Парадамі, праверанымі сваім уласным досведам, дзеліцца вядомая гарадская агародніца Марыя Грыц.
Люты — самы чаканы месяц для агароднікаў. Можна нарэшце дастаць свае скарбы з пакецікамі насення, цыбулінамі, пачаць маляваць план пасадкі на градках і рабіць яшчэ багата чаго медытатыўна прыемнага.
Калі вы ў агародных справах пакуль не адчуваеце цвёрдай глебы пад нагамі, праглядзіце мае парады. Мажліва, мой уласны досвед зберажэ ваш час і нервы.
Для мяне крама з насеннем, як тое казіно: спыніцца, пакуль ёсць грошы, дужа складана. Бо малюнкі на пачках такія… ммм… мара!
Таму для выратавання бюджэту сям’і заклікаю: пачынайце планаваць пакупкі дома. Сама я планаваць ненавіджу, таму ператварыла гэты працэс у гадзінку малявання. Намалюйце план свайго участка зразумелых вам прапорцый ці проста на вока, а потым акварэллю пазначце, дзе што будзе расці. Нават рознакаляровыя кропачкі будуць дарэчы. Тут галоўнае — вызначыцца, колькі і чаго трэба садзіць.
Нейкага ўніверсальнага спосабу планавання ўчасткаў няма, таму сыходзьце з асноўных паказчыкаў: на якім баку ад дома градкі, колькі сонца трапляе цягам дня, ці будзе мажлівасць часта паліваць агарод і якая там глеба. Майце на ўвазе, што памідоры любяць сонца, перцы добра растуць у суглінку, а для кабачкоў рай — кампоставая купа.
Падумайце і пра тое, ці патрэбныя вам розныя гатункі. Іх дужа багата, то вызначыцеся загадзя. Можна абраць тры розныя па часе саспявання гуркі і наразаць свежыя салаты цягам усяго лета. А можна выбраць адзін від на закатку і паесці. Пачаткоўцам раю абмежавацца двума гатункамі адной расліны, каб не заблытацца і ўсё паспець.
Набывайце насенне ў крамах і ў прыстойных кампаній, калі хочаце атрымаць ураджай. А калі ў вас прыступ дабрачыннасці, і вы не ведаеце, каму ахвяраваць, то бярыце насенне з рук. Яно невядома дзе і як захоўвалася, таму не факт, што семкі праклюнуцца і што будзе менавіта тая расліна з малюнка. У мяне так аднойчы быў поўны парнік чорных перцаў і агіднага колеру аджыка. Затое дала грошы нейкаму «добраму» чалавеку.
Не варта баяцца зніжак і акцый. Натуральна, у сезон попыт на насенне вялікі, але наша надвор’е такое непрадказальнае, што можна дазволіць сабе крыху рызыкі. Я восенню набыла чароўныя цыбуліны цюльпанаў на распродажы і пасадзіла іх у снежні. А што? Снегу ж не было. Але такая авантура прымальная, калі астатні матэрыял для пасадкі годны.
У першую чаргу звярніце ўвагу на інфармацыю з адваротнага боку пакунку. Там ёсць тэрмін прыдатнасці, рэкамендацыі па часу пасадкі, адлегласці паміж кустамі і памеру дарослай расліны (яна можа быць ненатуральна здаравеннай ці шырачэннай). Каб не выходзіць у агарод з мачэтэ, не ігнаруйце гэтыя парады.
Лепей набываць насенне штогод, каб мець свежы пасадачны матэрыял. Збіраць яго самастойна — занятак для моцных духам. Тым больш, што з гібрыдаў (F1 на пачцы) такі ж самы гібрыд не вырасце.
Дражыраванае насенне мае адмысловую абалонку з карысных рэчываў, чым нагадвае цукеркі. Магу іх параіць для морквы, бо яна дробная, і раўнамерна пасеяць даволі складана. Салату можна браць звычайную, а пятрушка ўвогуле расце паўсюль, дзе нізка і вільготна, таму можаце не замарочвацца.
