«У Швейцарыі ў яе было цудоўнае жыццё, але яна лічыла, што цяпер мусіць быць на радзіме». Хто такая Наталля Хершэ, якую пасадзілі за сарваную балаклаву
Апошнія 12 год Наталля Хершэ жыла ў Швейцарыі. Там яна атрымала другое грамадзянства, там яе чакаюць дзеці і любімы мужчына. Невядома, калі яны змогуць убачыцца зноў. Наталлю затрымалі на жаночым маршы і прысудзілі 2,5 года калоніі за тое, што яна сарвала з амапаўца балаклаву.
09.12.2020 / 10:38
Гісторыю Хершэ «Нашай Ніне» расказалі яе блізкія — пра жыццё ў Швейцарыі на беразе возера, любоў да малявання і лісты, якія яна шле з турмы.
Эканамістка з Оршы
Наталля родам з Оршы.
«Дзяцінства прайшло даволі бедна, — распавядае яе старэйшы брат Генадзь. — Калі мы былі малыя, бацькі разышліся. Але тата нас не кідаў. Выязджаў ва Узбекістан, зарабляў грошы, наведваў нас. Кожнае лета мы праводзілі ў Пружанах у бабулі з дзядулем. Пасля ў бацькі з’явілася другая сям’я».
У Аршанскім тэхналагічным тэхнікуме Наталля атрымала спецыяльнасць бухгалтара. Пасля паехала ў сталіцу. Вучылася ў БДЭУ, а яе брат пасля арміі — у медінстытуце. З дыпломам эканаміста Наталля вярнулася ў родны горад і ўладкавалася ва ўпраўленне сацыяльнай абароны райвыканкама.
Там жа яна выйшла замуж.
«Жаніліся па вялікім каханні. Яна выйшла за аршанца, вясёлага хлопца. Але праз час развяліся. Ён вельмі раўнаваў — Наташа і цяпер яркая асоба, а тады ўявіце», — дзеліцца Генадзь.
Ад першага шлюба ў жанчыны двое дзяцей. Яны ўжо дарослыя: сыну Фёдару 25, дачцэ Віялеце 20. Цяпер яны жывуць у Швейцарыі. Выехаць за мяжу і забяспечыць дзецям лепшую долю было марай Наталлі. Яна запісалася на курсы нямецкай мовы.
«Як падумаю: кожны дзень да пенсіі — 300 метраў да працы і назад, маленькі заробак. Я так не хачу», — прызнавалася яна брату.
Пераезд у Швейцырыю і новае жыццё
З другім мужам Наталля пазнаёмілася на сайце знаёмстваў. Гэта быў швейцарац Бруна Хершэ. Беларуска з дзецьмі пераехала да яго ў горад Санкт-Гален. Вельмі маляўнічыя мясціны — яны здымалі пяціпакаёвую кватэру непадалёк ад Бадэнскага возера. Да Альпаў рукой падаць.
«Бруна быў чалавекам вельмі простым. Калі ўпершыню прыехаў у Беларусь, падарыў нашай маці пральную машыну. Наташа ўпершыню ў жыцці апынулася нібы за каменнай сцяной. Бруна прыняў яе дзяцей, клапаціўся пра іх.
У іх вельмі цёплыя адносіны былі. Ён не даваў Наташы падыходзіць да пліты — усё сам рабіў. Для яе было адкрыццём такое стаўленне да жанчыны», — успамінае Генадзь.
Наталля змагла ўладкавацца ў бровар, на самую ніжэйшую пасаду — прыбіральшчыцай. Але праз некалькі месяцаў дырэктар пацікавіўся яе адукацыяй і запрасіў у лабараторыю кантролю якасці. Наталля магла спакойна сябе забяспечваць. Яе здзіўляла, што за адзін свой заробак яна можа купіць аўтамабіль. Хоць па швейцарскіх мерках іх сям’я не была багатай.
Што яшчэ ўражвала беларуску ў Швейцарыі, дык гэта іх адкрытасць і дэмакратычнасць.
«Гена, ты не можаш сабе ўявіць, там дагэтуль выбары мэра горада праходзяць шляхам адкрытага галасавання! Людзі збіраюцца на плошчы і ўздымаюць рукі, каб аддаць голас», — расказвала яна брату пра традыцыю, якая захавалася ў адной з акруг Швейцарыі.
Пазней Наталля стала працаваць у кампаніі па выпуску посуду, таксама ў лабараторыі праверкі якасці.
«Для маіх дзяцей з паездак да сястры пачалося знаёмства з Еўропай, — кажа Генадзь. — А калі Наташа прыязджала ў Беларусь, прывозіла цэлы чамадан дзіцячых рэчаў. Вельмі клапацілася пра дзяцей сябровак, пляменнікаў. Яна не шкадавала на гэта грошай».
У Швейцарыі Наталля пачала маляваць — алоўкам рабіла партрэты па фота. Сама ўсяму навучылася. Праз год ужо малявала супрацоўнікаў кампаніі. Рабіла гэта для душы, але калегі самі вырашылі плаціць ёй за партрэты па 200 франкаў (прыкладна 575 беларускіх рублёў) — маўляў, праца не можа быць бясплатнай.
Малюнак Наталлі
Год назад яна прылятала ў Піцер на курсы па маляванні, два тыдні асвойвала тэхніку акварэлі.
«Ёй вельмі падабалася рабіць партрэты пажылых людзей — пражытыя гады адлюстраўваліся ў іх на твары, гэта было цікавей, чым пісаць маладых», — кажа сяброўка Алена.
У Швейцарыі ў Наталлі была выстава. Партрэты, зробленыя ёй, убачаць і ў Беларусі — яе карціны плануюць паказаць разам з іншымі працамі палітзняволеных.
Тэлефанавала ў амбасаду, каб падзякаваць за сумленны падлік галасоў
Паўтара года таму муж Бруна памёр. Амаль год Наталля працавала толькі на тое, каб разлічыцца з усімі даўгамі.
Пазней у Швейцарыі яна пазнаёмілася з Робертам. Пачынаўся новы этап яе жыцця. Дзеці дарослыя, можна больш часу прысвячаць сабе. З Робертам яны падарожнічалі — былі ў Перу, Егіпце. На мінулыя Каляды прыязджалі ў Мінск. У верасні 2020-га збіраліся правесці 10 дзён у Італіі, але паездка адклалася. Тады Наталля вырашыла прыляцець у Беларусь — на свае вочы ўбачыць маршы і адчуць народны ўздым.
«Мы маглі з ёй да самай ночы гутарыць пра палітычныя падзеі, — дзеліцца брат Генадзь, які месяц таму прынцыпова перайшоў на беларускую мову. — Яе ўпартасць перадалася ад сям’і. Наш бацька Анатоль быў зацятым крытыкам Лукашэнкі, ніколі не галасаваў за яго».
Пасля візіту ў родную Оршу Наталля разгубілася. «Людзі, якіх я з дзяцінства ведаю, такія абыякавыя да палітыкі. Як яны нічога не бачаць?» — здзіўлялася жанчына, калі даведвалася, што некаторыя яе знаёмыя галасавалі за Лукашэнку і не пратэставалі, бо баяліся страціць працу. Ёй шкада было тых, хто маўчаў і працягваў жыць пры рэжыме.
І гэтак жа шчыра яна захаплялася маладымі мікрараёнамі — той жа Новай Баравой. Казала, што хацела б мець такіх суседзяў.
Сама Наталля галасавала ў Швейцарыі. Там Ціханоўская набрала ў сем разоў больш галасоў за Лукашэнку. Пасля таго, як агучылі гэты вынік, Хершэ патэлефанавала ў амбасаду, каб падзякаваць супрацоўнікам за сумленны падлік галасоў.
У дзень галасавання
У Мінску яна спынілася ў сяброўкі. Напярэдадні затрымання Наталля з братам і яго сям’ёй вячэрала ў рэстаране.
«Мы доўга размаўлялі. Побач з намі кампанія жанчын таксама абмяркоўвала пратэсты. Яны расказалі, што кожную суботу выходзяць на маршы. Наталля яшчэ тады захаплялася: якія цудоўныя жанчыны ў Беларусі!» — успамінае Генадзь іх апошнюю сустрэчу на волі.
Радавалася, што этапіруюць у Жодзіна: Там жа Марыя Калеснікава!
Наталлю затрымалі на жаночым маршы 19 верасня. Два з паловай месяцы яна правяла за кратамі. Калі даведалася, што яе з Акрэсціна этапіруюць у Жодзіна, абрадавалася: «Там жа Марыя Калеснікава! Можа, мы пабачымся».
У лістах яна ніколі не скардзілася на побыт.
«Там столькі веры, што ўсё не дарма, столькі пазітыву», — заўважае сяброўка.
Брат Генадзь зачытвае некаторыя радкі. «Настрой, нягледзячы ні на што, выдатны. Тое, што падаецца катастрофай, можа абярнуцца вялікім шанцам». «Асаблівы дзякуй за куртку ў маім любімым чырвоным колеры». «Адчуваю сябе ўпэўнена, на гэтай хвалі і сустрэну рашэнне суда».
У ізалятары Наталля адзначыла свой дзень народзінаў (ён быў 20 кастрычніка). Сяброўка перадала ёй у падарунак прысмакі і аддзенне італьянскага брэнда — для падняцця баявога духу. А былыя сукамерніцы арганізавалі цэлую кампанію падтрымкі — прасілі людзей пісаць Наталлі лісты. Яна атрымала некалькі дзясяткаў віншаванняў. Дзяўчаты выпісалі ёй таксама тры газеты.
Складана паверыць, што Наталлі, якая так шыкоўна выглядае, 51 год. Па словах яе сяброўкі, яна рэгулярна хадзіла ў трэнажорную залу і сачыла за сваім харчаваннем — рацыён цалкам адпавядаў дыеталагічным канонам.
«На душы Наташы, можа, і цяжка, але яна гэтага не пакажа»
«Наташа вельмі адчувальная да несправядлівасці. І як і ўсіх нас, яе ўскалыхнулі падзеі, якія адбыліся пасля 9 жніўня. Асабліва гэта чапляе людзей, якія бачаць, што ў іншых краінах усё інакш. Там людзі не баяцца паліцэйскіх. А ў нас пастаянна галава ў плечы ўціскаецца, як пабачыш іх», — кажа Алена.
Пасля суда яна змагла перакінуцца некалькімі словамі з сяброўкай. Сказала, каб тая не ўспрымала 2,5 года як лічбу, што тычыцца яе, і што яны паспрабуюць зрабіць многае для вызвалення. «Я гэта разумею», — пачула ад Наталлі.
Амбасада Швейцарыі падтрымлівае беларуску. Пасол наведваў яе за кратамі, на агалошванне прысуду прылятаў міністр замежных спраў Швейцарыі. Сям’я будзе абскарджваць прысуд, а Наталля пакуль застаецца на Валадарцы.
«Я пішу ёй кожныя чатыры дні. У пятніцу нарэшце змагу яе наведаць. На душы Наташы, можа, і цяжка, але яна гэтага не пакажа», — дзеліцца Генадзь.
«У яе ўсё было цудоўна. Дзеці ў Швейцарыі, любімы мужчына, — дадае сяброўка. — Але ў яе балела сэрца, таму яна прыехала сюды».