Праект партала
Тое-сёе
16.12.2017 / 15:44
Ярмошына: Інстытут сям'і абясцэньваецца, і гэта перадпачатак канца свету51

Нязменная старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына дала вялікае інтэрв'ю газеце «Рэспубліка». Прыводзім яе выказванні пра стаўленне да жыцця.

Лідзія Ярмошына. Фота Сяргея Гудзіліна.

— На пасадзе старшыні ЦВК вы са снежня 1996 года. Як ацэніце гэты прамежак часу?

— Сама не заўважыла, як час прайшоў. Кажуць жа, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Мяне ў свой час прызначалі толькі выканаўцам абавязкаў старшыні ЦВК. Калегі, калі праводзілі ў Мінск, сукенку мне куплялі. Мая зарплата ў Бабруйскім гарвыканкаме тады была 30 даляраў у эквіваленце. І я, развітваючыся, прасіла нікому не аддаваць маё месца, бо была ўпэўненая, што хутка вярнуся. З'язджала на месяц, а аказалася, на 21 год.

Гэта зменены лёс: калі ты так рэзка і надоўга ўсё змяняеш, ты змяняеш усё сваё жыццё і становішся іншай асобай. Так, я хацела ў Мінск з пункту гледжання развіцця: хадзіць па тэатрах і музеях. Але па тэатрах не будзеш хадзіць кожны дзень. Рэдкія камандзіроўкі прыносілі мне больш задавальнення. Я ўвогуле вельмі люблю Бабруйск і сумую па ім. На жаль, апошнія два гады бываю там досыць рэдка.

Чытайце таксама: Гісторыя ўзлёту бабруйскай юрысткі Лідзіі Ярмошынай

— Прабачце за штамп, але вас называюць «жалезнай лэдзі». Пагодзіцеся?

— Гэта дакладна штамп, і ён не адпавядае рэчаіснасці. Усё не так. Я не ведаю, чаму чалавек, у якога ёсць стрыжань, абавязкова «жалезная лэдзі». Дзякуючы выхаванню, адукацыі, літаратуры ў мяне ёсць пэўныя погляды, прынцыпы, на аснове якіх я і жыву. Часцяком я больш паказваю жорсткасць, чым з'яўляюся такой на самой справе.

— Як вы ставіцеся да жанчын у палітыцы?

— А цяпер усё перакладаецца на жаночыя плечы. Нават арганізацыя выбараў паўсюдна ў свеце перакладаецца на іх. Вельмі доўга я была эксклюзівам: адзіная жанчына — старшыня ЦВК на блізкай прасторы. Цяпер у мяне ўжо ёсць калегі: старшыні ЦВК Літвы, Кыргызстана, Грузіі, Расіі, Малдовы. Доля жанчын у складах выбарчых камісій ужо больш за 80%. А гэта ж цяжкая і адказная праца, да таго ж часта не вельмі прыемная. Акрамя таго, мясцовы дэпутацкі корпус таксама трымаецца на жанчынах — настаўніках, дактарах, кіраўніках сельскіх выканкамаў. Мужчын вельмі мала, яны сыходзяць ад усяго, што прыносіць мала прыбытку. Там, дзе не плацяць грошы і трэба шмат працаваць, у асноўным жанчыны.

— Вы заўсёды выступаеце за традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Ці хвалюе вас, што сам інстытут сям'і сёння абясцэньваецца?

— Так, жудасна хвалюе. Гэта перадпачатак канца свету. Калі мы страцім у масавым маштабе традыцыйную сям'ю, мы страцім усё. Нездарма ж самая знакамітая праца Энгельса называецца «Паходжанне сям'і, прыватнай уласнасці і дзяржавы». Гэта аснова тэорыі дзяржавы і права, якую вывучае кожны юрыст на першым курсе. Менавіта сям'я як ячэйка стала правобразам дзяржаўнага ўтварэння. Калі мы губляем сям'ю, а мы губляем яе, мы можам страціць дзяржаву. А любая дзяржава, нават самая дрэнная, значна лепш, чым бездзяржаўе. Па-мойму, махноўшчына, пятлюраўшчына, тое, што адбываецца цяпер у Лівіі, — гэта і ёсць тыя прыклады поўнага краху, дзе страшна няшчасныя людзі і нічога нельга зрабіць.

Чытайце: Памёр сын Лідзіі Ярмошынай

— Жанчынам не прынята нагадваць пра ўзрост, але ў канцы студзеня вы адзначыце юбілей. Плануеце нешта загадзя?

— Вы ведаеце, я ніколі не стаўлюся з піетэтам ні да святаў, ні да юбілеяў, ні да ўшанавання, ні да ўзнагарод. Я згодна з Фаінай Ранеўскай, якая ўсе ордэны называла «пахавальнымі прыладамі». Галоўнае не колькасць ордэнаў і медалёў, а роля ў грамадстве. Чалавек сыдзе — а што ад яго застанецца? Толькі рабізна на вадзе? Вось гэта мае значэнне.

Дакладна такое ж стаўленне і да святаў. Напрыклад, Новы год для мяне ўсяго толькі дата ў календары. Ніякай містыкі накшталт «чырвонае не апранаць» або «курыцу на стол не ставіць». Звяртаць на гэта ўвагу — прыкмета маладосці. Дарослы чалавек лічыць гэта глупствам. Тое ж самае тычыцца і дня нараджэння. Я цяпер разумею, наколькі кароткае жыццё. Таму для мяне гэта толькі магчымасць сабрацца з сябрамі. Я цяпер выкарыстоўваю яе з любой нагоды.

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура