Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук гатова адкрываць дзверы нагой, паказваць пашпарт і крычаць: «Я — беларуска!»

На думку 28-гадовай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, вельмі несправядліва, што Беларусь у свеце пазнаюць толькі па дасягненнях нашых спартсменаў. 

19.01.2019 / 19:15

Опернае мастацтва Беларусі цяпер знаходзіцца на вельмі высокім узроўні, лічыць спявачка. Беларускіх салістаў запрашаюць выступаць у сусветнавядомых тэатрах, беларусы — пераможцы самых прэстыжных конкурсаў. 

Сама Маргарыта Ляўчук стала адкрыццём 2018 году.

Маргарыта Ляўчук.

Салістка Вялікага тэатра Беларусі і Музычнага дома «Класіка» Маргарыта Ляўчук — гэта новае імя на опернай сцэне Беларусі, нават не імя, а з’ява. Пра яе кажуць, што яна паўтарыла лёс Папялушкі. Нарадзілася ў маленькай вёсцы на Брэстчыне, а змагла скарыць оперныя сцэны не толькі Беларусі, але і замежжа. У мінулым годзе выйграла чатыры прэстыжныя оперныя конкурсы. Як атрымалася? Кажа, што «трэба мець дзве рэчы: талент і мару».

Цяпер яе цяжка заспець у Мінску: канцэрты, сустрэчы, выступленні. 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Margarita Levchuk (@margarita.levchuk.official)

Пагутарылі мы з Маргарытай па тэлефоне, пакуль яна знаходзіцца ў Харватыі, пасля яе — прэм’ера спектакля «Рамэа і Джульета» у італьянскай Равэне. 

«Ганарар мераю айфонамі»

«Пасля гэтага яшчэ безліч планаў! — расказвае з запалам Маргарыта. — Мяне чакаюць у тэатры, мяне завуць на канцэрты. І яшчэ: я не оперная дзіва, я — дзІвачка. Маленькая таму што. Мой дырэктар, Аляксандр Чахоўскі, калі тэлефануе мне, заўсёды пачынае словамі: «Ты толькі не крычы, не панікуй, але…». І расказвае, што мне за два тыдні неабходна вывучыць новую партыю. Вучу. Хоць крычу і псіхую, але вучу, бо цяпер я магу сабе дазволіць займацца толькі тым, што падабаецца, і быць там, дзе хачу быць». 

Маргарыта і яе дырэктар Аляксандр Чахоўскі.

Маргарыта прыгадвае гісторыю, калі яе папрасілі выступіць на карпаратыве. 

«У сэнсе, гэта столькі каштуе, вы ж спяваеце ўсяго дзве арыі?» — сказалі мне. На што я адказала: «Так, але я гэта раблю крута». Вам патрэбны толькі арыі, тады запрасіце студэнтак кансерваторыі». 

Маргарыта не саромеецца прызнацца, што яе выступы каштуюць дорага. 

«Цяпер я мераю кошт сваіх выступленняў айфонамі. Нядаўна памяняла тэлефон на 10-ты айфон і прыкінула, колькі яшчэ тэлефонаў я б дазволіла сабе з заробку за выступленне. Некалькі. Слухайце, я вучылася спяваць 16 гадоў. Я магу дазволіць сабе гэта». 

Маргарыта Ляўчук вырасла ў невялічкім пасёлку Страдзічы, што каля Брэста, спявала з дзяцінства. Пасля была і музычная школа, і музычны каледж, і Акадэмія музыкі. 

«Опернай спявачкай быць не хацела ніколі. Наадварот, мяне раздражняў гэты піск оперных спявачак. Я думала, ну як так можна? А пасля ўбачыла ў тэатры оперу «Кармэн». Але не яна ў выніку стала маім любімым творам. Я цяпер у любым стане, нават разбудзі мяне ноччу, я заспяваю арыю Кунігунды з мюзікла Бернстайна «Кандыд». Настолькі мая гераіня, мой характар». 

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Margarita Levchuk (@margarita.levchuk.official)

«Плёткі пра мяне? Ха! Я сама далью алею ў агонь!»

На пытанне, які ж характар у Маргарыты, яна адказвае проста: «Я Авен». 

Быць Авенам для Маргарыты Ляўчук — гэта заўсёды гаварыць праўду, не баяцца свайго меркавання і нікому не верыць. 

«На сцэне я салдат. Ні аднаму з гледачоў не цікава, што ў цябе адбываецца ў жыцці, што ты хворы, што няшчасны. Калі я выйшла на сцэну, я змагаюся. А што датычна таго, што кажуць у цябе за спінай, мае перажыванні на гэты конт развеяла мая выкладчыца». 

Педагог расказала, што калі была маладзейшай, у тэатры хадзілі плёткі пра яе настолькі недарэчныя і крыўдныя, што маладая тады вакалістка чырванела, перажывала і плакала. Але мінула ўсяго некалькі год і неяк паступова гаварыць сталі радзей і радзей. Пакуль ты малады і знакаміты — ты цікавы ўсім. 

«Так што хай гавораць! Ха! Гэта ж опера. Вы што? Тут такі свет інтрыг і плётак, любы шоу-бізнес пазайздросціць. Але я ў пэўны момант зразумела, што змагацца з плёткамі пра сябе бессэнсоўна, таму я проста падліваю алею ў агонь. У вас раман з тым тэнарам? Канечне! Вы сустракаецеся з вашым партнёрам па спектаклі? Ну што вы? Я пераехала да яго жыць! Абажаю бачыць гэтую разгубленасць на тварах сваіх «добразычліўцаў». А праўды ўсё адно не даведаецца ніхто!» 

НН: «А ў чым усё ж праўда? Ваша сэрца занятае? 

«Я маладая, прыгожая, з выдатнай фігурай, разумная і багатая. Вы думаеце, такая жанчына можа быць адна? Ніколі ў жыцці! Канечне, сэрца занятае. Для мяне ў адносінах важна было, каб мой мужчына мяне любіў, а не дзяўбаў мне мозг. І самае галоўнае, каб ён мог мяне рассмяшыць. А то ёсць такія, якія пачынаюць істэрыць, калі трэба было ў спектаклі цалавацца з партнёрам. Спрабуюць забараняць. Я ў асабістых адносінах каралева. Я сама вырашу, што мне рабіць і забараняць мне не можа ніхто!» 

Брат пра аголеную фотасесію: «Малая, ты агонь»!

Так было і з фотасесіяй, у якой Маргарыта знялася аголенай. 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Margarita Levchuk (@margarita.levchuk.official)

«Мне прапанавалі, я адразу пагадзілася. Хаця мае бацькі не зразумелі гэтага. Затое малодшы брат Ромка напісаў нешта накшталт: «Малая, ты агонь». Здымацца амаль голай, гэта так цікава, так шчыра. Я ганаруся сваім целам, чаму б яго не паказаць і не захаваць на стужцы? Ведаеце, што самае прышпільнае? Калі табе знаёмыя хлопцы, калегі пачалі пісаць, калі часопіс выйшаў: «Сяджу зараз, гартаю часопіс. Ты тут такааааая». А ні адна жанчына-калега ніяк не адрэагавала. Зайздрасць гэта ці што? Мне фатограф той піша, што гатовы яшчэ зрабіць адну фотасесію бясплатна. Абавязкова, як буду ў Мінску, пагаджуся». 

Пытанне, калі яна будзе ў Мінску, пакуль адкрытае. 

У Мінск — на канцэрт Макса Каржа

«Натуральна, прыеду на некалькі дзён і з’еду зноў. Планую ў ліпені паўдзельнічаць у пастаноўцы оперы Манюшкі «Verbum nobile», якую «Музычны Дом «Класіка» ставіць пад адкрытым небам на хутары «Дудара». Калі супадзе графік, то абавязкова схаджу на канцэрт Макса Каржа ў Мінску». 

