«Есть даже зрители из Японии». На Ютубе появился белорусскоязычный канал для детей
На YouTube з'явіўся беларускамоўны канал для дзетак. Яго галоўныя героі — Вера і Ян — праводзяць цікавыя эксперыменты і вучаць малых словам на роднай мове.
09.07.2019 / 18:54
Запусціць ютуб-канал для маленькіх журналістка Вольга Чайчыц — мама Веры і Яна — збіралася даўно: сама сутыкнулася з тым, што беларускамоўнага кантэнту не хапае. Мульфільмы на роднай мове і праекты для дзяцей у СМІ — гэта вельмі мала.
Магчыма, падштурхнуло і тое, што Ян і Вера рэдка размаўляюць па-беларуску, хоць і чуюць родную мову ад бацькоў.
— Мы жывём у Фаніпалі, і тут няма ні беларускамоўных садкоў, ні школаў. Вазіць у Менск проста няма магчымасці. У дзяцей усё асяроддзе рускамоўнае, таму яны ідуць за большасцю. Хоць дома мы з мужам размаўляем па-беларуску і прыкладаем шмат намаганняў, каб дзеці пераймалі гэту звычку. Але калі мы едзем да сяброў, чые дзеці беларускамоўныя, нашы за імі адразу паўтараюць.
Месяц таму, як выйшла ў адпачынак, Вольга вырашыла паспрабаваць зрабіць пару ролікаў — і закруцілася.
Канал разлічаны на дашкольнікаў. У відэа дзеці разбіраюць цацкі, ставяць эксперыменты і вучаць беларускім словам (напрыклад, назвам колераў і жывёлаў). Запісвалі таксама аўдыяказкі, але фармат аўдыторыі не зайшоў.
— Дзецям здымаць ролікі вельмі падабаецца. Асабліва радуецца малодшая Вера. І плюс, я думаю, гэта карысна для іх — праводзіць эксперыменты, шукаць новыя ідэі. Калі ты робіш гэта для канала, больш увагі надаеш вывучэнню інфармацыі, старанна рыхтуешся.
Троххвілінны ролік сям’я здымае гадзіну.
— Але ў мяне шмат часу ідзе на мантаж, бо я толькі зараз пачала вучыцца гэтаму і не ўсе функцыі пакуль ведаю, — дзеліцца маладая мама.
Першыя відэа Вольга падпісвала па-руску: думала, што так можна прыцягнуць і рускамоўную аўдыторыі. Пазней ад гэтага адмовілася — няма сэнсу. Праўда, замежныя гледачы ў канала ўсё ж ёсць. Ролікамі на роднай мове зацікавіліся беларусы, якія жывуць у Канадзе, ЗША, Японіі.
Чаму дагэтуль у сеціве не было беларускамоўнага дзіцячага канала? На думку Вольгі, прычына ў тым, што на такім кантэнце цяжка зарабіць і набраць падпісчыкаў.
— Мы бачылі толькі адзін такі дзіцячы канал — Stefanie and Family. Яны рабілі некалькі беларускамоўных відэа, але цяпер ад іх адмовіліся, бо было мала праглядаў. На YouTube амаль ніхто не шукае беларускамоўнае відэа, таму што не ведае, што такое ёсць. І, адпаведна, кантэнт не трапляе ў рэкамендаванае. Мы разумеем, што аўдыторыя можа прыйсці, толькі калі самі будзем прасоўваць канал праз сацыяльныя сеткі.