Мінздароўя: Інфармацыю пра палавое жыццё школьніц медыкі не павінны перадаваць нікому

20.02.2019 / 19:11

Інфармацыю пра палавое жыццё непаўналетніх медыкі не павінны перадаваць нікому, нават бацькам, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам, калі ёсць пагроза жыццю і здароўю дзіцяці або іншых людзей. Пра гэта заявіла БелТА начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Людміла Лёгкая.

Чытайце таксама: «Падлеткі могуць адмовіцца ад гінекалагічнага агляду». Як апраўдваюцца дактары пасля таго, як ім даручылі паведамляць міліцыі пра сэкс

«Медыцынскія агляды — гэта абсалютна добраахвотна, мы нікога не прымушаем. Па заканадаўстве дзеці на ўсе простыя медыцынскія ўмяшанні, у тым ліку агляды, самі могуць даваць ці не даваць згоду з 14 гадоў. Але так склалася гадамі, што да нас прыходзяць амаль 99% усіх дзяцей — арганізавана класамі або самастойна ў месяц свайго нараджэння. Плюс, калі дзеці хварэлі і ім праводзілася даследаванне, то мы гэтыя даныя бярэм пад увагу», — сказала Людміла Лёгкая.

Яна ўдакладніла канкрэтныя сітуацыі, якія даюць падставу для ўмяшання праваахоўнікаў: калі дзяўчынка, якой яшчэ няма 16 гадоў, цяжарная, калі пры аглядзе знойдзены траўмы і пашкоджанні, якія сведчаць пра супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да яе (гэта могуць быць прыкметы згвалтавання, умяшанні для штучнага перапынення цяжарнасці), а таксама ў тых выпадках, калі дзіця само распавядае пра такія факты.

Гэтую тэму пракаментаваў журналістам і віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка. Ён адзначыў, што чуткі пра тое, што пасля планавых аглядаў лекары будуць паведамляць ва УУС пра факты палавога жыцця школьніц да 16 галоў, — укід у інфармацыйную прастору, дзьмутая, абсалютна безгрунтоўная сенсацыя.