Праект партала
Рост
07.02.2018 / 15:55
Псіхолаг з Валожына робіць з мясцовых маладзёнаў з сіндромам Даўна мадэляў ФОТЫ11

Натхніўшыся прыкладам адной з самых вядомых мадэляў з сіндромам Даўна аўстралійкі Мадэлін Сцюарт, псіхолаг Алена Жданюк з Валожына захацела зрабіць нешта падобнае з нашымі беларускімі дзяўчатамі і запусціла ў родным горадзе праект «Асаблівая прыгажосць».

Алена Жданюк.

Алена Жданюк працуе псіхолагам у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі горада Валожына. Сярод яе падапечных — маладыя людзі з інваліднасцю, у тым ліку дзяўчаты і хлопцы з сіндромам Даўна. Ёсць у Алены і хобі: стварае сваімі рукамі ўпрыгожванні пад брэндам «Lenok Matylek». У нейкі момант яна прыдумала аб’яднаць працу з захапленнем і вырашыла, што было б здорава рэкламаваць аксэсуары на мадэлях з асаблівасцямі.

«Мне хочацца паламаць шаблоннае і нярэдка стэрэатыпнае ўяўленне пра прыгажосць», — дзеліцца дзяўчына сваёй мэтай. Да яе Алена падышла адказна і не проста адфатаграфавала ўпрыгожванні на дзяўчатах (пачала з вырабаў аўтарства Ксеніі Маеўскай), а зладзіла спецыяльны майстар-клас з першай беларускай мадэллю з ДЦП Ангелінай Уэльскай. Тая навучыла дзвюх першых удзельніц праекту «Асаблівая прыгажосць» трымацца перад камерай і пазіраваць.

Імі сталі Ганна Рай і Настасся Саўчук, якія прыехалі на фотасесію ў Мінск разам з матулямі і выдатна пазіравалі перад камерай. Хутка ў іх на руках будзе першая прафесійная фотасерыя.

Ганна Рай і Настасся Саўчук з Валожына пераймаюць досвед працы перад камерай у Ангеліны Уэльскай.

Творчы працэс.

Алена Жданюк хоча, каб да яе праекта далучыліся новыя ўдзельнікі і каб хаця б нехта з яе падапечных звязаў жыццё з мадэльным бізнэсам, натхніўшыся першым досведам працы перад камерай. А яшчэ — каб бацькі «асаблівых дзяцей» не саромеліся іх, не хавалі ад свету, а далі магчымасць быць яго часткай.

Алена (справа) верыць, што першая фотасесія для дзяўчат з Валожына — гэта толькі пачатак.

Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура