«Калі перакласці праграму на рускую мову, страцім усю адметнасць». Як ствараецца «Калыханка» РЭПАРТАЖ са студыі
«Наша Ніва» пабыла на здымках праграмы, якая выходзіць у эфір без малога 40 гадоў.
15.02.2020 / 20:02
«Доўгі дзень, цёплы дзень, адплывае за аблокі»… Гэтыя радкі ўжо 39 гадоў укладваюць спаць не адно пакаленне беларусаў.
Персанажы «Калыханкі» ўваходзілі штовечар у кожную беларускую сям’ю і самі станавіліся часткай гэтай сям’і. Бусляня Буслік, сабачка Цімошка, Дзед Барадзед, медзведзяня Топа. Хіба не становіцца цяплей, калі ўспамінаеш гэтых персанажаў?
А між тым, і Топа, і Буслік усё яшчэ працягваюць ужо новыя і новыя пакаленні дзяцей вучыць дабру, сяброўству, узаемадапамозе — усяму таму, за што мы, уласна, і любім казкі.
«Наша Ніва» трапіла на здымкі «Калыханкі» і запрашае свайго чытача туды, дзе ствараецца казка.
Здымкі «Калыханкі» праходзяць у тэлерадыёкампаніі на Макаёнка, 9. На гадзінніку — 11:30, а першую на сёння праграму ўжо знялі.
Здымкі адбываюцца ў пятніцу і панядзелак. У пачатку лютага здымаюцца праграмы, якія маленькія беларусікі ўбачаць у сакавіку.
Што адразу кідаецца ў вочы, дык гэта тое, што акцёры і лялькаводы ў студыі ходзяць хто басанож, хто, як напрыклад Топа (акцёр Уладзімір Варанкоў), у хатніх вязаных тапачках.
«Канечне, паспрабуй тут абутым пахадзіць, рэжысёры хутка пагоняць. Студыя ж новая і дываны ў ёй таксама», — кажа Уладзімір Варанкоў.
Абноўленая студыя ў «Калыханкі» з’явілася ў верасні 2019 года.
«Нарэшце можна працягнуць ногі», — смяецца той жа Уладзімір Варанкоў.
Сапраўды, новая студыя і стол у ёй зробленыя такім чынам, што акцёр можа выпрастаць ногі, а гледачы гэтага не заўважаць.
«Раней, асабліва калі па сцэнары ў праграме ўдзельнічаюць 3-4 лялькі, ды яшчэ і вядоўцы, або ў кадры былі запрошаныя госці, нам у літаральным сэнсе даводзілася сядзець адно ў аднаго на шыі», — расказвае актрыса Іна Ганчар, яна ж лісічка Яначка.
Сёння каманда «Калыханкі» — гэта пяць персанажаў, ролі якіх выконваюць акцёры ў кадры і чатыры цацкі. З багатага «калыханачнага заапарку» засталіся толькі буслік, лісічка, медзведзяня і яноцік.
У студыі, вядома, адначасова знаходзяцца далёка не ўсе.
«Сцэнары пішуцца такім чынам, што акцёры могуць з лёгкасцю сумяшчаць працу ў «Калыханцы» з іншай сваёй працай. У нас жа тут усе прафесійныя акцёры, хто грае ў тэатры, хто здымаецца ў кіно. Графік здымак падабраны такім чынам, што ўсім зручна», — тлумачыць Уладзімір Варанкоў.
Хаця і падчас здымак бываюць свае казусы. Напрыклад, у Феі Сноў, актрысы Алены Бікранёвай, аднойчы раптам прапаў голас.
«Ні з таго, ні з сяго разумею, што гаварыць не магу, проста няма гуку. Вельмі хутка перапісалі сцэнар, дзе Феечка не вымаўляе ніводнага слова. Мне на шыю завязалі шалік, і Топа з Яначкай па сцэнары ратавалі мяне ад ангіны», — прызнаецца Алена Бікранёва.
Аднак Топачка і Яначка не заўсёды дапамагаюць сваім «старэйшым» таварышам. Здаралася, што праз свавольствы лялькаводаў акцёрам прыходзілася не салодка.
«Любімая наша забава — гэта развязаць шнуркі ў акцёраў або прыматаць іх ногі скотчам да крэсла», — прызнаецца Уладзімір Варанкоў.
«Колькі разоў было, што расказваеш нешта ў камеру і адчуваеш, што нешта не тое з нагамі, пакуль дагаворыш тэкст, ногі звязаныя», — смяецца Алена Бікранёва.
***
Выпуск «Калыханкі», за здымкамі якога назірала «Наша Ніва», прысвечаны памяці. Лісічка Яначка завучвае вершыкі, каб у яе была добрая памяць, Топачка лічыць гэта марнаваннем часу. І ніяк не можа знайсці мячык, каб пайсці на трэніроўку. Яначка яму расказвае пра карысць трэніроўкі памяці, расказвае, што памяць бывае і старая, і маладая. Топа кажа, што для гэтага ёсць вузельчыкі на памяць. Вузлом вяроўкі ён прывязвае і мячык, і сябе, і Яначку. На дапамогу прыходзіць Фея Сноў, якая разблытвае сяброў.
Сцэнар у рукі акцёрам даецца ў дзень здымак, акцёры, што трапляюць у кадр, яго вычытваюць, стараюцца запомніць. У лялькаводаў усё прасцей: яны прылепліваюць свае словы да стала і чытаюць з паперкі.
Вядома, здараецца, што блытаюць тэкст, што кажуць не тое, што патрэбна. Але часцей за ўсё рэжысёр спыняе лялькаводаў тады, калі лялькі, якіх не бачаць самі лялькаводы, забываюцца глядзець у камеру.
Здараецца, што ў кадр выпадкова трапляе рука ці галава лялькавода. Але пры мантажы ўсё гэта старанна прыбіраецца.
«Цяпер мы працуем самі, госці да нас амаль не прыходзяць, а вось былі выпускі, калі прыходзілі староннія людзі: дактары, артысты. І рэжысёру вельмі складана было іх навучыць размаўляць менавіта з лялькамі. Дарослыя людзі ўвесь час глядзелі пад стол і размаўлялі з намі, з акцёрамі», — кажа Уладзімір Варанкоў.
***
Уладзімір Варанкоў працуе ў «Калыханцы» больш за 30 гадоў. Ён на свае вочы бачыў, як старэе яго Топачка.
«Гэты Топачка чацвёрты. Папярэднія лялькі зношваліся, іх рэстаўравалі і перадавалі ў музей кіно, дзе захоўваюцца і іншыя цацкі. Толькі аднаго Топу мне дазволілі забраць дадому. Яго вельмі палюбіла мая ўнучка. Калі была меншая, размаўляла з ім, скардзілася яму на мяне або на сваіх бацькоў», — расказвае Уладзімір Варанкоў.
Топа — гэта гонар Уладзіміра Варанкова, менавіта з Топачкам ён атрымаў «Тэлевяршыню» ў 2016 годзе.
А яшчэ Топа — унікальная лялька. У яго аднаго ёсць ножкі.
«Не проста ножкі, Топа — сапраўдны моднік. У яго нават ёсць красоўкі за 40 даляраў, якія яму падарылі прыхільнікі», — хваліцца Уладзімір.
І Яначка, і Топа, і Цёма мяняюць адзенне не так часта, але ў кожнага з іх ёсць свой гардэроб, за які адказвае касцюмер праграмы.
Лялькі пераапранаюцца ў залежнасці ад сцэнара, ад пары году ды і ад настрою касцюмера.
Лялькі захоўваюцца ў Белтэлерадыёкампаніі. І пакідаюць яе межы толькі тады, калі ў «Калыханкі» нейкае выязное мерапрыемства.
«Калыханка» — часты госць на фестывалі «Анімаёўка», а таксама персанажаў «Калыханкі» час ад часу запрашаюць на адкрытыя ўрокі ў школах.
«Неяк было, што пасля чарговага мерапрыемства было позна адвозіць лялек на БТ, таму я забраў іх дадому. А назаўтра ў нас здымкі перадачы. Я забыўся пра тое, што лялькі дома, прыехаў на здымкі без іх. І такая нямая сцэна: усе на месцы, а што здымаць?» — усміхаецца Уладзімір Варанкоў.
***
«Зваротная сувязь вельмі важная. Мы самі здзіўляемся, што ў дзяцей не губляецца цікавасць да «Калыханкі». Здавалася б, сучасны свет, іншыя захапленні. Але нам па-ранейшаму прыходзіць шмат лістоў з малюнкамі, с падзякамі. А на сустрэчах бацькі прызнаюцца, што дзеці, калі толькі навучыліся карыстацца планшэтам, адразу пачалі «гугліць» «Калыханку». Ведаюць песню напамяць, ведаюць усіх персанажаў», — расказвае кіраўнік «Калыханкі» Наталля Кузьміцкая.
Дарэчы, ад Наталлі залежыць, які мульцік убачаць дзеці пасля праграмы.
«Я імкнуся падбіраць мульцікі пад узрост дзетак, якія глядзяць перадачу. Не ставіць занадта прымітыўныя на мой погляд мульцікі. У мяне ёсць маленькая пляменніца, прыхільніца «Калыханкі», я абапіраюся на яе густ таксама. У нашых перадачах часта ідуць мульцікі «Беларусфільма», паказваем старыя добрыя савецкія мульцікі. Мы ж фактычна адзіная перадача для дзяцей на беларускім тэлебачанні, ёсць яшчэ адна ранішняя праграма «Дабранак», якую таксама робім усе мы, таму хочацца, каб дзеці раслі на добрых мультфільмах. Сочым за навінкамі, стараемся купляць і новыя, папулярныя мульцікі», — расказвае выканаўчы прадзюсар тэлеканала «Беларусь-3».
«Калыханка» — гэта сацыяльны праект, i гледачы могуць быць упэўнены у тым, што, якія б змены ні адбываліся, «Калыханка» застанецца недакранальнай. У тым ліку яе не будуць ні ў якім разе перакладаць на рускую мову.
«Калыханка» — гэта не проста праграма для дзяцей на беларускай мове. Гэта — брэнд. Гэта — свядомы выбар усіх нас, хто стварае гэту перадачу. Калі яе пачаць перакладаць, згубіцца сам сэнс такога беларускага, такога адметнага слова, як калыханка. «Колыбельной» мы быць не хочам», — адказвае Наталля Кузьміцкая і яе каманда чараўнікоў.