Праект партала
Рост
11.12.2017 / 20:55
Уводзіны ў фемінізм на прыкладзе аднаго СКРЫНШОТА53

Гэта бан-палітыка і правілы суполкі «Фемінізм. Беларусь». Зірніце, за што карыстальнікі «Укантакце» могуць трапіць у няміласць адміністратараў.

Першае — сэксізм

Па-англійску — sexism, ад лацінскага sexus — пол

Паколькі гэты тэрмін апошнім часам ужываецца скрозь, збольшага ўжо зразумелы — дыскрымінацыя па палавой прыкмеце. Але трэба зазначыць, у кожнага сваё меркаванне наконт таго, што з’яўляецца, а што не з’яўляецца гэтай самай дыскрымінацыяй. Адзін бачыць сэксізм на рэкламным банеры, дзе на канапе мужчына сядзіць вышэй, а жанчына — ніжэй. Маўляў, дамінуе. А іншы не бачыць сэксізму ў тым, што ў Галівудзе мужчыны-зоркі зарабляюць удвая больш за жанчын.

Другое — мізагІнія

Ад старажытнагрэцкіх μῖσος — нянавісць і γυνή — жанчына

Калі казаць проста, то гэта агульная нянавісць да жанчын, пагарда, якая грунтуецца выключна на палавой прыкмеце. Калі хтосьці абвінавачвае ўсіх жанчын без разбору ў легкадумнасці, хітрасці, адсталасці і гэтак далей — гэта можна лічыць мізагініяй. Калі ж абвінавачванні тычацца нейкай канкрэтнай асобы, то гэта ўжо нічога агульнага з мізагініяй не мае.

Трэцяе — мудражаноцкасць

Устаноўкі для жанчын кшталту «будзь добрай гаспадыняй», «будзь сэксуальнай», «будзь сціплай», «будзь добрай маці», «будзь загадкавай», «будзь безабароннай», «будзь паслухмянай» і далей у тым жа духу — гэта і ёсць мудражаноцкасць. То бок стэрэатыпнае ўспрыманне «ідэальнай» жанчыны.

Чацвёртае — лукізм

Або па-англійску face fascism

Можа быць, вы заўважалі, што да людзей, знешнасць якіх лічыцца прыгожай, прывабнай, часам па-іншаму ставяцца, чым да тых, хто не ўпісваецца ў «стандарты», прыдуманыя грамадствам? Гэта і ёсць лукізм. Калі казаць проста — непраўдзівая, неадэкватная ацэнка чалавека, зробленая пад уплывам яго знешнасці.

Пятае — вікцімблэймінг

Ад лацінскага victima — ахвяра і англійскага blaming — вінаваціць

Калі ахвяру нападу, падману ці іншай непрыемнай сітуацыі лічаць у гэтым і вінаватай. Напрыклад, часта чуюць «сама вінаватая» ці «сам вінаваты» ахвяры сэксуальнага гвалту ці дамагальніцтваў. Асабліва жанчыны, якім выстаўляюць прэтэнзіі кшталту: не так апранулася, не так сябе паводзіла, не туды глядзела і гэтак далей.

Памятаеце гісторыю Дзіяны Шурыгінай, якую абмяркоўваў увесь расійскі інтэрнэт? Вось тут якраз пра гэта.

Шостае — слатшэймінг

Ад англійскага slut — шлюха і shame — ганьба

Калі прывабную, прыгожа апранутую дзяўчыну называюць распусніцай толькі таму, што яна сэксуальная ці любіць клубы і дыскатэкі. Прычым рэальная колькасць палавых партнёраў тут увогуле не мае значэння.

Сёмае — эйджызм

Па-англійску ageism, ад слова age — узрост

Гэта дыскрымінацыя па ўзросце. Прычым эйджызм можа распаўсюджвацца як на сацыяльныя сферы, так і на асабістыя. Найбольш церпяць ад гэтай дыскрымінацыі пажылыя людзі, але пачынаюць узнікаць непрыемныя сітуацыі найчасцей пасля 45 год.

Мы прывялі, ад якіх словаў паходзяць гэтыя паняцці, для таго, каб вы маглі прапанаваць беларускія аналагі. Ці ёсць у вас ідэі?

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура