Сядзець за сталом у чаравіках з абцасамі — гэта зло. Размова з доктарам пра варыкоз
Дзмітрый Юшкевіч працуе доктарам-хірургам у медыцынскім цэнтры «Конфідэнс». Ужо амаль восем год ён спецыялізуецца менавіта на флебалогіі — хваробах вен.
10.02.2019 / 10:09
Флеболаг Дзмітрый Юшкевіч.
Дзмітрый сцвярджае, што няма такой жанчыны, у якой на нагах не было б хаця б адной невялічкай венкі ці зорачкі.
«А гэта ўжо варыкозная хвароба», — кажа доктар.
Існуе розная статыстыка, колькі чалавек пакутуе ад гэтай хваробы. Адны дактары агучваюць, што каля 50% працаздольнага насельніцтва пакутуе на варыкозную хваробу, жанчыны — часцей прыкладна ўдвая, іншыя ўпэўненыя, што ў 80% беларусаў можна выявіць варыкоз.
Прадавачкі, афіцыянты і вайскоўцы пакутуюць ад варыкозу часцей за іншых
Большасць тых, у каго ёсць праблемы з нагамі, — гэта жанчыны.
«Прычын некалькі. Па-першае, захворванне перадаецца ў спадчыну менавіта па жаночай лініі. Па-другое, цяжарнасць і роды — гэта асноўная прычына варыкозу ў жанчын. Яшчэ нельга выключаць такія фактары, як гармоны, высокія абцасы і цяжкую фізічную працу. Як гэта ні дзіўна, але самую цяжкую фізічную працу ў нас выконваюць менавіта жанчыны. Узяць хаця б працу прыбіральшчыцы».
Дзмітрый Юшкевіч расказвае, што найчасцей яго пацыенткі — афіцыянткі, прадавачкі, бо яны ўвесь час на нагах. Не радзей прыходзяць касіркі і бухгалтаркі — хто, наадварот, сядзіць на працоўным месцы па дзесяць гадзін запар.
«Асноўная памылка, якую робяць жанчыны, што маюць сядзячую працу, — яны сядзяць у чаравіках на абцасах. Так нельга, хаваць пад стол ногі ў абутку на абцасах — няправільна. Ад гэтага ногі стамляюцца, бо яны знаходзяцца ў нязручным становішчы».
Сярод мужчынскіх прафесій, прадстаўнікі якіх часцей пакутуюць ад варыкозу, — прафесійныя спартоўцы, вайскоўцы, міліцыянты.
«Мужчыны хварэюць цяжэй, бо яны да доктара звяртаюцца толькі ў крайніх выпадках, калі ногі пачынаюць моцна балець. Шмат каго сілком прыводзяць жонкі, маўляў, рабіць дома нічога не хоча, а на боль у нагах скардзіцца. Яшчэ варта адзначыць, што варыкоз значна памаладзеў. Майму самаму малодшаму пацыенту 9 гадоў, ён хакеіст».
Цяжар у нагах — прадвесце варыкозу
Дзмітрый Юшкевіч сцвярджае, што нельга пакідаць без увагі нават нязначныя на першы погляд сімптомы: цяжар у нагах, стомленасць, апухласць (ацёкі).
«Варта раз на год прыйсці да доктара, зрабіць УГД (ультрагукавое даследаванне) вен і ведаць, што адбываецца ў вашым арганізме. Своечасовае абследаванне дапаможа выбраць той метад лекавання, які вам пасуе, і выключыць іншыя прычыны хваробы ног. Ногі ж могуць апухаць (ацякаць) і ад праблем з ныркамі ці сэрцам. Так што гэта не жарты».
Спосабаў вылечыць вены насамрэч вельмі многа, кажа доктар. Інавацыйныя методыкі ў Беларусі выкарыстоўваюць пакуль толькі платна.
Як жа можна вылечыць варыкозную хваробу?
«Існуе так званае кансерватыўнае лекаванне: нашэнне кампрэсійнага трыкатажу, карыстанне мазямі, змена ладу жыцця і некаторых звычак. Але ні ў якім разе нельга займацца самалячэннем. Толькі спецыяліст можа вызначыць, ці дапаможа вам такі спосаб».
Другі метад — хірургічнае ўмяшанне.
«Паступова дактары-флеболагі імкнуцца замяняць такія аперацыі больш сучаснымі метадамі лячэння, бо пацыенты адмаўляюцца ад агульнага наркозу, ды і пасля разрэзаў на назе застаюцца шнары, што неэстэтычна».
Цяпер у Беларусі выкарыстоўваюцца і больш прагрэсіўныя методыкі.
«У нас быў амаль анекдатычны выпадак, калі прыехаў прафесар з Ізраіля і паказваў, як аперыраваць вены лазерам. Ён бачыць, што яго аперацыя не выклікае ў нашых дактароў ні захаплення, ні дадатковых пытанняў. Мы запыталіся ў яго: «Колькі аперацый вы зрабілі такім спосабам?» Ён кажа: «Недзе каля 40». На што мы, беларускія дактары, адказалі, што робім такіх аперацый па 150 на год. Так што медыцына ў Беларусі на высокім узроўні».
Акрамя лазернай тэрапіі, сёння вены выдаляюць яшчэ і праз склератэрапію, калі ў вену ўводзіцца хімічны прэпарат і склейвае яе.
«Аперацыю па выдаленні вен цяпер называюць «аперацыяй абедзеннага перапынку». Бо можна прыйсці ў абед на працэдуру, а пасля спакойна вярнуцца да працы. Адметнасць сучасных метадаў тэрапіі варыкозу ў тым, што з імі амаль адсутнічае перыяд рэабілітацыі. Пасля аперацыі проста трэба выконваць пэўныя рэкамендацыі доктара. Напрыклад, шмат хадзіць, гадзіны па тры на дзень. Толькі 2% пацыентаў пасля аперацыі ўжываюць болепатольныя (абязбольвальныя)».
Сучасныя метады лячэння не патрабуюць і агульнага абязбольвання або наркозу.
«Робіцца ўкол каля вены, а чалавек знаходзіцца ў прытомнасці. Мужчыны, пераважна, падчас аперацыі спяць. Нават спецыяльна просяць рабіць акуратна, не будзіць. Але я не ведаю ніводнай жанчыны, якая б падчас аперацыі заснула. Жанчыны, часцяком, усю працэдуру гавораць, не спыняючыся».
Апошнім часам стаў папулярным і такі напрамак, як касметычная флебалогія.
«Мы выдаляем не толькі зорачкі на нагах, але і вены на твары, руках, на палавых органах. Канечне, папярэдне кансультуем чалавека: калі аперацыя не трэба, адгаворваем. Але здараецца, што да нас прыходзяць людзі публічных прафесій, якім важна выглядаць эстэтычна. Тыя ж піяністкі, якія выступаюць у адкрытых уборах: ім важна, каб рукі былі прыгожымі».
Дзмітрый Юшкевіч катэгарычна не згодны з тым, што трэба адмаўляцца ад лячэння выключна праз узрост.
«Існуе такое азначэнне, як якасць жыцця. У мяне ёсць пацыентка, якой 86 гадоў. Ёй не рабіць аперацыю? А калі яна будзе жыць да 100 гадоў, ёй што, яшчэ 20 год пакутаваць ад болю ў нагах?»
Больш за тое, працягвае доктар, варыкоз вельмі небяспечна запускаць, бо гэта можа справакаваць і развіццё трамбозаў і тромбафлебітаў.
«Адарваны тромб можа перамясціцца з токам крыві ў любы орган і выклікаць інфаркт ці інсульт. Пры запушчанай хваробе могуць развіцца трафічныя язвы. Нічога добрага, калі ногі гнояцца, няма».
Цяпер, у зімовы перыяд, расказвае Дзмітры Юшкевіч, колькасць аперацый павялічваецца.
«Лета — час кансультацый. Калі ў гарачыню ногі мацней ацякаюць, людзі пачынаюць часцей задумвацца, што ў арганізме адбываецца нешта не тое. Я вельмі ўсцешаны тым, што людзі сталі часцей думаць пра сваё здароўе, што своечасова звяртаюцца да доктара».
Парады, каб засцерагчыся ад варыкозу, у медыкаў простыя.
«Пазбаўляйцеся ад звычкі сядзець «нага на нагу», хадзіце больш пешшу, займайцеся спортам, выбірайце зручны абутак. І абавязкова раз на год наведвайце флеболага».