Вярхоўны суд Японіі не хоча адмяняць закон 1898 года, паводле якога жанчына не можа пакінуць сабе дзявочае прозвішча ў шлюбе

Вярхоўны суд Японіі ў сераду, 23 чэрвеня, адхіліў пададзеную ў 2018 годзе скаргу на неабходнасць мужа і жонкі мець аднолькавыя прозвішчы. Гэта правіла рэгулюецца пунктам Грамадзянскага кодэкса ад 1898 года, але большасць японцаў яго не падтрымліваюць. Пра гэта паведамляе Hromadske.ua са спасылкай на Kyodo News.

26.06.2021 / 18:04

Калегія з 15 суддзяў (сярод іх — 13 мужчын, трэба адзначыць) адхіліла скаргу трох японскіх пар, якім адмовілі ў заключэнні шлюбу, калі будучыя муж і жонка вырашылі пакінуць свае прозвішчы, і пацвердзіла сілу аналагічнага рашэння 2015 года. У той жа час чацвёра суддзяў назвалі забарону неканстытуцыйнай (у 2015-м такіх было пяць).

Японія — адзіная краіна, якая абавязвае мець адно і тое ж прозвішча мужа і жонку. Гэта палажэнне было ўключана як артыкул 750 Грамадзянскага кодэкса ў рэдакцыі 1898 года.

Хоць у прынцыпе закон не дыктуе, чыё прозвішча павінна ўзяць пара, на практыцы больш 95% пар выбіраюць прозвішча мужа. Некаторыя жанчыны ў размовах з сябрамі і калегамі просяць называць сябе дзявочым прозвішчам, але не заўсёды да гэтага ставяцца ўхвальна.

Палажэнне аб абавязковых прозвішчах даўно крытыкуюць, называючы яго перажыткам мінулага (калі шлюб адбываўся паміж сем'ямі, а не паміж асобнымі людзьмі) і чарговым сведчаннем гендарнай няроўнасці. 

Спробаў аспрэчыць гэтае становішча таксама было па меншай меры некалькі. У 2015 годзе пяць жанчын падалі ў суд на ўрад, патрабуючы кампенсацыю за немагчымасць пакінуць дзявочае прозвішча ў шлюбе. Пазоў яны тады прайгралі.

Стаўленне японцаў да неабходнасці мець аднолькавыя прозвішчы ў шлюбе таксама мяняецца. Адно з апошніх апытанняў Kyodo News сярод трох тысяч людзей, старэйшых за 18 гадоў, паказаў, што амаль 60% з іх падтрымліваюць адмену гэтага правіла.

Nashaniva.com