З улікам апошніх гучных трагедый, звязаных з родамі дома (у выпадку з віцебскай маці — памерла дзіця, у Беразіне сканалі і дзеці, і парадзіха), гэтая тэма зноў вынесеная на грамадскае абмеркаванне.
Сёння ніхто не можа забараніць беларусцы нараджаць дома, аднак легальнымі лічацца выключна роды ў дзяржаўных радзільнях. У Палаце прадстаўнікоў прапанавалі змяніць такі вольны падыход і цалкам пазбавіць жанчын магчымасці нараджаць дома. Пра гэта, у прыватнасці, выказаўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Дашко. Калі забарона набудзе сілу, першы час змагацца з маці-парушальніцамі плануюць адміністрацыйнымі захадамі.
З улікам рэзанансу, мы папрасілі спецыялістаў з альтэрнатыўнымі меркаваннямі выказацца на гэты конт.
«Калі жанчына не паспявае даехаць да радзільні — гэта адно. У іншых выпадках я нікому не рэкамендую нараджаць дома.
Калі пры родах развіваецца вострая гіпаксія плода, то пяць хвілін могуць вырашыць усё — за гэты час ні да якой бальніцы маці не даедзе, нават калі пад пад’ездам будзе дзяжурыць машына. Калі ў маці адкрываецца крывацёк, ніякая акушэрка ў адзіночку з гэтым не справіцца. Удзел у ратаванні жыцця ў стацыянары прымаюць і акушэры, і рэаніматолагі. Кожныя дадатковыя рукі — гэта дадатковы шанец.
Калі ў жанчын, якія падтрымліваюць хатнія роды, усё прайшло добра, ім пашанцавала. Пра цяжкія выпадкі кабеты і іх акушэркі часцей за ўсё маўчаць. Мы ніколі не чуем гісторыі, калі нешта пайшло не так. Толькі калі не наступіла смерць, гэта складана хаваць.
Сёння адкрываюцца новыя палаты і цэлыя аддзяленні, умовы ў якіх набліжаныя да хатніх — робіцца ўсё магчымае, каб жанчына магла нараджаць у камфорце, з партнёрам, каб у яе быў выбар. Праблема ў тым, што будучыя маці часцяком лічаць, што лепш ведаюць, як трэба ўскрываць плодны пузыр, даваць лекі ці не. Але гэта не так: доктар куды больш дасведчаны, і ён прымае толькі неабходныя рашэнні.
Я лічу, што ўсё ж трэба думаць не толькі пра свой камфорт, але і пра наступствы рашэнняў: як гэта паўплывае на жанчыну і дзіця.
Нават поўная забарона хатніх родаў у якасці прафілактыкі выпадкаў, падобных да тых, што здарыліся ў Віцебску ці Беразіне, на дадзены момант была б не лішняй. Можа, калі-небудзь мы прыйдзем да таго, што ў нас спецыяльна будуць рыхтаваць акушэраў для працы дома, будуць створаныя іншыя ўмовы, але пакуль гэтага няма, правілы павінны аднолькава працаваць для ўсіх».
«Першынца я нараджала ў радзільні, а дваіх малодшых — дома, таму што не змагла дамовіцца на нармальныя ўмовы ў радзільні. Варта адзначыць, што па адукацыі з’яўляюся доктарам, і я дакладна ведаю: роды — гэта фізіялагічны працэс, не трэба ставіцца да гэтага, як да чагосьці страшнага.
Уявіце, колькі ў жанчын недаверу да медыцыны, раз яны абіраюць хатнія роды, замест таго каб звяртацца да спецыялістаў. І гэта праблема сістэмы аховы здароўя, а не жанчын.
Калі хатнія роды афіцыйна забароняць, а я захачу нараджаць яшчэ, я проста не буду рабіць гэта ў Беларусі. Абяру краіну, дзе можна спакойна зрабіць гэта з акушэркай: недалёка той жа Беласток. Усё, што застанецца жанчынам, якія не маюць такіх магчымасцяў, — збіраць водгукі пра мясцовых дактароў, шукаць акушэраў з мінімальным узроўнем агрэсіі.
На словах у нас усё вельмі прыгожа: існуюць і роды з партнёрам, і вертыкальныя. На справе ж з маці проста выціскаюць плод, не даюць нават абраць больш камфортную позу. Можа быць, стажыроўкі ў замежныя краіны дапамаглі б нашым дактарам: хай яны на свае вочы ўбачаць, як там арганізуюць хатнія роды, як акушэркі паводзяць сябе ў нестандартных сітуацыях. Ім патрэбны іншы жыццёвы досвед, каб змяніць свае адносіны да тэмы, бо цяпер у іх галаве толькі адзіная схема.
Забарона хатніх родаў будзе парушэннем правоў чалавека, жанчыны.
Я разумею медыкаў, якія напужаныя тым, што адбылося, але забарона — гэта дарэмная спроба кантролю. Ніякіх пазітыўных вынікаў з гэтага не будзе. Замест таго, каб вырашаць праблемы, мы зноў робім выгляд, што іх не існуе».
А што думаеце вы?
Чытайце таксама:
Кацярына Карпіцкая