«Расісцкія абразы мяне не кранаюць». Афрабеларуска, якая ідзе ў дэпутаты, — пра палітыку, моладзь і беларускую мову
Алана Гебрэмарыям — 22-гадовая выпускніца медуніверсітэта. Яна мае эфіопскія карані, але размаўляе па-беларуску, любіць нашу краіну і перажывае, што моладзь не хоча заставацца тут. Сёлета дзяўчына вырашыла пайсці ў дэпутаты — яна вылучаецца па Грушаўскай выбарчай акрузе №98 Мінска. Алана расказала «Нашай Ніне» пра свой шлях да беларускай мовы, расізм, хлопцаў, што хочуць хуткіх адносін, палітыку і змены, якія хацела б бачыць у краіне.
07.10.2019 / 12:05
«У дзяцінстве мне не падабалася, калі мяне называлі чукчай, цыганкай»
У Мінску Алана жыве з нараджэння. Маці, беларуска-полька, таксама адсюль, бацька — з Эфіопіі. Калісьці яму як аднаму з найлепшых навучэнцаў прапанавалі паехаць па вышэйшую адукацыю ў Савецкі Саюз. У Мінску тата Аланы вучыўся на інжынера-электрыка, а з будучай жонкай, інжынерам-эканамістам, пазнаёміўся на канферэнцыі.
У сям’і больш прытрымліваліся беларускіх традыцый.
«Бацька не хацеў навязваць сваю культуру. Тым больш я расла ў гэтым асяроддзі, — тлумачыць дзяўчына. — Але эфіопскія традыцыі таксама ёсць. Тата робіць інжэру (блінцы з мукі афрыканскай расліны) з рознымі соусамі і дадаткамі. Таксама гатуе дорачку — курку з таматным соусам, вельмі вострую. Святкуем і беларускі, і эфіопскі Новы год (ён у верасні). У дзяцінстве на святы ездзілі да бацькавых землякоў, якія жывуць тут, збіраліся вялікай кампаніяй. Яшчэ танцуем шмат пад эфіопскія песні».
Асяроддзе не заўсёды прыязна ставілася да цемнаскурай дзяўчынкі. Касыя погляды, з'едлівыя каментары.
«Дзеці абражалі і бацьку, і мяне, — успамінае непрыемныя выпадкі Алана. — Мая маці вельмі хвалявалася за мяне, таму заўсёды казала: «Алана, ты не такая, як усе». Яна лічыць, што беларусы неталерантны народ увогуле, таму рыхтавала мяне да самага горшага, нават перабольшвала. Мне здаецца, з-за гэтага з'явіліся нейкія комплексы — я была сціплая, баялася тусіць, мала давярала людзям. Але потым гэта прайшло.
Канечне, і зараз ёсць тыя, хто дзіўна глядзіць. Цяпер, калі я шмат стасуюся з людзьмі ў розных сферах, прадстаўляю арганізацыю (Задзіночанне беларускіх студэнтаў. — Nina) і размаўляю на беларускай мове, для людзей гэта цуд — у негатыўным успрыманні: «Вось, яна не можа быць сапраўднай беларускай».
Хтосьці гаворыць дрэнныя рэчы, адпускае каментары «мулатачка, хадзем, сэкс, тое-сёе», але я амаль спакойна рэагую. У дзяцінстве мне не падабалася, калі мяне чукчай называлі, цыганкай — гэта наогул мова варожасці. Але цяпер ні «нігер», ні «нігерка» мяне не кранае.
Людзі паводзяць сябе ў тых межах, як іх выхавалі. Я не кажу, што з гэтым трэба мірыцца, нічога не гаварыць — трэба адукоўваць. Але кідацца на кагосьці ці абразы ў іх бок кідаць я лічу нетактычным».
Пры знаёмстве з хлопцамі экзатычная знешнасць — гэта плюс ці мінус? Алана ўсміхаецца: складанае пытанне.
«Шмат хто хоча хуткіх адносін без абавязкаў. Яны незвычайнасць успрымаюць як плюс. У людзей ёсць нейкі стэрэатып, што калі экзотыка, то трэба неяк гэтым скарыстацца, і некаторыя прызнаваліся, што хацелі гэтага.
А многія хлопцы, мне здаецца, баяцца быць са мной. Гэта дадатковая ўвага, і людзі да яе не заўсёды гатовыя. Калі мы ішлі разам, хлопцы былі ў шоку ад таго, што на іх заўсёды глядзяць, бо яны са мной, і я бачыла, што ім няёмка».
