«Мы паказвалі дызайн — не грудзі!» Як 20 год таму на Дзень Незалежнасці перад БДУ дэфілявалі аголеныя мадэлі
Традыцыйны Дзень Незалежнасці ў Беларусі — гэта парад ваеннай тэхнікі, закаснелая эстрада і брсмаўцы ў аднолькавых кепках. Але ў 2001 годзе свята прайшло па іншым сцэнары. Перад галоўным корпусам БДУ па подыуме крочылі аголеныя мадэлі. На плошчы тады сабраліся тысячы гледачоў. Можаце сабе ўявіць?
30.05.2020 / 12:43
Паказ арганізоўваў Саша Варламаў. Вядомы мадэльер расказаў «Нашай Ніне», як гэта было — пра голыя грудзі на дзяржаўным свяце, рэакцыю кіраўніцтва БДУ і тое, чаму такое больш не паўтарылася.
Гэтыя фота нядаўна ўспаміналі ў сацыяльных сетках. «Не Парыж, не Берлін — Мінск», — дзівіліся
На той праект Сашу Варламава натхніў Берлін і тамтэйшая атмасфера свабоды.
«Я двойчы ўдзельнічаў у самым вялікім подыуме свету. Першы раз — гэта быў 1997 год. Мы там паказвалі беларускія і амерыканскія калекцыі. Подыум — даўжынёй 1000 метраў. Асаблівасць яго складалася ў тым, што ён быў у форме карэ і праходзіў проста на Курфюрстэндам, было закрыта некалькі кварталаў. Подыум быў паўтара метра вышынёй, даходзіў мне да плеч.
Мадэлі, прайшоўшы некалькі сот метраў, сыходзілі са сваіх абцасаў і неслі іх у руках, бо 1000 метраў для еўрапейскіх манекеншчыц — гэта занадта цяжка. Але нашы мадэлі казалі: мы б яшчэ пяць разоў прайшлі гэты кіламетр. Ніякіх цяжкасцяў няма — пытанне ў збалаванасці», — расказвае ён.
Саша Варламаў, 2001 год
Гэты паказ занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самы буйны ў свеце (пасля рэкордным стаў і берлінскі паказ 2001 года з подыумам дыўжынёй 1111 метраў, дзе Варламаў быў адным з арганізатараў).
«Пасля першага вялікага подыума ў мяне запала думка: гэта ж так проста, так добра, чаму ў Мінску гэта не зрабіць? І тады я расказаў пра сваю ідэю Казуліну, які быў рэктарам БДУ. Значыць, проста насупраць Дома ўрада, ля галоўнага ўвахода ва ўніверсітэт мы паставім подыум — як мага даўжэйшы.
Я хацеў наогул плошчу апярэзаць, але мне сказалі, што дастаткова складана будзе арганізаваць ахову, калі рабіць подыум па перыметры ўсёй плошчы. Таму давялося зменшчыць яго — ён быў 150-200 метраў у форме карэ, як у Берліне.
Мы праводзілі паказ 2 і 3 ліпеня. У першы дзень сабралася 7 тысяч гледачоў, а на другі — 13 тысяч. Мы працавалі з 3-й гадзіны дня і да 10-й вечара. Кожнае дэфіле цягнулася 40 хвілін, потым паўгадзіны перапынак, і зноў паказ. А ў антрактах пелі розныя гурты».
Калекцыі, якія дэманстраваліся, былі зроблены ўдзельнікамі конкурсу «Млын моды». Адабралі самае лепшае. Былі і вельмі адкрытыя калекцыі. А адну наогул не дапрацавалі да «чыноўніцкага варыянту».
«Ніз быў раскошны, а верх ну ніяк не атрымліваўся ў аўтара. Я не мог перарабляць гэтую калекцыю па-свойму. Тлумачыў аўтару і так, і гэтак — карацей, не атрымлівалася. Кажу ў выніку: «Давай так: здымай верх, мы закрываем грудзі рукамі — як на пляжы, нічога страшнага».
Мадэль на раптоўную змену вобразу адрэагавала спакойна.
«А што тут такога? — здзіўляецца Саша Варламаў. — Мадэль ёсць мадэль. І потым яна рукамі закрылася. Мода — гэта ж асобны від мастацтва.
Мы паказвалі дызайн — не грудзі!
Мода не можа быць ханжаскай. Хаця не, яна можа быць любой — яна адлюстроўвае дух грамадства. Паглядзіце, якія сёння тыдні моды — гэта ж жуд. Жанчыны ў намордніках».
Варламаў успамінае, што ў адзін з дзён пайшоў дождж — але гледачы не разыходзіліся.
«Было цудоўна — не так раскошна, як у Берліне, але ўсё ж… Я думаў, паказ будзе кожны год. А потым стала ўсё горш і горш — калі людзям строем трэба хадзіць на Дзень Незалежнасці, то якая тут мода, якая свабода?»
Кіраўніцтва ўніверсітэта аголеных мадэляў успрыняла нармальна — прынамсі ў высокія кабінеты нікола не выклікалі. Дый наогул пры Казуліне ў БДУ панавала атмасфера свабоды.
«Я тады падпісаў дамову з ім, і мы адкрылі Цэнтр моладзевай моды. Яму гэта было цікава ў той час. Ён усё збіраў пад сябе — і навуку, і мастацтва. БДУ быў дзяржавай у дзяржаве», — дзеліцца мадэльер.
Праўда, у 2002 годзе Дзень Незалежнасці прайшоў ужо без грандыёзных подыумаў. Упраўленне культуры гарвыканкама збудавала шмат пляцовак уздоўж праспекта, адну з якіх адвялі агенцтву Варламава.
«Мы працавалі недзе каля Палаца спорту, разок ці два паказалі калекцыі і ўсё. Маштаб быў іншы, драбнела ўсё. Калі заганяць у клетку, вось так і атрымліваецца», — з сумам адзначае ён.