праветрываць памяшканне.
Памятайце, што самы пік вострых рэспіраторных захворванняў прыходзіцца на канец зімы. Але беражыце здароўе і шануйце сябе кожны дзень, незалежна ад надвор’я за акном.