Гатуем шакшуку — усходнюю яечню з памідорамі
Не спыняюся здзіўляцца разнастайнасці нацыянальных кухняў. І справа не толькі ў адрозненні прадуктаў, якія можна знайсці ў той ці іншай краіне, але і ў традыцыях. Возьмем, напрыклад, сняданак. У Італіі ці Францыі ён традыцыйна салодкі — маленькі круасан і кава, а ў Англіі падобны на сапраўдны абед з кілбаскамі і фасоляй.
01.06.2019 / 08:52
Мне бліжэйшы варыянт пасярэдзіне — каша ці яйкі і ў дадатак трошкі салодкага. Але нядаўна я ўлюбілася ва ўсходні сняданак — шакшуку, ці па-простаму яечню з памідорамі. Само слова перакладаецца як «сумесь», таму не дзіўна, што сустракаецца безліч рэцэптаў шакшукі — з нутам, кілбаскамі, сырам, шпінатам. Сёння мы з вамі зробім класічны варыянт з цыбуляй і перцам, але памятайце, што эксперыментаваць тут можна бясконца!
Нам спатрэбіцца:
- 4 яйкі;
- 1 цыбуліна;
- 1 невялікі балгарскі перац;
- 4 вялікія салодкія памідоры ці слоік памідораў у сваім саку;
- пятрушка;
- соль, перац;
- папрыка.
Цыбулю дробна наразаем. Памідоры і перац рэжам кубікамі.
На патэльні разаграём алей і смажым цыбулю, праз некалькі хвілін дадаём перац і даём трохі пастаяць на агні.
Укідаем памідоры і тушым усё хвілін 5, пакуль большасць вадкасці не выпарыцца. Солім і перчым, дадаём папрыку і перац чылі, калі вы любіце стравы вастрэйшыя.
Робім 4 лункі ў памідорнай сумесі і разбіваем у кожную па яйку. Накрываем накрыўкай і даём падсмажыцца ад 5 да 10 хвілін (час залежыць ад таго, любіце вы цвёрды жаўток ці больш вадкі). Перад падачай пасыпаць свежай пятрушкай.
Смачна есці!