«Будзем змагацца за кожнае дзіця». Гродзенскі абласны перынатальны цэнтр адмовіўся рабіць аборты па жаданні жанчын
Новыя правілы дзейнічаюць у клініцы ад 2 снежня.
11.12.2019 / 12:13
Фота roddom.by.
«Мы шукаем прычыны ўскладненняў — невыношвання цяжарнасці, бясплоднасці. І яўная сувязь з абортамі прасочваецца.
Бясплоднасць другасная на 40% абумоўлена менавіта папярэднімі абортамі. Калі мы кажам пра невыношванне цяжарнасці, то 100% гэта ўскладненні пасля абортаў.
Выкідышы, заміранне цяжарнасці таксама гэтым абумоўлены», — патлумачыла такое рашэнне «Нашай Ніве» загадчыца паліклінікі цэнтра Святлана Разіна.
У цэнтры не будуць рабіць аборты (інструментальныя і медыкаментозныя) да 12 тыдняў па жаданні жанчыны. Калі ж да перарывання цяжарнасці ёсць медыцынскія паказанні, то аперацыю правядуць.
«Наша асноўная стратэгія — змагацца за кожнае дзіця», — кажа Святлана Разіна.
Яна дадае: гэта не значыць, што жанчыны вобласці пазбаўлены магчымасці рабіць аборт.
Медыкаментозны аборт можа правесці любая іншая жаночая кансультацыя. Калі размова пра інструментальны аборт, на больш позніх тэрмінах, то яго робяць у 4-й гарадской клінічнай бальніцы Гродна і мясцовых ЦРБ.