Калі ведаеце памер участка і паглядзелі адлегласць паміж кустамі на пачку, то вы на шляху да поспеху, бо можаце прыкінуць, колькі высадкаў будзе дастаткова.
Але зірнём праўдзе ў вочы: менш за пакецік насення вы не набудзеце, а больш за два вам дакладна не трэба, калі вы маеце агарод, а не ўласны СПК.
Табліцы ўсходжасці насення — даволі прыкладная штука. Прарасце дакладна больш за палову пакета, то можаце прыкладна разлічыць, ці вам досыць.
Запас бяды не чыніць. Калі з дзесяці высадкаў адзін зломіцца, адзін з’есць кот, а адзін проста перадумае расці далей, то гэта не трагедыя. Проста трымайце такую імавернасць у галаве.
Для перцаў у парніку высаджваць насенне ўжо зусім час. І для кедраў з арэшкаў (ну, раптам). Для адкрытых градак з перцам можаце яшчэ пачакаць да пачатка сакавіка. Для памідораў нармальны тэрмін — сярэдзіна сакавіка, а за гуркі бярыцеся ў красавіку, калі для цяпліцы, ці ў маі, калі высадзіце потым у адкрытую глебу. Апошняе пасуе гарбузам, кабачкам, кавунам і дыням. Гэтых паноў варта перасаджваць, калі ёсць другі лісточак і троху бачна трэці.
Гэтая інфармацыя пазначаная на пачку для кожнага гатунку. Проста рабіце ўсё паводле інструкцыі. Жбанкі могуць быць любыя: стаканы з-пад смятаны, адмысловая тара ці нават пакет. Абы не было суха ці зашмат вільгаці.
Спадзяюся, вы назапасілі марганцоўкі да таго, як яе прыбралі з продажу. Калі не, то яе раствор можаце замяніць слабым саляным. У яго засыпаеце насенне і пакідаеце на гадзіну. Бобінкі, што не апалі на дно, можна выкінуць.
Мая бабуля прарошчвала семкі спачатку ў анучцы да першых прыкмет жыцця, а потым пераносіла іх у зямлю.
Гэта заданне з зорачкай для тых, хто любіць вазіцца. Калі вы не такі, то перакладзіце насеннечкі з донца, дзе вы іх замочвалі, у агульную невялікую скрынку з вільготнай глебай.
Насенне не варта высейваць густа, бо расліны ў гэтым выпадку моцна выцягнуцца, будуць тонкімі, сплятуцца між сабой. Гэта ўскладніць працэс пікіроўкі. У дадатак загушчаныя расліны часта захворваюць на чорную ножку. Улічвайце, што чым радзей пасеянае насенне, тым больш вольна будуць сябе адчуваць расліны і тым больш моцнымі, прысадзістымі і здаровымі яны будуць. Пікіраваць іх — суцэльнае задавальненне.
То бок чым больш лёгкая і пажыўныя глеба, чым радзей пасеў, тым больш здаровая расада. Але што рабіць, калі хвароба ўсё ж такі напаткала яе?
Чорная ножка — вельмі частае захворванне расады. Ачаг, што ўзнік у адным месцы, хутка распаўсюджваецца ва ўсе бакі. Калі так здарылася, зямлю паліваюць цёмным растворам марганцоўкі. Калі гэта не дапамагае, расліны тэрмінова перасаджваюць у новую зямлю. Іх вымаюць са старой, прамываюць пад кранам і апускаюць у місачку з ружовым растворам марганцоўкі. У гэты час рыхтуюць ёмістасць з новай зямлёй. Пажадана дадаць у яе драўняны вугаль, а ўжо потым перасаджваць туды расліны.
Праз некалькі дзён з’явяцца першыя зялёныя каліўцы. Цяпер бачна, колькі ў вас высадкаў. Калі мала — паўтарыце аперацыю. Розніца ў тры-чатыры дні не лёсавызначальная.
Глебагрунт — важны элемент у сістэме вырошчвання раслін, ён спрыяе як росту і развіццю пладова-агароднінных культур, так і паспяховай адаптацыі іх на новым месцы пасля перасадкі. А па выніку — багатаму ўраджаю.
