За год нараджальнасць у Беларусі абвалілася на 7,5%
Нараджальнасць скарацілася ў Беларусі за 11 месяцаў мінулага года на 7,5%, заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.
04.01.2019 / 12:51
Фота: Аляксей Сталяроў, Sb.by
«Сёння назіраецца зніжэнне колькасці нараджальнасці. За 11 месяцаў 2018 года, у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, тэмп склаў 92,5% у нараджальнасці, што прывяло да таго, што мы за 11 месяцаў страцілі ў колькасці насельніцтва амаль 15 тысяч чалавек», — цытуе міністра «СБ. Беларусь сёння».
Гэта абумоўлена, перш за ўсё, тым, што цяпер на авансцэну выходзіць група жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, якія нарадзіліся ў 90-я гады. Гэта малалікая група, падкрэсліла Касцевіч.
«Па прагнозах, колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту будзе зніжацца па прычыне таго, што ў нас скарачаецца нараджальнасць», — сказала міністр. Таму мэта — павялічыць інтэнсіўнасць нараджэння дзяцей, матываваць жанчын нараджаць больш дзяцей.
Па словах Касцевіч, калі ў 2016 годзе каэфіцыент нараджальнасці складаў у нашай краіне 1,73 (гэта значыць 1,73 дзіцяці на жанчыну рэпрадуктыўнага ўзросту), то ў 2017 — 1,54.
У той жа час міністр адзначыла, што меры, якія прымаюцца ў краіне па падтрымцы шматдзетных сем'яў даюць свае вынікі. Калі ў 2014 годзе дзяцей, якія нарадзіліся трэцімі і наступнымі, было 17 тыс., то ў 2015 — 20 тыс., у 2016 — 22 тыс., у 2017 — 21 тыс. Сярэдні тэмп прыросту склаў амаль 23%.