З чым яшчэ ў Беларусі няпроста, дык гэта з падборам касметыкі. Нават у дарагіх брэндаў, што прадаюцца ў нашых крамах, складана знайсці танальны крэм, які падыдзе цёмнай скуры.
«А калі была студэнткай ці яшчэ раней у школе навучалася, гэта наогул «ааа!». Стаіш і думаеш: што рабіць? Але да ўсяго прыстасоўваешся. Хацелася б, каб як у Нью-Ёрку, быў выбар. Думаю, да Беларусі гэта таксама дойдзе ў пэўны час. Адчыніліся розныя брэнды ў апошнія гады, там ёсць больш разнастайная палітра, але патрэбна, каб больш было такіх месцаў».
«Старалася вывучаць беларускую мову і прыбіраць акцэнт»
Алану многія называюць афрабеларускай. Пытаюся, як яна сама вызначае сваю ідэнтычнасць.
«Думаю, што больш я беларуска. Я жыву тут усё жыццё, прыстасавалася да гэтага свету, люблю нашу краіну, са школы вельмі цікавілася беларускай літаратурай і гісторыяй, старалася вывучаць мову, акцэнт прыбіраць.
Але не магу сказаць, што адмаўляюся ад часткі эфіопскай — таксама прыкмячаю за сабой рысы, якія ёсць у майго бацькі. Я вельмі імпульсіўная, эмацыйная. Думаю, што гэта добра, што ёсць нейкі такі мікс, і я ганаруся, што ёсць магчымасць пражыць з дзвюма нацыянальнасцямі».
Беларускай мовай Алана захапілася ў старэйшых класах. Успамінае, што настаўніца троліла яе, бо ў яе не атрымлівалася вымаўляць асобныя гукі — былі праблемы з мяккасцю і «гэканнем».
«Але настаўніца мне дапамагала, я сама рабіла шмат практыкаванняў, літаратуры больш чытала беларускай. Я адчула нейкую еднасць з нашай гісторыяй, з тым, што продкі хацелі данесці да нас, асабліва калі чытала пра БНР. І зразумела, што трэба не пакідаць мовы, каб не ўмерлі, як казаў Багушэвіч. Але, паколькі асяроддзе маё перыядычна было таксічным і бацькі рускамоўныя, мне было цяжка, я саромелася. Былі сябры, з якімі я спрабавала размаўляць па-беларуску, але пакуль вучылася ў медзе, пакінула гэта — шмат часу выдаткоўвала на вучобу і дзесьці ўнутры яшчэ баялася. А потым, калі занялася актывізмам, пачала зноўку да гэтага вяртацца. І вось з канца 2018-га стала па-беларуску размаўляць».
Падчас вучобы ва ўніверсітэце дзяўчына далучылася да Задзіночання беларускіх студэнтаў. Гадоў 20 таму гэта была даволі моцная арганізацыя — мела прадстаўніцтва ў многіх ВНУ, абараняла правы студэнтаў, выпускала свой часопіс. Цяпер актыўнасць ЗБС не такая заўважная. Чаму?
«Нас, як і шмат якія арганізацыі, пазбавілі рэгістрацыі ў 2001-м, а ў 2002-м заснавалі БРСМ, праўладную ініцыятыву. Праблема ў тым, што ў нас няма магчымасці нармалёва ўвайсці ва ўнівер, — лічыць Алана. — Там наша аўдыторыя, і было б прасцей, калі б мы былі легальныя для ўлады, але для іх мы пагроза, і мы можам прыцягваць моладзь толькі праз сацсеткі, знаёмых, на івэнтах. Гэта вельмі складаная праца. Думаю, што не хапае пазітыўнага піяру, мабыць, матывацыі ў людзей. Наш актыў (цяпер гэта чалавек 40-50) гарыць, ён натхнёны ідэямі, праектамі, але гэта ўсё на валанцёрскіх пачатках, і складана людзям і працаваць, і навучацца, і выдаткоўваць час на арганізацыю».
Алана адвучылася на стаматолага і сумуе, што не працуе зараз па спецыяльнасці. Кампанія патрабуе шмат часу, таму дзяўчына вырашыла адкласці пошукі работы. Але пасля яна хоча рэалізавацца ў медыцыне.
Мама Аланы не падтрымлівае актывізм дачкі. Перажывае за наступствы, за тое, што грамадская дзейнасць адымае шмат сіл.
«Я нават ёй яшчэ не сказала пра кандыдацтва ў дэпутаты, таму што шчыра баюся яе зачапіць гэтым, — прызнаецца дзяўчына. — Калі ты займаешся нейкімі праектамі, звязанымі з вышэйшай адукацыяй, беларускай культурай, гэта адно. А калі ідзеш у дэпутацтва, на тваёй акрузе ёсць неанацысты, «рускі свет», гэта іншае [па адной акрузе з Аланай балатуецца лідар «Румола» Сяргей Лушч — «НН»]… Незвычайная моладзевая кампанія і тое, што цемнаскурая беларускамоўная дзяўчына ідзе ў парламент, па-рознаму могуць ўспрымацца. Мне здаецца, калі маці даведаецца, яна будзе расчаравана, але такі лёс. Я не хачу, каб яна так моцна баялася, але разумею, што ёсць для гэтага падставы».
«Зараз моладзь па-за палітыкай увогуле»
Сваё рашэнне пайсці ў палітыку Алана тлумачыць так:
«ЗБС хоча дапамагаць прадстаўляць інтарэсы студэнцтва. Я разумею, што моладзь не пачутая. Мяне хвалююць многія праблемы. Тое, што зараз было з законам аб адтэрміноўках, мне ўвогуле не давала нармалёва спаць.
Хочацца, каб моладзь разумела, што палітыка тычыцца ўсіх. Мы не павінны быць збоку. Лепш, каб былі механізмы, інструменты, праз якія мы маглі б уплываць, а не чакаць, што будзе.
Мы хочам зрабіць такія ўмовы, каб моладзь хацела заставацца, каб у Беларусі быў лепшы імідж».
Актывістка мяркуе, што варта адмяніць закон аб адтэрміноўках і наогул распачаць працу над рэфармаваннем арміі.
«Шмат людзей з майго асяроддзя распавядаюць, што яны ў арміі нічога не робяць ці на іх там псіхалагічна ціснуць. Абароназдольнасць краіны гэта не павялічвае.
Калі краіна хоча захаваць свой суверэнітэт, у нас павінна быць армія, але новымі жорсткімі ўмовамі робяць так, каб моладзь проста з’язджала або шукала новыя забароненыя ці незабароненыя метады сысці ад службы».
Іншы закон, які Алана лічыць спрэчным, — антынаркатычны дэкрэт.
«Я разумею, што шмат маладых людзей трапляе на вялікія тэрміны ў турму з дрэннымі ўмовамі проста за маленькую колькасць так званых лёгкіх наркотыкаў, за траўку. Сесці за касяк як за цяжкае забойства — для мяне гэта проста несправядлівасць, таму што я не лічу, што тая самая траўка настолькі шкодная і небяспечная для грамадства. А маладым людзям даюць тэрміны 10-15 гадоў. Трэба, мне здаецца, працаваць на пошукі людзей, якія робяць наркотыкі, — на наркабаронаў, лабараторыі».
Што варта змяніць у краіне, каб моладзь не хацела з’язджаць? Алана пералічвае: перагледзець сістэму размеркавання, павышаць якасць адукацыі, працаваць на пад’ём рэгіёнаў, а не толькі развіваць сталіцу.
«Трэба больш свабоды. Няма адчування, што цябе нехта абараняе, што дзяржава — твой сябар», — дадае дзяўчына.
Хто з палітыкаў ёй сімпатызуе, Алана не кажа. Адзначае толькі, што ідэала ў беларускай палітыцы для сябе не бачыць.
«Да ўсіх ёсць некаторыя пытанні, з кімсьці не заўсёды згодная. На мой погляд, у Беларусі слабыя палітыкі. Калі з’явяцца моцныя, будзе крута».
Сама Алана, здаецца, не надта разлічвае, што ёй удасца трапіць у парламент. І сумаваць у гэтым выпадку не будзе.
«Я разумею, як працуе беларуская сістэма, — спакойна кажа Алана. — Мы робім гэта не для выбараў, а для таго каб узварухнуць моладзь, падняць актуальныя праблемы, распавесці, што ёсць моладзь, якая мае канструктыўныя прапановы, яна ведае, што хоча ад жыцця і да чаго хоча весці Беларусь. Бо зараз моладзь не ўключана ў працэс, не ўплывае на рашэнні, яна па-за палітыкай увогуле».