Маргарыта Ляўчук для здымак перадачы «Belsat Music Live» заспявала хіт Макса Каржа «У цемры». 

НН: «Макс вам нешта адказаў на гэты выступ? Звязваўся з вамі?» 

«Я вас прашу! Я думаю, што ён не бачыў нават таго выступу! Ён жыве сваім жыццём, робіць класную музыку і не звяртае ўвагу на тое, што адбываецца навокал. Але я падпісаная на яго ў сацсетках». 

На пытанне, ці можа так здарыцца, што Маргарыта можа змяніць оперную сцэну на эстраду, оперная дзіва адказвае, што ні ў якім разе. 

«Беларуская опера цяпер на такім уздыме! Новыя пастаноўкі, новыя рэжысёры. Салісты запатрабаваныя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Я так ганаруся сваімі калегамі. І вельмі прыкра, што мала хто ведае, што беларускія оперныя спевакі — лепшыя ў свеце. Яны перамагаюць у самых прэстыжных конкурсах. А гэта вам не якое-небудзь «Еўрабачанне». Мне часам хочацца ў замежных паездках адкрываць дзверы нагой з беларускім пашпартам у руках і крычаць з парога: «Я — беларуска!» 

Беларуская мова — мая. Чаму я павінна яе забывацца?

І пасты ў інстаграме ў Маргарыты па-беларуску.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Margarita Levchuk (@margarita.levchuk.official)

«Гэта мая мова. Чаму я павінна на яе забывацца і саромецца? Іншая справа, што даводзіцца дубляваць у інстаграме на рускую ці англійскую. Не ўсе сябры — беларусы. А тое, што за мяжой заўсёды просяць выканаць што-небудзь беларускае, то гэта заўсёды калі ласка».

Маргарыта прызнаецца, што часцей за ўсё па просьбах замежнікаў выконвае дзве беларускія песні. «Купалінку» і «Калыханку».

«Пакрысе, на расе…» Замежнікам падабаецца. Заўсёды рэакцыя «Ваў». Ды не толькі беларускія песні ім падабаюцца. Перад Новым годам у нас быў выступ у Вільнюсе. Аркестр цудоўны, дырыжор Мадэстас Пітрэнас. Ведаеце, такі кайф, калі табе не трэба перажываць за аркестр. Ты проста выходзіш і насалоджваешся музыкай. Дык вось. Пасля канцэрту — банкет. Да мяне падыходзіць жанчына-музыкантка. І кажа: «Нам калі сказалі, што саліраваць будзе нейкая дзяўчынка з Беларусі, у аркестры былі размовы накшталт: «І што гэта? Што там могуць умець у той Беларусі?». Але калі вы ўзялі першую ноту, стала зразумела, што працуем з Талентам і Прафесіяналам».

Маргарыта з літоўскім дырыжорам Мадэстасам Пітрэнасам.

Оперныя спявачкі не могуць дазволіць сабе перад выступам сэкс і арэхі

У няпростай працы опернай спявачкі, расказвае Маргарыта, ёсць таксама свае мінусы.

«Арэхаў нельга есці перад выступленнем. Раптам закашляюся. Для голаса шкодна. Сэксам перад выступленнем я не магу займацца. І самая вялікая праблема, — смяецца Маргарыта, — часам не хочацца апранаць канцэртную сукенку ў другі раз».

Маргарыта кажа, што яна не шапаголік.

«Ды не люблю я хадзіць па магазінах. А наогул, ведаеце, пра што мару?»

НН: Сольны канцэрт у «Метраполітэн-опера»?

«Ха, ну гэта зразумела. Гэта ў планах. Але мару, каб у мяне быў асобны памочнік па валасах і макіяжы. Хаця, вось нашы мужчыны ў тэатры наадварот робяць кампліменты, калі я прыходжу не нафарбаваная. Ніякага стымулу навучыцца рабіць гэта самой!».

Наталля Тур, фота з архіваў гераіні