Праект партала
Дома
20.09.2017 / 10:11
Кава ад Шапэна, або Кававы лайфхак нашых продкаў — гэта трэба пакаштаваць8

Пра цікавы напой з унікальнымі якасцямі і гісторыяй піша чытачка Наталля Ружыцкая.

За смугою часу застаюцца не толькі гістарычныя падзеі, але і традыцыі, звычаі, рэцэпты страў ды напояў. Пані Глабалізацыя навязвае нам свае стандарты харчавання і дыктуе, што трэба піць ды есці. Але ж часам вельмі карысна зрабіць невялічкі экскурс у гастранамічнае мінулае, хай сабе і не надта далёкае.

Так, людзі сталага веку, напэўна, чулі пра смачную жалудовую каву. Хтосьці, можа, нават памятае яе вытанчаны арэхавы смак. Але для сучаснага пакалення гэта дакладна пусты гук. Тым не менш,

напой з жалудоў або проста жалудоўка зусім не выпадкова быў у пашане ў нашых продкаў на працягу многіх стагоддзяў. Дый што ў продкаў — сам Шапэн, па ўспамінах яго сучаснікаў, адносіўся да «żołędziówki» з вялікім піетэтам.

Людзі даўно заўважылі, што танізуючы напой з жалудоў станоўча ўплывае на здароўе, а сучасныя вучоныя высветлілі, што жалудоўка з’яўляецца крыніцай многіх вітамінаў і мінералаў ды і ўвогуле валодае ўнікальнымі якасцямі. Да прыкладу, жалудовая кава дапамагае не толькі адолець бранхіт і цыстыт, але і зніжае ўтрыманне цукру ў крыві, павышае імунітэт. У адрозненні ад традыцыйнай кавы, жалудоўка не вымывае з арганізму той жа магній, а, наадварот, забяспечвае ім спажыўца. У дадатак, адсутнасць кафеіну дазваляе частавацца гэтым напоем цяжарным жанчынам, дзецям і тым, каму па медыцынскіх паказаннях забаронена ўжываць звычайную каву. 

Адным словам, верасень — самы час, калі можна ісці не толькі ў грыбы, але і па жалуды. Вядома ж, трэба збіраць выключна здаровыя, не пашкоджаныя казуркамі жалудочкі. Ну а далей застанецца толькі ачысціць іх ад шкарлупінак, здрабніць у кавамолцы і абсмажыць атрыманую масу на патэльні. Заварваюць «жалудоўку» гэтак жа, як і звычайную каву. Для прыгатавання аднаго кубачка напою дастаткова адной-дзвюх чайных лыжак жалудовага парашку.

П’ецца такі напой з асалодай і цешыць не толькі страўнік, але і сэрца, бо ў ім гучыць сама Восень. Сумная, але надзвычай прыгожая, як і чароўныя накцюрны вялікага Шапэна.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура