Пра гэта, дарэчы, музыкі намякаюць у сваім новым кліпе з вельмі святочнай і зімовай атмасферай «А дзе жывеш ты?»
Апошнія кадры кліпа.
Прыбаўленне ў зорнай пары, што скарала сёлета «Еўрабачанне» беларускамоўнай песняй і запомнілася прыгожым пацалункам пасля выступу на сцэне, чакаецца бліжэй да лета. Сын ці дачка — Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка пакуль не ведаюць. Але музыкі збіраюцца выхоўваць дзіця ў творчай атмасферы і браць з сабой на канцэрты ды рэпетыцыі.
Пра свае хваляванні перад нараджэннем дзіцяці Ксенія і Арцём распавялі ў інтэрв'ю «Камсамолцы».
КП: Імя прыдумалі ўжо?
Ксюша: Пакуль не, але гэта будзе сапраўды беларускае імя.
Арцём: Абсалютна дакладна дзіця будзе жыць з намі ў грымёрках і стане часткай нашай каманды. Для мяне вельмі важна, каб дзіця было самастойнае, каб яно жыло тут і цяпер разам з намі. А вучыцца мы яго аддамо ў беларускамоўную школу. Я сам вучыўся ў беларускамоўнай гімназіі. І калі праз час прыехаў дадому, з сумам даведаўся, што мая гімназія стала ўжо рускамоўнай. Бацькі баяцца аддаваць дзяцей на беларускую мову. Мне гэта дзіўна.
КП: Каго хочаце больш?
Ксюша: Гэта не мае значэння. Усё наша асяроддзе падзялілася прыкладна 50/50. Мне вельмі цікава ўжо даведацца, хто будзе, але Арцём не хоча забягаць наперад.
КП: Альбом «Адной дарогай» [гэта новы альбом музыкаў] вы пісалі, калі ўжо ведалі, што Ксюша цяжарная?
Ксюша: Калі мы яго пісалі з групай летам на хутары, пра цяжарнасць здагадвалася толькі я. А ў верасні, калі пісалі вакал у студыі, ужо ўсе ведалі, вядома. Гэты маленькі чалавек ужо шмат дзе пабываў з намі на гастролях. Я прыслухоўваюся да сваіх адчуванняў, яны настолькі незвычайныя, як быццам знаходжуся ў космасе. Усе думкі пра гэта. Асабліва, калі слухаеш песню, а дзіця дае пра сябе ведаць знутры, як быццам хоча паказаць, што яму падабаецца. Мне здаецца, ён ужо пазнае, калі спяваю я.
Nina.nn.by