Праект партала
Рост
05.11.2017 / 14:00
Феміністкі адказваюць Кулінковічу: «Чаму мы павінны змагацца за паніжэнне ў правах?»

Нядаўняе жорсткае выказванне музыкі, лідара гурта «Нейра Дзюбель» Аляксандра Кулінковіча наконт феміністак выклікала гарачае абмеркаванне ў сацсетках.

Калі коратка, то ён абвінавачваў феміністак у тым, што феміністкі змагаюцца не за роўныя правы, а за прывілеі для сябе. «Не мазгі павінны перамагаць, а першасныя палавыя прыкметы. Пароўну каб членаў і вагін», — не абіраў словы Аляксандр, адзначаючы, што менавіта мужчын у грамадстве дыскрымінуюць, аднак «яны маўчаць, бо так прынята».

Гэты рэзкі, з лексікай, як у пацаноў на раёне, пост праілюстраваў прорву непаразумення, якое працягвае існаваць паміж феміністкамі і тымі, хто іх погляды не падтрымлівае — мужчынамі, у першую чаргу.

Апошнія пагаджаліся з Кулінковічам і скардзіліся на свой лёс: у армію забіраюць толькі хлопчыкаў, быць мужнымі і маўчаць вучаць толькі іх, на пенсію пазней выходзім таксама мы, а крымінальны кодэкс больш жорсткі менавіта да мужчын. Акрамя гэтага, мужчынам няма дзе хавацца ад гвалту, а большасць і не адправіцца жаліцца на сэксуальныя дамаганні, бо мацней за гэта.

Цікава, што ў гэтай сітуацыі мужчыны заклікаюць звярнуць на гэта ўвагу, быццам жанчыны самі не бачаць усёй паўнаты карцінкі. Так, усе вышэй агучаныя праблемы існуюць. Аднак чаму феміністкі павінны змагацца за тое, каб усім было горш? Ці чаму яны павінны займацца прадстаўленнем мужчынскіх інтарэсаў? Менавіта гэтыя пытанні агучвалі жанчыны ў адказ на пост Кулінковіча.

Іх пазіцыю на гэты конт добра выказала Юлія Шарова, педагог і пісьменніца, якая цяпер працуе над раманам з феміністычнай праблематыкай:

Юлія Шарова.

«Феміністкам любяць закідваць з нагоды таго, што яны не змагаюцца:

А) за смяротную кару для жанчын;

Б) за прымусовую службу ў войску для жанчын;

В) за роўны ўзрост выхаду на пенсію.

Маўляў, хочаце толькі прывілеяў.

Але смяротная кара павінна быць адмененай для ўсіх, войска — пераведзенае на кантрактную аснову з допускам да службы для жанчын і з адкрыццём набору для жанчын на ўсіх спецыяльнасцях у Вайсковай акадэміі (сёння яна практычна закрытая для дзяўчат). Што да пенсіяў, то трэба змагацца за нармальную добраахвотную сістэму страхавання са стабільнымі пенсійнымі фондамі, а не за допуск да супольнага казана, адкуль можна сёрбаць чайнай лыжачкай. І адны феміністкі гэтую супольную праблему не вырашаць…».

Чамусьці да гэтага часу фемінізм успрымаецца як рух, які ставіць мэтай прыгнёт мужчын, аднак пачытайце яшчэ раз азначэнне — фемінізм — ён за роўныя правы. І тое, што мужчыны жывуць менш, а вымушаны працаваць больш, тое, што яны абавязаны губляць час у арміі, нават калі не хочуць і гэтак далей, з гэтым нельга мірыцца. Але прасіць жанчын змагацца за тое, каб ім было горш — гэта як спальваць дом суседзяў, таму што сёння згарэў твой — неяк неразумна і бессэнсоўна.

Nina.nn.by

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура