Вядомая ўкраінская дызайнерка скарысталася малюнкамі беларускай мастачкі, а ў знак падзякі прыслала ёй хустку
На хустцы, канечне ж, быў прынт той самай мастачкі.
06.12.2019 / 20:08
Непрыемная гісторыя здарылася ў беларускай мастачкі, спецыялістцы па выцінанках Лізаветы Чырвонцавай.
Аднойчы ўкраінская сяброўка даслала ёй фота калекцыі адзення вядомай ва Украіне дызайнеркі Раксаланы Багуцкай.
Фота: facebook.com/RoksolanaBogutska
«І даўно ты супрацоўнічаеш з Багуцкай? Бачу твае працы, але нідзе не бачу твайго імя», напісала мне тады мая сяброўка», — распавядае Лізавета.
Вядома, беларуска адразу звязалася з украінскай дызайнерскай.
«Яна мне сказала, што ўбачыла мае працы ў інтэрнэце, працы ёсць у маіх альбомах у фэйсбуку», — распавядае Лізавета Чырвонцава.
Праца беларускай мастачкі Лізаветы Чырвонцавай.
А так выглядаюць сукенкі Раксаланы Багуцкай. Фота: facebook.com/RoksolanaBogutska
Раксалана Багуцкая не спрачалася з тым, што, сапраўды, выкарыстала працы Лізаветы. У подпісе да калекцыі пасля звароту мастачкі нават пазначыла яе імя. Аднак пра матэрыяльную кампенсацыю не адказала нічога.
«Калі пра гэты непрыгожы ўчынак сталі пісаць і адзначаць мадэльерку ў допісах украінскія мастакі, дызайнерка перада мной выбачылася. Абяцала будучае супрацоўніцтва летам. Калі я напісала, ці кампенсуецца гэтым супрацоўніцтвам парушэнне аўтарскіх правоў, нічога не адказала. А зараз во, даслала хустку з маім жа малюнкам. Маўляў, глядзі і выцірай слёзы», — узрушаецца Лізавета Чырвонцава.
Падарунак, які прыслала Чырвонцавай дызайнерка Багуцкая.