Гендарная актывістка Колб: Вазочнік Аўдзевіч лез мне рукамі пад сукенку
10.01.2020 / 20:10
9 студзеня ў мінскім клюбе «Бруге» адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці-2019». Гэтая прэмія ўручаецца штогод актывістам, якія найбольш сябе праявілі за азначаны перыяд. Але на гэты раз уручэнне прэміі адзначылася сэкс-скандалам.
Гендарная актывістка, заснавальніца моладзевай жаночай ініцыятывы «Больш цела» Марыя Колб на сваёй старонцы ў фэйсбуку абвінаваціла актывіста-вазочніка Аляксандра Аўдзевіча ў дамагальніцтвах.
Марыя Колб. Фота budzma.org.
Адметна, што Аўдзевіч у той вечар стаў адным з пераможцаў. У намінацыі «Рэгіянальная падзея» прэмію атрымаў праект Аўдзевіча «Інклюзіўны барыста». Мэта гэтага праекта — дапамагчы інвалідам-вазочнікам з працаўладкаваннем.
Пасля афіцыйнай часткі некаторыя ўдзельнікі імпрэзы накіраваліся адзначаць падзею на кватэру да Аляксандра Аўдзевіча.
«Учора на вечарыне, дзе сабраліся дасведчаныя НДАшнікі, мяне аблапаў Саша Аўдзевіч, досыць вядомы актывіст. У пэўны момант ён стаў настойліва чапаць мае ногі, частку вышэй за калена, лезьці рукамі пад маю сукенку, хоць я і прыбірала ягоныя рукі, і казала, каб ён гэтага не рабіў.
Пасля ён раптоўна спыніўся і стаў выганяць з кватэры: «Я думаю, табе трэба сысці. Вось там дзверы, наперад! Сыходзь проста зараз», — тое, што я чула ў свой адрас», — напісала Марыя Колб.
«Пакуль я шукала сваё паліто, ён указваў мне на дзверы словамі і рукамі, што бачылі некалькі іншых прысутных. І вось у мяне пытанне: чаму я маю пакутаваць, перажываць увесь гэты трэш? Толькі з-за таго, што ў мяне ёсць ногі, а ў яго няма тармазоў?
Няважна, у якой сферы — дзяржаўнай або некамерцыйнай — такое адбываецца, але гэта не норма. Чалавек не мае права сабе дазваляць урывацца ў чыюсьці асабістую прастору. Я ні да чаго не заклікаю і нічога не патрабую. Хачу толькі надаць такім выпадкам голасу. А ўжо вашая справа, з кім падтрымоўваць кантакты і партнёрскія сувязі, а на чые каштоўнасці можна заплюшчыць вочы — «чалавек жа харошы і эксперт нічыво», — адзначыла Колб.
«НН» звярнулася па каментар да самога Аляксандра Аўдзевіча. Ён прызнаў, што канфлікт сапраўды быў, але абвінавачанні ў дамагальніцтвах назваў «трызненнем».
Аляксандр Аўдзевіч атрымлівае прэмію чэмпіёна грамадзянскай супольнасці. Фота belngo.info.
«Інцыдэнт быў, так. Я папрасіў сысці: і што тут такога? Кватэра ж мая. Проста папрасіў і ўсё.
Што было б, калі я кожны раз спрабаваў напісаць пост пра нешта такое. Ціпа на мяне не так паглядзела прадавачка, а ахоўнік не прытрымаў дзверы…
Карацей, я прашу прабачэння. Павёў сябе, хутчэй за ўсё, як мудак.
На радасцях ад прэміі мы добра так выпілі. Можа, штосьці і сказалі адно адному.
Я, шчыра, упершыню бачыў чалавека, можа, ён падаўся мне падазроным, сядзеў адзін у пакоі, а не з усімі. Я рэальна не памятаю. Але прашу прабачэння, што зрабіў гэта так груба.
Гаўно вылазіць вонкі. Больш ніякіх «левых» людзей дадому не запрашаю. Вечарына, здаецца, атрымалася. Спадзяюся, я не нагаварыў больш глупстваў? Усіх люблю і абдымаю», — сказаў нам Аўдзевіч.