«Было тры-чатыры ўдары, адзін з якіх трапіў у галаву». Сілавікі збілі жанчыну да крыві пры разгоне маршу

13.10.2020 / 11:13

Жанчына з разбітай галавой на фота — мінчанка Ганна Чэркас. Так яна выглядала пасля таго, як АМАП жорстка разагнаў пратэстоўцаў.

Фота з сацсетак Ганны

Здарылася гэта падчас Маршу ў нядзелю, калі калона была амаль на перасячэнні вуліцы Ціміразева і праспекта Машэрава. Ганна з сяброўкай ішла ў хвасце.

«Мне здавалася, што сілавікі проста адціскаюць. Але калі яны зусім наблізіліся, пачалі спрабаваць затрымліваць і біць усіх запар. Усё адбылося вельмі хутка. У нейкі момант я пачула: станьце да сцяны, сыходзьце. Мы стаялі ля сцяны пару хвілін. Пасля гэтага пайшлі ў двары. Мяне прывяла ў шок дарога і тратуар: яны былі ўсеяны паламанымі парасонамі, нечым абуткам — быццам ураган прайшоў», — расказвае жанчына.

Яна памятае тры-чатыры ўдары, адзін з якіх прыляцеў у галаву. Кроў яна заўважыла не адразу, падумала, што па твары сцякаюць кроплі дажду.

Да бальніцы Ганны падкінулі незнаёмыя людзі. Яны разам з сяброўкай чакалі яе чатыры гадзіны, пасля давезлі дадому і дапамаглі прыгнаць машыну Ганны.

«У бальніцы я спачатку сказала, што ўдарылася дома, але ўсе ўсё зразумелі.

Папярэдзілі, што адправяць некуды дадзеныя, бо гэта крымінальная траўма. Абышлося без швоў. Накіравалі для назірання ў паліклініку, бо ад шпіталізацыі я адмовілася. Моцна баляць яшчэ рукі, частка паміж кісцямі і локцямі, навобмацак як гузы — я не памятаю, магчыма, так хапалі пры спробе затрымаць», — дзеліцца мінчанка.

Рэальнасць, з якой можа сутыкнуцца кожны, хто выказвае сваё меркаванне, — так Ганна апісвае збіццё падчас нядзельнага маршу.

«Я дакладна ведаю: тое, што адбываецца цяпер у нашай краіне, што адбывалася апошнія дзесяцігоддзі, — гэта не нармальна. Гэта вар’яцтва, абсурд, гэта подла і бесчалавечна».

НЛ