Гэтая прыгажуня названа найлепшым спартоўцам Беларусі 2019 года
Паводле апытання журналістаў, праведзенага «Спартыўнай панарамай», найлепшым спартсменам краіны ў 2019 г. стала фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская. Наогул у Дзясятцы-2019 першыя чатыры месцы занялі дзяўчыны. Найлепшы з мужчынскай паловы — Андрэй Арамнаў, у яго 5-е месца.
27.12.2019 / 11:20
У традыцыйным конкурсе «Спартыўнай панарамы», што праводзіўся 61 раз, удзельнікамі апытання сталі 92 спартыўныя журналісты друкаваных і электронных СМІ, прэс-службаў спартыўных арганізацый. Ім прапаноўвалася назваць дзясятку спартсменаў, а таксама найлепшую каманду ў негульнявых відах спорту, найлепшую каманду гульнявых відаў, найлепшага трэнера.
У выніку першае месца заняла фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская, што выйграла ў лютым чэмпіянат свету. Акрамя таго, Саша першынствавала на этапе Кубка свету ў Маскве і Сусветнай універсіядзе ў Краснаярску.
Прычым цікава, што на першае месца яе паставілі толькі восем чалавек, затое Аляксандры часцей за іншых адводзілі другі і трэці радкі і наогул уключалі ў элітны пул, дзякуючы чаму Саша і выбілася ў лідары.
Усяго Аляксандра набрала 510 балаў (восем першых месцаў, 19 другіх месцаў, 14 трэціх, 7 — чацвертых і г.д.). Усяго Аляксандру згадалі 72 журналісты.
Другімі ў апытанні сталі Вольга Худэнка і Марына Літвінчук (веславанне на байдарках), што выніку набралі 456 балаў (23 першыя месцы).
Трэцяе месца ў Арыны Сабаленка (тэніс) — 454 балы (22 першыя месцы).
4. Вольга Сілкіна (пяцібор'е) — 397 балаў (тры першыя месцы).
5. Андрэй Арамнаў (цяжкая атлетыка) — 392 балы (5 першых месцаў).
6. Максім Недасекаў (легкая атлетыка) — 344.
7. Улад Ганчароў (батут) — 254
8. Вольга Худэнка (байдаркі) — 207
9. Марына Літвінчук (байдаркі) — 164
10. Яўген Ціханцаў (цяжкая атлетыка) — 136 балаў.
Найлепшай камандай журналісты назвалі зборную па веславанні на байдарках і каноэ. На чэмпіянаце свету ў Сегедзе яна зрабіла сапраўдны фурор, заваяваўшы 14 медалёў, шэсць з якіх — залатых.
Найлепшай гульнявой камандай стала зборная па пляжным футболе, якая ўпершыню ў гісторыі выйшла ў фінальную частку чэмпіянату свету.
Найлепшым трэнерам чарговы раз прызнаны Уладзімір Шантаровіч (веславанне на байдарках і каноэ).