Спявачка Руся атрымлівае адукацыю «вакальнага тэрапеўта». Што гэта такое?
«Праз гук можна сэнсарна стымуляваць чалавека, бо гук працуе з падсвядомасцю. Калі ведаць, каму, што і як гаварыць, спяваць, даваць слухаць, то такія метады дапамагаюць чалавеку стаць больш шчаслівым», — перакананая Руся (Марына Шукюрава).
11.01.2020 / 16:20
Спявачка Руся. Фота ournalby.com
Руся займаецца ў нямецкага тэрапеўта Ганса-Гельмута Дэкер-Фойгта, які пры дапамозе гуку суправаджае чалавека ад эмбрыёна да апошняга ўздыху.
«Я мару адкрыць курсы для цяжарных жанчын, каб расказваць ім, як размаўляць з дзіцём яшчэ да яго нараджэння. Каб яно разумела, што навакольны свет не такі страшны», — кажа Руся.
«Напрыклад, калі ў эмбрыёна толькі фарміруецца скура, ён можа скурай адчуць вібрацыі голасу маці, якая размаўляе з ім або спявае песні. Гэтыя вібрацыі запісваюцца ў памяці цела, таму ў будучыні такое дзіця больш ураўнаважанае і менш схільнае да дэпрэсій», — сцвярджае спявачка.
«Калі дзіця ўжо нарадзілася, трэба ведаць, што ў голасе маці зашыфраваны квінтавы інтэрвал, які добра ўспрымаюць дзеці. Я гэта адчула па сваёй дачцэ Аі. Калі я гавару: «Со-ней-ка, ка-ха-на-я, да-чу-шка», яна прыслухоўваецца да гэтых словаў. Паспрабуйце сказаць: «Мама любіць цябе, мама цябе ніколі не пакіне». І вы заўважыце, што вы такімі словамі быццам гладзіце чалавека», — дзеліцца Руся.
З гэтага ж курса музычнай тэрапіі Руся даведалася, што самы невыносны гук для чалавека — гэта цішыня.
Калі замаўкаюць усе гукі, хочацца ўскрыкнуць ці загаварыць з самім сабой, абы не знаходзіцца ў поўнай цішыні.
«Гэта роўна дзейнічае і на дарослых людзей, і на немаўлят, і на тых жа эмбрыёнаў. Калі раптам мама засынае, сэрца яе б’ецца амаль нячутна, і дзіця трывожыцца: мамы няма, святло знікла, засталася толькі цішыня», — кажа Руся.
Таксама важна, як размаўляць з дзіцём.
«Размаўляйце грудным, спакойным голасам, а не сюсюканнем ці павышанымі танамі. Наогул, для кожнага ўзросту павінна быць свая інтанацыя, прычым як голасу, так і музыкі. Нельга сказаць, што, маўляў, класіку можна слухаць усім, а вось цяжкі рок нікому. Дзецям трэба ставіць музыку, песенькі, якія спяваюцца мульцяшнымі галасамі, для дзяцей гэта зразумела. Дарослым, каб зняць напругу, карысна паслухаць тэхнамузыку. Для гэтага, уласна, і ходзяць на дыскатэкі», — распавядае Руся.
«Што датычыцца цяжкага року, яго нават карысна слухаць падлеткам. Напрыклад, музыка «Брута» ці «Дрэздэна» выдатна пасуе для 12-гадовых дзяцей, каторым гармоны ва ўсю ціснуць на галаву, а сэксам, каб зняць гэты гнёт, займацца яшчэ рана», — расказвае Марына Шукюрава.
У планах спявачкі адкрыць у Мінску кабінет, дзе будуць вісець гамакі і дзе можна будзе пры дапамозе музыкі прыводзіць свае эмоцыі ў спакойны стан.