Глебу лепей браць чарназёмную і змешваць з пяском. Але прадаюцца і спецыяльныя пакеты зямлі для расады — гэта ідэальны варыянт.
Практычна ўсе глебагрунты звычайна складаюцца з верхавога торфу з пяском, мінеральных угнаенняў. Калі казаць пра грунты «Гаспадар», то ў іх — сумесь верхавых і нізінных торфаў рознай ступені раскладання, дзе ёсць усе неабходныя раслінам пажыўныя элементы.
У ідэале для кожнай культуры патрэбны субстрат, што супадае з яе асаблівасцямі. Для агароднінных, напрыклад, утрыманне асноўных элементаў сілкавання (азоту/фосфару/калію) у субстратах не павінна быць ніжэйшым за 120/50/200 мг/л адпаведна. Для расады таматаў аптымальнае ўтрыманне азоту — 170—190 мг/л, фосфару — 160—200 мг/л, калію — 350—400 мг/л.
Часам глебагрунты прапануюць прапякаць у духоўках, прапарваць у друшляку… Але гэта ўсё лухта. Пасля такіх махінацый пры пакаёвай тэмпературы мікраарганізмы, якія ўжо загінулі, пачынаюць раскладацца і атручваюць гэтым субстрат. Па выніку такі грунт можа зарасці цвіллю, а хваробатворныя бактэрыі ў ім папросту заглушаць карысныя.
Паколькі ў аснове глебагрунтаў — торф, у якога ёсць асаблівасць убіраць шмат вады, то верхні пласт застаецца сухім, але ўнутры ўтвараецца вільготнае асяроддзе. Калі не ўлічваць гэтую акалічнасць, расліна можа загінуць праз празмернасць вільгаці.
Як высадкі выпусцяць два-тры лісты, можаце іх раздзяліць па розных скрынках, з якіх потым ужо перанесяце на градку. То глебы мае быць паболей, недзе паўлітра. Арыентуйцеся па аб’ёму на пластыкавы стакан для піва.
НЕ ЗАБУДЗЬЦЕ ПАДПІСАЦЬ! Калі ў вас адной расліны два і больш гатункі — падпішыце ці наляпіце цэтлік. Праз час скрынкі пераблытаюцца, і вы забудзеце, што дзе.
Пасля перасадкі святло і вільгаць стануць вельмі істотнымі для маленькіх раслінак. У Беларусі вясной сонца — як дар, то перастрахуйцеся і набудзьце фіталямпу. Сёння ёсць розныя, але больш за 30 рублёў для аматарскага агарода аддаваць не варта. І не, яны не радыеактыўныя, не выклікаюць рак і мігрэні, ад іх не з’яўляюцца прывіды, а вочы псуюць, толькі калі на іх дужа доўга глядзець.
Будзеце ісці вечарам праз спальны раён, паглядзіце на вокны. Калі ў кватэры гарыць ружовае святло — там жыве агароднік.
Дык вось, высадкі збярыце на падаконні, па мажлівасці пастаўце над імі лямпу і сачыце, каб не перасыхаў ком глебы.
Калі на вуліцы днём будзе плюсавая тэмпература, можаце выносіць калівы на балкон ці адчыняць акно. Іх варта гартаваць, каб пазбегнуць хвароб і доўгага прыжывання на градцы. Спачатку паветраныя ванны маюць быць кароткімі — гадзіна-дзве. Паступова павялічвайце іх да поўнага светлавога дня (для балкона, натуральна). Перад працай выносьце іх з хаты, а пасля працы — забірайце дамоў.
На пачку напісана, калі лепей высаджваць расліны. Але глядзіце па сітуацыі: калі будзе снег напрыканцы мая (як летась), то лепей пачакаць пару дзён, чым глядзець на замёрзлыя і счарнелыя высадкі.
Галоўнае правіла — не ратуйце яе. Калі бачыце, што нешта хоча засохнуць, нешта крывое ці хілае — пакіньце на літасць лёсу. Бо разам з жаданнем даць шанец кволаму высадку, вы можаце прынесці ў свой агарод хваробы і паразітаў.
Па-другое, не бярыце самыя вялікія і самыя малыя высадкі. У расліны павінна быць моцнае сцябло і сакавітыя лісты. Тонкія і высокія вам не трэба, бо ім будзе цяжка нагнаць бракаванне святла ці карысных рэчываў.
Набывайце высадкі ў краме ці пітомніку. Каб было хоць з кім паскандаліць, калі раптам што. Я з базарнай трускалкай прынесла ў двор мучністую расу і забаўлялася палову лета з гэтай заразай. А дзе ты тую прадавачку знойдзеш…
Не палянуйцеся загугліць гатунак, калі бачыце яго высадак, ды пачытаць характарыстыкі. Ці спытайцеся ў прадаўца, яны ведаюць куды больш, чым падаецца.
Хай сёлета сонейка і дожджык будуць на вашым баку, а ўраджаю хопіць і падзівіцца, і пачаставаць блізкіх, і самім паесці. А каб было лягчэй зберагчы ўраджай ад усялякіх напасцяў — звярніце ўвагу на адмысловыя сродкі.
Адно з самых небяспечных захворванняў, якое можа цалкам знішчыць расаду і надзеі дачніка на добры ўраджай — гэта чорная ножка (гнілата каранёвай шыйкі) і каранёвыя гнілі.
Гэтыя хваробы тыповыя для пакаёвых раслін і расады.
Гэтак жа сур’ёзная пагроза для расады і пакаёвых раслін — павуцінны клешч, трыпс тытунёвы і цяплічная белакрылка.
У той жа час выкарыстоўваць хімічныя фунгіцыды і інсектыцыды ў кватэры ці доме катэгарычна нельга, бо гэта можа сур’ёзна адбіцца на здароўі чалавека.
Выхадам можа стаць біяпрэпарат на аснове алею нім «Захоўваючы Ураджай». У яго аснове — алей халоднага адціскання з пладоў і насення дрэва нім (азадзірахты індыйскай), таму ён можа бяспечна выкарыстоўвацца дома без шкоды для людзей.
Біяпрэпарат эфектыўна абараняе кветкавыя, пакаёвыя, гаршковыя і дэкаратыўныя расліны абароненага грунту ад павуціння кляшча, тытунёвага трыпса, цяплічнай белакрылкі і чорнай ножкі (гнілаты каранёвай шыйкі).
Таксама эфектыўны біяпрэпарат і ў разгар дачнага сезону на агароднінных, пладовых і ягадных культурах, ён засцерагае ад шкоднікаў і хвароб.
Агуркі — ад сопкай расы і антракноза, таматы — ад шэрай гнілі і бурай плямістасці, а тое і другое разам — ад цяплічнай белакрылкі і тытунёвага трыпса.
Агароднінныя культуры — ад капустнай тлі і молі, ілжывай сопкай расы, слізістага бактэрыёзу.
Пладовыя культуры — ад тлі, кляшчоў.
Ягадныя культуры — ад тлі, кляшчоў, галіцы.
Перавага гэтага біяпрэпарату ў тым, што гародніну і садавіну можна ўжываць у ежу ўжо на наступны дзень пасля апрацоўкі, папярэдне вымыўшы прадукты.
Перавагі біяпрэпаратаў:
- Высокая эфектыўнасць у барацьбе з шматлікімі шкоднымі насякомымі і хваробамі раслін пры правільным выкарыстанні,
- Вырашэнне праблемы ўстойлівасці шкоднікаў і хвароб раслін да хімічных пестыцыдаў,
- Магчымасць праводзіць апрацоўку ў час паспявання пладоў, незадоўга да збору ўраджаю,
- Бяспечнасць для чалавека, рыб і пчол (зноў жа, пры правільным выкарыстанні),
Біяпрэпарат прайшоў усе неабходныя дзяржаўныя выпрабаванні, у тым ліку даследаванне на таксічнасць і эфектыўнасць.
ПУП «ТехноМаринМаркет» УНП 190601272
Nina.nn.by