Дадавайце ў свой спіс да прагляду!
У фільмах навучанне часцяком прыводзіць да такіх драматычных канфліктаў, што жыццёвыя нягоды пачынаюць здавацца трохі меншымі.
Мы схіляем галаву перад гэтай цяжкай і важнай прафесіяй і прапануем пяць фільмаў, што разглядаюць адукацыю пад рознымі вугламі.
Эліна — Нібыта мяне не было / Elina — Som om jag inte fanns
Клаус Хяро, 2002 год
Сярод празрыстых краявідаў паўночнай Швецыі 50-х гадоў у маленькай вёсцы жыве дзяўчынка, якая любіць блукаць па імшарах і згадваць памерлага бацьку.
У школе аўтарытарная фрэкен Хольм (адна з улюбёных актрыс Бергмана — Бібі Андэрсан) гатова мучыць дзяцей голадам, каб навучыць няўдзячных дзікуноў шведскай мове. Іх родная мова — саамская, аднак хоць нейкая магчымасць атрымаць на ёй адукацыю з’явілася толькі ў 2000 годзе. Так ці інакш, але настаўніца ўпэўненая, што робіць дзецям паслугу, а маленькая Эліна заступаецца за аднакласніка і пачынае маўклівы бунт. Праўда, Хяро невыпадкова лічыцца прыхільнікам паэтычнага кіно, і барацьба за ўласную годнасць — толькі адзін са складнікаў гэтай прыгожай, амаль казачнай гісторыі. Адзіны фільм са спіса, які, без сумневаў, можна раіць для сямейнага прагляду.
Алівія Кітэрыдж / Olive Kitteridge
Ліза Халадэнка, 2014 год
Алівія — з таго тыпу настаўніц, у якіх на ўроках заўсёды жалезная дысцыпліна, а адзнакі рэдка бываюць вышэйшымі за тройку. Да ўласнага сына яна яшчэ больш строгая, чым да вучняў, а валянцінку ад мужа выкідае ў сметніцу, не прачытаўшы.
Гэты міні-серыял паводле выдатнай кніжкі зусім не літаральная экранізацыя, а, хутчэй, своеасаблівы «Твін Пікс», толькі без містыкі. Але з такім жа правінцыяльным гарадком, дзе ўсё не так міла, як можа падацца на першы погляд, дзе кожны спрабуе выглядаць больш «нармальным», чым на самой справе.
Дарэчы, аператар Фрэдэрык Элмс працаваў у свой час разам з Лінчам, і цяпер па-майстэрску дапамагае распавесці гісторыю, што цягнецца цэлых 25 гадоў (і ўсяго толькі чатыры серыі). Яна складаецца з дробязяў, і маленькія чырвоныя рукавічкі тут значаць больш, чым, скажам, драконы ў іншым вядомым серыяле. А пражытае жыццё пакідае пасля сябе гаркавы прысмак і адчуванне, што ўсё было не дарма.
Лес для дрэваў / Der Wald vor lauter Bäumen
Марэн Адэ, 2003 год
Летась, пасля перамогі на Канскім фестывалі, Марэн Адэ нарэшце заўважыла шырокая публіка. Але ўсе яе моцныя бакі можна ацаніць яшчэ ў дэбютным фільме, знятым ашчадна і амаль у стылістыцы «хатняга відэа» ў той жа школе, дзе раней працавала маці рэжысёркі (яе бацька таксама быў настаўнікам). Гісторыя маладой выкладчыцы ў незнаёмым горадзе — гісторыя самоты. Сама Мэлані парушае ўсе магчымыя правілы, а калегі, суседзі і вучні не імкнуцца ўтрымаць яе ад імклівага руху ў нікуды.
Адэ не адводзіць камеру нават у самыя няёмкія моманты, але ўсё ж спачувае сваёй гераіні: бязлітасная яна толькі да абыякавасці.
Фінал можна прачытаць як перамогу гераіні, таму глядач можа выдыхнуць, хаця тое, што Адэ зняла свой фільм за мізэрны бюджэт і яшчэ падчас навучання ў кінашколе, напэўна, пазбавіла сну многіх іншых студэнтаў-рэжысёраў.
Грыгоры Козінцаў, Леанід Траўберг, 1931 год
«Адна! Адна!» — так інтэртытры гэтай стужкі перадаюць пачуцці маладой настаўніцы, што ўжо збіралася пабрацца шлюбам з каханым і застацца жыць у горадзе, але нечакана атрымала накіраванне на Алтай. Там яна мусіць змагацца з кулакамі, шаманам і рызыкуе загінуць, бо не ўсе тубыльцы рады прыходу школьнай адукацыі.
Не варта спісваць гэты фільм як чарговую прапаганду пра барацьбу добрага з лепшым. Такую і цяпер часта здымаюць на «Беларусьфільме»: нейкіх шэсць гадоў таму дзяржаўная кінастудыя выплюнула «На раздарожжы» Віталя Дудзіна, бесканфліктнае і хлуслівае кіно пра размеркаванне. У стужцы Козінцава і Траўберга ўражвае нават не столькі дзіўнае спалучэнне экзатызму і дакладнасці ў дэталях побыту, а праўдзівая механістычнасць улады. Дзяржава патрабуе ад грамадзян ахвяраваць усім асабістым, і хаця фармальна гераіня Алены Кузьміной сама вырашае, што не можа здрадзіць агульнай мары, ніякі шчаслівы фінал не сатрэ перажытага адчування вусцішы, падкрэсленага кантрапунктам музыкі Шастаковіча.
Маленькая настаўніца / Yi ge dou bu neng shao
Чжан Імоў, 1999 год
Добры ўзор двайных стандартаў Канскага фестывалю: фільм быў зняты з конкурсу ці то за пракітайскую, ці то за антыкітайскую пазіцыю. Быццам бы незаходнім рэжысёрам дазволена здымаць толькі прапаганду ці прыемныя казачкі для турыстаў.
Можа падацца, што завязка сюжэта ўзятая з дзіцячага мультфільма: 13-гадовая Вэй аказваецца часовай настаўніцай у кітайскай вёсачцы, а вучні перыядычна ўцякаюць на заробкі ў горад. І Вэй вымушаная спалучаць навучанне са спробамі ўтрымаць дзяцей на занятках. Але акцёры-непрафесіяналы выступаюць пад уласнымі імёнамі, у сваіх звыклых жыццёвых ролях, і ўсе гэтыя неверагодныя падзеі — частка наступстваў маштабнай рэформы адукацыі ў 1990 годзе.
Адсутнасць адназначнай палітычнай арыентацыі вынікае з жадання адначасова наблізіцца да рэальнасці і натхніць гледачоў. Невыпадкова кажуць, што фільм стаў асабліва папулярным сярод кітайскіх настаўнікаў. Нікому не хочацца верыць, што іх прафесія безнадзейная. У Чжана Імоў можна знайсці і парады па выкладанні, і крытыку адукацыйнай палітыкі, і нетрывіяльную рамантычную лінію, і надзею на лепшае. Гэта не ўзор афіцыёзнага кіно, а выхад за межы.
Максім Карпіцкі