Чаму мы лысеем і што з гэтым рабіць — тлумачыць дэрматолаг
«Пакуль не стала модна быць лысым і пакуль не з’явіліся высокаэфектыўныя сродкі па барацьбе з алапецыяй, або аблысеннем, эмацыйныя перажыванні мужчын у сувязі з гэтай праблемай былі параўнальныя з перажываннямі пры імпатэнцыі. Некаторыя аблысення баяліся нават больш», — уводзіць у праблему доктар-дэрматолаг, дацэнт кафедры дзерматавенералогіі і касметалогіі БелМАПА Наталля Паплаўская.
28.05.2019 / 11:44
Фота Pixabay.
Праблема рэдкіх валасоў так ці інакш закранае 65% насельніцтва Беларусі ва ўзросце ад 25 да 55 гадоў. У гэты ж час да дэрматолагаў з праблемай выпадзення валасоў звяртаюцца толькі 8% беларусаў. Прынята лічыць, што калі чалавек лысее, то вінаватыя гены.
«Вядома, гены сапраўды ўплываюць на якасць і колькасць валасоў. Андрагенетычная алапецыя можа назірацца і ў здаровых мужчын з 17 гадоў, і нават у маладых жанчын да 30 гадоў, не кажучы пра больш старэйшы ўзрост», — адзначае дэрматолаг.
У працэсе гэтага віду аблысення валасы становяцца больш тонкімі, кароткімі і менш пігментаванымі. У мужчын і жанчын малюнак аблысення адрозніваецца. Калі ў мужчын з’яўляецца заўважная лысіна, то валасы жанчыны значна радзеюць уздоўж прабора.
«Але не толькі гены вінаватыя ў аблысенні, — працягвае Наталля Паплаўская. — Часта яго правакуюць стрэс, інфекцыі і захворванні эндакрыннай сістэмы, хваробы стрававальнай сістэмы, у выніку якіх парушаецца працэс усмоктвання і засваення вітамінаў і мікраэлементаў, розныя дыеты, роды і кармленне грудзьмі, захворванні сасудаў, дысбаланс вегетатыўнай нервовай сістэмы. Прычым аблысенне можа развіцца праз 3—4 месяцы пасля ўздзеяння прычыннага фактару. Бывае, чалавек перанёс хваробу тры месяцы таму, а валасы пачалі выпадаць толькі цяпер. Таму, калі ў вас з’явіліся праблемы з валасамі, варта абавязкова паказацца дэрматолагу альбо касметолагу, які прызначыць неабходныя аналізы».
Праблема аблысення аднолькава турбуе як жанчын, так і мужчын. І яшчэ пытанне, каго больш.
«Мужчыны вельмі балюча ўспрымаюць тое, што пачынаюць лысець. Часам падчас лячэння ад аблысення пацыенту патрабуецца спадарожная дапамога псіхатэрапеўта. Працэс лячэння займае працяглы перыяд. Здараецца, калі чалавек не бачыць хуткага выніку, пачынае перажываць, што яму ўжо нічога не дапаможа», — тлумачыць дэрматолаг.
Ці ёсць сэнс змагацца з аблысеннем? Наталля Паплаўская перакананая, што ёсць. Сённяшнія веды, сучасныя метады дыягностыкі і лячэння аблысення вырашаюць гэтую праблему. Самае важнае — вызначыць сапраўдную прычыну хваробы і выпрацаваць адпаведную тактыку, як з ёй змагацца. Чым раней будзе пачатае лячэнне, тым вышэй яго эфектыўнасць.
Сёння дактары-дэрматолагі маюць у сваім арсенале эфектыўныя сродкі вонкавага прымянення, рэкамендаваныя для лячэння андрагенетычнай алапецыі ў жанчын і мужчын. Як правіла, іх наносяць з дазатара-распыляльніка 1—2 разы на працягу дня на ўчасткі выпадзення валасоў. Эфект ад лячэння становіцца заўважным праз 3—4 месяцы пасля яго пачатку. Але паколькі першасныя вынікі трэба падтрымаць, поўны курс доўжыцца ад 6 да 12 месяцаў. Прызначыць лячэнне канкрэтным прэпаратам павінен доктар, з улікам індывідуальных асаблівасцяў пацыента.
Часам можна пускаць у ход і хатнія сродкі.
«Народныя сродкі, да якіх адносім, напрыклад, дзядоўнік, могуць быць добрым дадаткам да сучасных метадаў лячэння. Ёсць цэлая серыя шампуняў і сродкаў для догляду за валасамі на аснове алею з лопуху, якія прадаюцца ў аптэках і добра сябе зарэкамендавалі. Чаму не? — рытарычна пытаецца Наталля Паплаўская. — Да народных метадаў можна аднесці тэрапію любымі прэпаратамі расліннага паходжання, якія ў тым ліку аказваюць раздражняльнае ўздзеянне. Фітапрэпараты параўнальна бясшкодныя і даступныя. Часта ўжываюць, напрыклад, лісце крапівы, корань лопуху, кветкі календулы, траву святаянніка, мацярдушкі, шышкі хмелю. Аднак пры ўсёй вонкавай бяспецы фітапрэпараты могуць выклікаць алергічныя рэакцыі».
Калі гаворка ідзе пра аблысенне, нельга забываць, што на якасць і колькасць валасоў могуць уплываць хваробы скуры галавы, якіх даволі шмат. Любыя змены — лушчэнне, высыпанне, сверб, станчэнне валасоў, ломкасць — павінны весці на прыём да доктара-дэрматолага.
Трэба таксама ўлічваць, што бесперапынна ідзе натуральнае абнаўленне валасоў. У суткі незаўважна для нас саміх выпадае каля 100-150 валасоў, якія застаюцца на расчосцы ці ў ракавіне ванны. Гэта не павінна выклікаць паніку, але, каб супакоіць сябе, асабліва калі ў сям’і былі тыя, хто рана пасівелі ці аблыселі, звярніцеся да спецыяліста. Ён параіць, як правільна даглядаць за валасамі, ад якіх прадуктаў трэба адмовіцца, а якія, наадварот, варта ўключыць у свой рацыён, пракансультуе па прыёме вітамінаў і мікраэлементаў ці прызначыць дадатковае абследаванне.
Фота Pixel-Shot / Shutterstock.
«Валасы адыгрываюць важную ролю ў нашым жыцці, яны здаўна лічацца адным з атрыбутаў вонкавай прывабнасці. Што датычыцца догляду за імі, то не варта грэбаваць сучаснымі прафесійнымі метадамі паляпшэння якасці валасоў: апаратнымі і ін’екцыйнымі методыкамі, мезатэрапіяй. А што адносна штодзённага догляду, то раю выкарыстоўваць сродкі для абароны ад ультрафіялету, тэрмальную ваду, увільгатняльныя спрэі. Калі ёсць неабходнасць у частым мыцці валасоў, то лепш рабіць гэта ў ранішнія гадзіны, вада не павінна быць гарачай», — нагадвае Наталля Паплаўская.
Ёсць адна памылка, якую дапускаюць амаль усе: пры выбары шампуню трэба браць не той, што падыходзіць пад пэўны тып валасоў, а той, што прыдатны для скуры галавы.
«Калі будзе здаровая скура, вы ўбачыце, якімі паслухмянымі і прыгожымі стануць і вашы валасы», — падсумоўвае дэрматолаг Наталля Паплаўская.