Праект партала
Густ
13.03.2018 / 11:53
«Я не дурнічка, слова «шуба» ў гэтай песні гучыць смачна і лагічна» — КЛІП новага гурта Shuga па-беларуску16

Першая дзёрзкая поп-песня гурта Shuga пра дзікую любоў да футра выйшла па-беларуску. Марына Шугава разлічвала гэтым здзівіць публіку і паказаць, што можна і нават трэба спяваць па-беларуску.

«Калі я вучылася ў школе, беларуская мова была не вельмі папулярнай, хоць яна, безумоўна, прыгожая. Я спявала ў дзяцінстве, брала ўдзел у розных конкурсах, дзе песні на беларускай мове часцяком былі абавязковым этапам, — распавядае Марына. — Мне дагэтуль шалёна падабаецца беларуская мова, я лічу яе неймаверна пяшчотнай, ласкавай. Я абажаю калыханкі па-беларуску. Але ёсць такая заштампаванасць у нас у краіне.

Калі казаць пра беларускамоўную музыку, то часцей за ўсё гэта лірычныя песні ці пра каханне, ці пра прыроду. Гэта, канечне, не да ўсёй музыкі і не да ўсіх выканаўцаў адносіцца, але калі казаць пра беларускамоўную песню, то мне найперш уяўляецца дзяўчына з доўгай касой. Праваруч — возера ці рэчка, леваруч — лес. І яшчэ ў небе журавель. Гэта такі штамп, клішэ. І мне б хацелася, уласна, мы гэта і робім, паказаць беларускую мову як тую, на якой можна размаўляць, можна спяваць, калі ўжо мы не размаўляем.

У прыватнасці, і я сама. На жаль, у мяне не была настолькі добрая адукацыя, каб я магла свабодна размаўляць, але мову я цудоўна разумею і магу на ёй спяваць. Мне б хацелася, каб як мінімум мова не памерла. І каб яе не лічылі чымсьці нецікавым ці нетрэндавым. Я б хацела, каб беларусы ўспрымалі беларускую мову як сваю родную, як любы народ успрымае сваю. У нас мовы дзве, але было б добра, каб людзі хаця б часткова размаўлялі па-беларуску. Было б добра, каб людзі лепш за мяне гаварылі па-беларуску. Гэта было б цудоўна!»

Гурт Shuga выпусціў толькі першую песню, але ўжо сутыкнуўся з крытыкай і прыдзіркамі — не да музыкі, а да мовы.

«Да прыкладу, пісалі, што «шуба» па-беларуску — гэта футра. Мы гэта ведалі, канечне ж. Ведалі да таго, як запісалі песню. Чаму так строга ў нас да гэтага ставяцца? Я крыху не разумею. Калі браць англамоўныя, рускамоўныя песні, то ў іх вельмі шмат запазычаных слоў. Чаму, зноў жа, не прыдраліся да слоў «оў ноў»? Яны ўвогуле англійскія. Чаму не напісалі, што мы мусілі спець «о не»? Хацелася б, каб людзі ставіліся больш лаяльна. Я музыка, і я не дурнічка. Я раблю штосьці дзеля чагосьці. І слова «шуба» ў гэтай песні гучыць смачна і лагічна. Таму мы яго і выкарыстоўвалі», — тлумачыць салістка.

Цяпер гурт рыхтуецца здзіўляць публіку новым трэкам. Калі першы атрымаўся гумарна-дзёрзкім, то наступны будзе яшчэ больш задзірлівы і правакацыйны. І ўжо па-руску.

«Чаму? Мы не ўбачылі рэальнага актыўнага ўспрыняцця людзьмі беларускай мовы ў новым гучанні. Для таго, каб папулярызаваць гэта, трэба нечага дасягнуць. У нашай краіне людзі, якія робяць штосьці тут і толькі тут, становяцца кімсьці праз вельмі доўгі перыяд. Мы хочам заваяваць публіку суседніх краін, каб далей рабіць тое, што мы хочам. Цяпер мы робім рэальна камерцыйны трэк, і будзем глядзець, што ідзе лепш і куды рухацца. Але я хачу дадаць: мы робім тое, што ў першую чаргу нам шалёна падабаецца», — кажа Марына. А яна любіць эксперыменты і не любіць правілы, менавіта таму яе заўсёды цягнула да сучасных накірункаў, а не класікі.

Марына ў свой час скончыла музвучэльню імя Глінкі па класе «харавое дырыжыраванне», а потым — Інстытут культуры па класе «эстрадны вакал». Цяпер працуе настаўніцай вакалу і грае ў мюзікле Кіма Брэйтбурга «Казанова».

«Першая песня не паказальная, мы будзем спрабаваць і іншае, — дадае Марына. — Я люблю розную музыку. У мяне ў плэйлісце поўны разлад: ад Сціві Уандэра і Уітні Х’юстан да «Грыбоў». Дарэчы, ёсць нават Face, але гэта чыста так, каб разумець, што цяпер падабаецца моладзі. А нядаўна з'явіліся і цікавыя беларускія праекты».

Што тычыцца далёкай перспектывы, то Марына не супраць паспрабаваць выконваць і штосьці больш драматычнае.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура