Праект партала
Стасункі
05.06.2017 / 11:32
Фантастычна прыгожае вяселле сапраўдных беларусаў ФОТЫ89

Напрыканцы вясны піяр-менеджар Адар’я Яцэвіч і праграміст Павел Шут, вядомы як шэры кардынал «вышыванкавай рэвалюцыі», пабраліся шлюбам.

Да вяселля маладая пара рыхтавалася чатыры месяцы. Пра тое, што ўсё будзе з беларускім каларытам, ведалі адразу.

«Спачатку вызначыліся з сядзібай «Лясная паляна». Яна месціцца пасярод лесу, там вельмі душэўныя гаспадары, якія зрабілі ўсю гэтую прыгажосць сваімі рукамі. Адразу адчувалася асаблівая энергетыка і густ, мы не вагаліся, — распавядае Адар’я. — Пасля абралі вядоўцу Усевалада Сцебураку, які дапамог зарыентавацца ў асаблівасцях беларускіх вяселляў.

Нам не хацелася занадта традыцыйнага свята. Мы хацелі адысці ад стэрэатыпу, што вяселле па-беларуску — гэта вёска, гармонік, гарэлка ды сала. Апошняга ў нас, дарэчы, не было, бо мы не ямо мяса і не ўжываем алкаголь. Вяселле па-беларуску можа быць сучасным, мадэрновым. Беларускае не памерла, яно набыло новую форму — па-ранейшаму блізкую і прыемную воку».

Строі для маладых і іх бацькоў вырабіла беларуская дызайнерка Настасся Фальковіч. За аснову ўзялі тыя мадэлі, што Настасся распрацавала раней, а далей ужо гуляліся з дэталямі і колерамі.

«Я адмовілася ад ільну, бо нявеста я рухавая і непаседлівая, баялася хутка памяць сукенку, — тлумачыць Адар’я. — Арнамент абіралі разам з Настассяй, яна падказала, што вышывалі раней. Так на маім пасе з’явіліся традыцыйныя галубы, што сустракаюцца ў пацалунку. Паша прыдумляў дызайн сваёй вясельнай кашулі сам. І матэрыял, і арнамент — яго задума. Настасся з задавальненнем выканала такую замову. Татам кашулі набылі ў краме Honar.by, мятлікі для сяброў — у Ragna.by. Сяброўкі нявесты сукенкі ўзялі напракат у Настассі Фальковіч. Іншыя госці строі прадумвалі самі».

Што тычыцца вясельнага антуражу, то тут маладым дапамаглі бабуліны рэчы.

«Мы звярнуліся да дэкаратара і паказалі ўсе дзяругі, ручнікі і набажнікі, што бабуля са слязамі радасці зняла з гарышча для любімых унукаў, — дадае Павел. — Запрашэнні для гасцей друкавалі на бабуліным нябеленым ільне, яму год 50, не менш. Дэкаратарка Кацярына Мытнік спалучыла ўсё гэта ў аздабленні аркі, залы, сталоў. Мы прасілі нічога не набываць і па-максімуме выкарыстоўваць сваё. Ведаеце, у такіх рэчах — неверагодная энергетыка, з імі любое свята атрымаецца душэўным».

У запрашэнні на вяселле маладыя пісалі так: «Свята ладзіцца ў лесе. Ніякіх двух гарачых і доўгіх застолляў. Толькі простыя словы і простыя рэчы. Апранайцеся так, каб было зручна: джынсы і вышыванка будзе самае тое».

«Кожны зразумеў гэта па-свойму. І мы вельмі ўсцешаны, што сёння ў Беларусі можна знайсці шмат «смачных» у плане дызайну строяў, — распавядае Адар’я. — На свяце мы вучылі беларускія танцы з тэатрам «Фламея», скакалі пад песні гурту By Cry.

Замест напояў з крамы пілі бацькоўскі бярозавік і размаўлялі дзе на трасянцы, дзе на мове — як у каго атрымлівалася. Эмацыянальная прывязка беларусаў да беларускага — вельмі моцная. Такія рэчы торкаюць, як «моўны код» у «Мове» Марціновіча».

Настасся Роўда, фота Сяргея Піліповіча

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура